В Островце выбрали самого веселого и креативного сказочного героя

11:00 / 11.12.2019

Новы год да нас імчыць – гэтая радасная навіна далятае да нас з усіх дынамікаў, навушнікаў, тэлевізараў і радыёпрыёмнікаў.

А ці гатовы мы да яго сустрэчы? Ці справіцца з усімі просьбамі-марамі адзін Дзед Мароз, нават калі дапамагаць яму будзе Снягурка? «Мусіць, цяжкавата будзе,» – падумалі ў сектары культуры райвыканкама і арганізавалі конкурс казачных персанажаў, каб праверыць, ці дастаткова ў іх арсенале навагодняга ўзбраення – усмешак, жартаў, гульняў, загадак, ці здолеюць яны стварыць добры настрой юным і дарослым астраўчанам.

«Ёсць стаць у строй памагатых Дзеда Мароза!» – адрапартавалі Снегавік з Кямелішкаўскага НПК, Ёлачка з дзіцячага ясляў-сада №3, Шапакляк з СШ №2, Лясун і Кікімара з РУП ЖКГ, Бяспечны Дзед Мароз з РАНС, Грошык з Беларусбанка, Мікі- і Міні-Маусы з Варнянскага НПК і Спартыўная Мышка з ясляў-сада №1, а таксама Спадарыня Мяцеліца з Варнянскага, Ліса Аліса і Кот Базіліа з Мальскага, Вясёлыя Мышаняты з Кямелішкаўскага, Баба Яга з Міхалішкаўскага аддзелаў культуры і адпачынку. (Мяркуючы па геаграфіі казачных персанажаў і прадстаўленых імі ўстановах і арганізацыях, сумна падчас святкавання Новага году не будзе нідзе і нікому!)

1.jpg

2.jpg

10.jpg

5.jpg


А вось хто з іх самы вясёлы і крэатыўны, хто можа завесці аўдыторыю і трымаць яе, павінна было вызначыць журы на чале з загадчыкам сектара ідэалагічнай работы райвыканкама Сяргеем Собалевым.

6.jpg

Забягаючы наперад, мушу сказаць, што суддзям таксама давялося папрацаваць, і не толькі выстаўляючы ды падлічваючы балы: яны і загадкі разгадвалі, і карагоды вадзілі, і на сцэне барыню ды танга з мятлой вытанцоўвалі – словам, рабілі ўсё, што ад іх патрабавалі канкурсанты!

Хоць найбольш, канешне ж, стараліся дапамагчы сваім любімым казачным героям дзеці! Іх не трэба было два разы запрашаць да ўдзелу ў конкурсе ці флэшмобе. Ды што там – не хапала месцаў для ўсіх жадаючых пазмагацца за званне лепшага грызуна, на які запрасілі Вясёлыя Мышкі ці разгадаць зачараванае слова з Бяспечным Дзедам Марозам. Яны дапамагалі Лісе Алісе, якая перад Новым годам раптам стала добрай, знайсці Ката Базіліа, які ўкраў у Бураціны залаты ключык. Шукалі разам з сімпатычнай бабуляй Шапакляк яе любімую Ларыску і пераконвалі старую, што ў Новы год, ды і ўвогуле, нельга рабіць дрэнных спраў. Дэманстравалі Грошыку фінансавыя веды, гулялі ў сняжкі са Спадарыняй Мяцеліцай, спявалі, танцавалі, вадзілі карагоды – і стараліся дапамагчы кожнаму з ўдзельнікаў конкурсу стаць пераможцам!

11.jpg

4.jpg


Уласна кажучы, усе і сталі: кожны з казачных персанажаў атрымаў дыплом удзельніка і падарунак ад аднаго з арганізатараў – райкама БРСМ. Але журы – не было б то журы! – усё ж вызначыла самых, на іх думку, лепшых.

Самы пераканаўчы і цэласны вобраз атрымаўся ў міхалішкаўскай Бабы-Ягі; лепшая група падтрымкі была ў Спартыўнай Мышкі; самую цікавую гульнявую праграму падрыхтаваў Бяспечны Дзед Мароз, а самы прыгожы касцюм для спаткання са сваёй какетлівай сяброўкай Міні-Маус зрабіў закаханы Мікі-Маус.

3.jpg

7.jpg

8.jpg

А самым-самым лепшым ва ўсіх адносінах журы аднагалосна прызнала казачны дуэт Лесуна і Кікімары, у якога было ўсяго даволі: жарты дасціпныя, з мясцовага побыту ўзятыя, касцюмы прыгожыя, ад леса-балотных куцюр’е, гульнявая праграма завадная… Ну не знайшло да чаго прычапіцца журы – і аддало Гран-пры абаяльным камунгасаўскім Лесуну ды Кікімары.

9.jpg


Усе казачныя персанажы прадэманстравалі свае таленты і атрымалі ўзнагароды… А цяпер для іх пачынаецца напружаная навагодняя праца: трэба кожны дзень дарыць казку дзецям і дарослым! І пачалі яны рабіць гэта ўжо на цырымоніі ўрачыстага запальвання галоўнай гарадской ёлкі.

Текст: Нина Рыбик