У якіх сетках жывуць астраўчане

08:31 / 22.11.2019
«Рэпост», «дызлайк», «ІМХО» – гэтыя словы даўно не выклікаюць здзіўлення, а інтэрнэт стаў часткай нашага жыцця.
 
Ці карыстаюцца астраўчане сацыяльнымі сеткамі і якім аддаюць перавагу, мы пацікавіліся ў жыхароў і гасцей горада. 

Дзіяна Назаранка, кантралёр (без фота):

– Я нядаўна выйшла на працу з адпачынку па доглядзе дзіцяці, і часу на сацыяльныя сеткі амаль не застаецца. Ёсць старонкі ў «Аднакласніках» і «ВКантакце». У асноўным там я перапісваюся з сябрамі і роднымі. Часам трэба штосьці тэрмінова даведацца, а патэлефанаваць няма магчымасці – сацыяльныя сеткі ў дапамогу. Гэта хутка і зручна. Тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы, дык чаму б не карыстацца яго вынаходніцтвамі. 

Гражына Бразевіч з дачкой Аурэліяй, у адпачынку па доглядзе дзіцяці:

IMG_0843.jpg



– У мяне старонкі толькі ў дзвюх сетках – «ВКантакце» і «Інстаграм». Заходжу туды, каб пачытать інфармацыю на суполках, дзе падпісана, часам заказваю дзіцячыя рэчы ці цацкі, але галоўнае, для чаго мне патрэбны сацыяльныя сеткі, – гэта перапіска з роднымі, якія жывуць за мяжой. А вось дзеці, на жаль, зараз з ранняга ўзросту цягнуцца да інтэрнэту – маёй дачушцы два гады, а яна ўжо ведае, як разблакіраваць тэлефон. 

Віталь Грабоўскі, зваршчык:

IMG_0834.jpg



– «ВКантакце» і «Аднакласніках» зарэ­гіст­раваўся каля дзесяці гадоў таму, пазней дадаўся «Інстаграм». Мне акаўнты патрэбныя для стасункаў з сябрамі – цікава пагля­дзець іх фотаздымкі, відэа, рэпосты ў розных суполках, можна яшчэ музыку паслухаць. Аднак да актыўных карыстальнікаў сацыяльных сетак сябе не адношу: зайду вечарам паглядзець, што ў каго новага, – і хопіць.

Тамара Лапіцкая, пенсіянерка:

IMG_0830.jpg



– Мае родныя раскіданы па ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза – з дапамогай сацыяльных сетак я з імі і трымаю сувязь. Часам магу паглядзець навіны ці пашукаць патрэбную інфармацыю. Больш падабаюцца «Фэй­с­бук»і «Аднакласнікі». Хоць, шчыра кажучы, людзям майго пакалення сацыяльныя сеткі не патрэбны. Я назіраю тэндэнцыю, што моладзь стала больш захапляцца спортам – гэта радуе. А вось падлеткі, бачу па сваіх унуках, любяць «пазавісаць». Хочацца, каб і падрастаючае пакаленне аддавала перавагу здароваму ладу і фізічнаму развіццю, чым віртуальнаму жыццю. 

Віктар Ромаш, пенсіянер:

IMG_0837.jpg



– Ні ў якіх сацыяльных сетках мяне няма. Жонка дзесьці зарэгістравалася, мабыць, у «Адна­клас­ніках». А я не хачу – што там рабіць? З сябрам пагаварыць – дык патэлефанаваў ці, што яшчэ лепш, сустрэўся. Я за жывыя стасункі, а інтэрнэт – гэта для маладзейшых. 

Текст:
Фото: Марина Мацкевич