Хто з астраўчан будзе гуляць за «Дынама-Брэст»

16:49 / 16.01.2020
Юныя астраўчане Давід Страцэўскі і Захар Пільвінскі толькі пачынаюць няпросты шлях да ажыццяўлення сваёй мары. Але першы важны крок яны ўжо зрабілі: прайшлі адбор і цяпер займаюцца ў філіяле футбольнай акадэміі «Дынама-Брэст». 

Акадэмія футбола «Дынама-Брэст» – «дзіця» дзеючага чэмпіёна Беларусі ФК «Дынама-Брэст», якое адказвае за падрыхтоўку маладога папаўнення каманды. За час існавання кузня кадраў футбалістаў адкрыла два філіялы: у Александрыі Магілёўскай вобласці і ў Ашмянах, які атрымаў назву «Паўночна-Заходні». Тут вучацца падрастаючыя мэсі і раналда з розных рэгіёнаў Беларусі. Сярод іх – і двое выхаванцаў трэнера футбольнага гуртка Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Андрэя Страцэўскага. (Дарэчы, адзін з яго вучняў – Іван Грыцкевіч, пра якога «раёнка» расказвала раней, працягвае гуляць у юнацкай камандзе «Дынама-Мінск». – Заўв. аўт.)

– «Дынама-Брэст» – элітны беларускі клуб, які ўпершыню за столькі гадоў здолеў выхапіць пальму першынства ў БАТЭ і стаў чэмпіёнам Беларусі, – расказвае Андрэй Казіміравіч. – Таму як толькі я даведаўся, што ў Ашмянах адкрыецца філіял акадэміі гэтай каманды, пачаў прыкідваць, хто з маіх падапечных можа туды трапіць – упусціць такую магчымасць было б недаравальна. Адбор праходзіў у канцы верасня. Удзельнікаў падзялілі на каманды, трэнеры назіралі за іх гульнёй і налічвалі балы – хто атрымліваў больш пяці, праходзіў у футбольную акадэмію. 

1.jpg



Чацвёра юных астраўчан спрабавалі сілы падчас адбору, але прайшло толькі двое. Як прызнаецца трэнер, наконт Давіда Страцэўскага і Захара Пільвінскага ён не сумняваўся – хлопчыкі займаюцца ў яго не першы год і сапраўды «хварэюць» футболам.

– Для іх самы час выходзіць на больш высокі ўзровень, – падкрэсліў Андрэй Казі­­міравіч. – У акадэміі «Дынама-Брэст» ство­раны цудоўныя ўмовы для спартыў­нага развіцця. Навучанне – бясплатнае, як і забеспячэнне ўсім неабходным: жыллё, харчаванне, вопратка, абутак. А галоўнае – дзеці будуць прафесійна займацца футболам. 

Ужо два месяцы нашы землякі зай­маюцца ў «Паўночна-Заходнім» філіяле футбольнай акадэміі. Як праходзяць іх будні і чым захапляе гульня – сваімі ўражаннямі юныя спартсмены падзяліліся з «раёнкай».

2.jpg



– Вам падабаецца ў футбольнай акадэміі? Не сумуеце?

Давід: Канешне, падабаецца! Там цікава: новыя трэнеры, знаёмствы, сябры. Дык  Ашмяны ж недалёка ад Астраўца – усяго 20 кіламетраў. А з намі вучацца хлопцы з Віцебска, Барысава, Полацка – ім дадому куды далей. 

Захар: Сумаваць няма калі: зранку ў школу, затым на трэніроўку, а вечарам стасункі з сябрамі – так дні і праходзяць. А з роднымі заўсёды па мабільніку можна паразмаўляць.

– Чаму менавіта футбол?

Давід: Усё проста: тата трэнер па футболе. Ён з дзяцінства захапіўся гэтай гульнёй – і мяне з маленства падсадзіў на яе. 

Захар: А мяне тата хацеў аддаць на лёгкую атлетыку, а я заўпарціўся і выбраў футбол. Чаму? Не ведаю, падабаецца – і ўсё тут.

– Любімы ігрок і каманда?

Давід: Крышціану Раналду і «Манчэстар Сіці».

Захар: Раберта Ферміна і каманда, за якую ён гуляе – «Ліверпуль».

– А «Дынама-Брэст» няўжо не падабаецца?

(Хорам) Канешне, падабаецца! Мы думалі, вы пра замежныя клубы пытаеце. 

– Прадоўжыце фразу: «Я займаюся ў футбольнай акадэміі, каб…» 

Давід: Стаць вядомым прафесійным футбалістам. 

Захар: Навучыцца добра гуляць у футбол і мной ганарыліся бацькі. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Марина Мацкевич