Чым жыве адна з новабудоўляў Астраўца – дзіцячы сад №4

08:38 / 11.11.2019

Гэта дашкольная ўстанова адкрылася ў нашым горадзе ў ліпені 2018 года ў другім мікрараёне. У яго пераехаў адзін са старэйшых дзіцячых садоў Астраўца – «Дубок», будынак якога цяпер рэканструіруецца пад інтэрнат для работнікаў цэнтральнай раённай бальніцы.

Пра тое, чым жыве дзіцячы сад №4, якія ўмовы створаны для яго выхаванцаў і работнікаў, мы пацікавіліся ў педагогаў і бацькоў маленькіх наведвальнікаў.

3.jpg

Вольга Міхно, загадчык садка:

Вольга Міхно.jpg

– Адкрыццё новага будынка стала добрай навіной у першую чаргу для сямей, якія жывуць непадалёк, – бацькам нашмат зручней спланаваць свой ранішні час, калі садок знаходзіцца ў крокавай даступнасці.

Наш садок разлічаны на 190 месцаў – цяпер яго наведваюць 193 выхаванцы. Павялічылася і колькасць працоўных месцаў – да нас уладкаваліся маладыя спецыялісты.

Цудоўна аснашчаны фізкультурная, музычная і харэаграфічная залы, спартыўная і гульнявая пляцоўкі. У нас ёсць трэнажорная зала, басейн, камп’ютарны клас – пра ўсё гэта раней астраўчане маглі толькі марыць. Для музычнага кіраўніка, кіраўніка фізвыхавання, дэфектолага і псіхолага прадугледжаны асобныя памяшканні для правядзення заняткаў.

У харчблоку сучаснае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, што нашмат спрасціла работу адказных за прыгатаванне ежы.

Створаныя ўмовы далі магчымасць арганізаваць для жадаючых дадатковыя заняткі па харэаграфіі і плаванню, адкрыць групы для малышоў па вывучэнні замежнай мовы. У нас працуе і Мацярынская школа.

Ганна Пузырова, педагог-псіхолаг:

Ганна Пузырова педагог-псіхолаг дзіцячага сада.jpg

– Да пераезду ў Астравец я працавала ў сталічным дзіцячым садзе. У вашым горадзе першым працоўным месцам у мяне быў яслі-сад «Дубок». Асобнага кабінета псіхолога ў ім не было – даводзілася займацца ў выдзеленым кутку ў спальні. Тады я часцяком заўважала ўсмешкі бацькоў маіх выхаванцаў, калі запрашала іх на кансультацыю ў «спальню».

Але сітуацыя змянілася з перасяленнем нашай установы ў новы будынак – у мяне, можна сказаць, з’явіўся кабінет мары псіхолага. Такіх умоў у мяне нават у мінскім садку не было: прасторна, ёсць усё патрэбнае для правядзення не толькі індывідуальных, але і групавых заняткаў, кансультацый, трэнінгаў.

Я бачу, што дзецям вельмі падабаецца да мяне прыходзіць, ды і вынікі заняткаў не застаўляюць доўга чакаць.

Мой кабінет лепшы ў раёне па выніках агляду-конкурсу і адзначаны ў вобласці.

Марына Рынкевіч, маці выхаванкі:

– Мы з мужам вельмі рады, што наша Танюша ходзіць у гэты сад. Хаця спачатку не хацелі, каб закрывалі «Дубок», – там хоць і цеснавата было, але неяк па-хатняму ўтульна. Але дарэмна хваляваліся: дзякуючы загадчыку і калектыву, гэту ўтульнасць мы адчулі і ў новым будынку.

Новы будынак у параўнанні з былым больш прасторны, да таго ж цяпер дзеці могуць хадзіць у басейн, на трэнажоры. Мая дачка наведвае гурток па англійскай мове, дадатковыя занячткі па плаванню і харэаграфіі.

На тэрыторыі сада цудоўныя спартыўныя пляцоўкі – ёсць нават футбольная і баскетбольная. Дарэчы, нашы дзеці на раённай спартакіядзе ў межах сацыяльнага праекта «Аранжавы атом» занялі другое месца.

У «Дубку» музычная зала сумяшчалася са спальняй, а тут яна асобная, у ёй шмат дзіцячых музычных інструментаў.

Майму дзіцяці тут вельмі падабаецца: нават калі хварэе, просіцца ў сад.

Текст: