Хто са школьнікаў жартуе лепш за ўсіх

10:56 / 11.11.2019

Нягледзячы на канікулы, сярэдняя школа №3 на мінулым тыдні стала эпіцэнтрам артыстызму, крэатыву і гумару – тут прайшоў раённы этап абласнога фестывалю КВЗ сярод школьных каманд.

Праўда, сёлетняя гульня вясёлых і знаходлівых адрознівалася ад мінулагодніх – на жаль, у непрыемным плане. Наш горад расце і развіваецца, будуюцца новыя аб’екты, адкрываюцца дзіцячыя садкі і школы, аднак каманд юных КВЗншчыкаў у гэтым годзе стала ў два разы менш. Я з года ў год хаджу на гэтую гульню і памятаю час, калі за званне раённых чэмпіёнаў гумару змагалася больш за дзесяць каманд. За апошнюю пяцігодку іх колькасць вар’іравалася ад васьмі да шасці. Сёлета ж на сцэну выйшлі ўсяго ТРЫ каманды – і гэта пры тым, што толькі ў Астраўцы працуюць чатыры навучальныя ўстановы.

Арганізатары гульні таксама былі ў разгубленасці , бо яшчэ тры каманды адмовіліся ад удзелу за дзень да мерапрыемства. Змяняць правілы ці рэгламент конкурсаў не было часу, таму пад умоўным дэвізам «не колькасцю, а якасцю» фестываль гумару было вырашана ўсё ж такі правесці.

Званне самых вясёлых і знаходлівых аспрэчвалі тры каманды: «4 рэгіён» сярэдняй школы №1, «Міні Лэдзі» Варнянскага НПК і «Антырэклама» гімназіі №1.

11.jpg

Гульня традыцыйна пачалася з візіткі, тэма якой гучала як «І зноў прывітанне». Першым на сцэну выйшаў «4 рэгіён». І адразу парадаваў мініяцюрай, як важна насіць флікер і не трапляць да астравецкіх міліцыянераў патрульна-паставой службы. Удалымі жартамі пра выбар касцюма сыну на выпускны, праверку бацькам свайго ж дзённіка і сямейныя разборкі адрознівалася выступленне каманды, якое прайшло на высокім узроўні. Асабліва павесялілі юныя прыкалісты, прадставіўшы вучылішча ў Ашмянах як школу чараўнікоў Хогвартс. Сапраўды, чаго толькі ні «начаруеш» выкладчыку дзеля добрай адзнакі.

Варнянская каманда адрознівалася тым, што ў ёй гулялі адны дзяўчынкі. Канешне, выступаць сярод упэўненых гарадскіх КВЗншчыкаў ім было няпроста, тым не менш школьніцы справіліся нядрэнна. Сярод іх жартаў варта адзначыць мініяцюру пра беларускую бабулю ў Афрыцы і асабліва – пра настаўніцу ў пекле.

6.jpg

Колькі бываю на школьным КВЗ, столькі раз адзначаю, як разняволена і камфортна вядуць сябе на сцэне гімназісты. Адчуваецца і іх сыграннасць – а ў такой гульні, як КВЗ, гэта вельмі важна. «Антырэклама» жартавала трапна і з «перчыкам». У дадатак гумарысты парадавалі прыгожым танцам і арыгінальнай песняй. Але больш за ўсё спадабалася як падлеткі, не спяваючы, усяго толькі мімікай і жэстамі паказвалі вядомыя хіты. І асобнае дзякуй гімназістам за высмейванне «своечасовай» і «спакойнай» рэкламы букмекерскай кампаніі 1ХВЕТ – гэта было супер!

КВЗшны біятлон уступае астатнім конкурсам па працягласці, але толькі не па якасці і вастрыні прыколаў. Наадварот, за некалькі хвілін можна пачуць больш дасціпных жартаў, чым за гадзіну выступленняў. А калі капітаны падыходзяць да біятлону крэатыўна і артыстычна – гледачы атрымліваюць двайное задавальненне. Канешне, сёлета на гульні адчуваўся недахоп удзельнікаў, але і трое КВЗншчыкаў здолелі рассмяшыць залу. Найбольш трапнымі аказаліся «выстралы» гумарам у капітана каманды СШ №1, які і атрымаў адзін бал.

5.jpg

Два конкурсы прайшлі на добрым узроўні і ўсе настроіліся на не менш вясёлы «дэсерт» – музычнае хатняе заданне «Школа будучыні». На жаль, рэальнасць не апраўдала спадзяванні. Магчыма, удзельнікаў абмежаваў рэгламент у 3 хвіліны – за гэты час няпроста раскрыць творчы патэнцыял. Усе тры каманды ў апошнім конкурсе выступілі слабавата. На мой погляд, дарэмна «4 рэгіён» зноў звярнуўся да рэперскага дуэта, якім скарыў публіку ў мінулым годзе. Ды і радкі фінальнай песні ўжо таксама гучалі год таму. Снарад не трапляе ў адну варонку двойчы – можна было прыдумаць штосьці новенькае, тым больш у візітцы ігракі прадэманстравалі, што крэатыўнасці ім не займаць.

4.jpg

У варнянскіх дзяўчат была нядрэнная ідэя паказаць школу будучыні праз пераробленыя песні, але не хапіла артыстызму і ўпэўненасці ў сабе.

А гімназісты нават не падумалі хоць крыху перарабіць вядомы нумар пра Кірылу і Мяфодзія – і расчаравалі несхаваным плагіятам. Праўда, яны крыху рэабілітаваліся рэперскім батлам паміж настаўніцай і вучнем, аднак на вышэйшую адзнаку гэтага было мала…

2.jpg

Надышоў час журы выходзіць на сцэну, каб аб’явіць пераможцаў. Лепшым іграком была прызнана артыстычная Марыя Зімніцкая, якая якраз-такі і чытала рэп настаўніцы. Трэцяе месца ў фестывалі занялі «Міні Лэдзі», на другім – «4 рэгіён», а пераможцай стала «Антырэклама». Каманды атрымалі дыпломы і падарункі ад раённай арганізацыі «Белая Русь», райкама ГА БРСМ, аддзела адукацыі і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

0.jpg

P.S. Не варта думаць, што ў КВЗ перамагаюць толькі каманды гарадскіх школ. Я памятаю, калі юныя гумарысты з Міхалішак, Спондаў, Гудагая, Варнян выступалі на сцэне куды лепш астраўчан, а іх нумары адзначалі нават на абласным узроўні. Не паспрабаваўшы, немагчыма рэальна ацаніць свае магчымасці. Таму пазбаўляйцеся ад стэрэатыпаў і гуляйце ў КВЗ – не для перамогі, а для ўласнага задавальнення.


Некаторыя з жартаў:

Экскурсія па пекле. У чане з кіпнем з задаволеным выглядам плавае настаўніца. У яе пытаюць:

– Вы – настаўніца, вучыце дзяцей добраму і карыснаму. Як жа трапілі ў пекла?

– Ды быццам гэта пекла!

«Міні Лэдзі»


Лена зразумела, што ўжо не патрэбная мужу, калі ўбачыла свае здымкі на «Куфары».

Сенсацыя: зборная Беларусі прайграла па сінхроннаму плаванню пельменям – яны хаця б усплылі.

«4 рэгіён»


Насця ўпала і разбіла падбародак. Але нічога страшнага – у яе ёсць другі.

З-за адсутнасці пярэдніх зубоў усмешку ў касіршы называюць штрых-код.

«Антырэклама»

Текст:
Фото: Ольга Стефанович