Пра ўрачыстасць Усіх Святых і Задушны дзень расказвае айцец Юрый Находка

14:03 / 01.11.2019
Напярэдадні Задушак побач з магіламі з’яў­ляюцца кветкі і лампады, а ў касцёле гучаць прозвішчы і імёны людзей, якія адыйшлі да Бога…

Хто такія святыя, ці кожны можа дасягнуць святасці, чым мы можам дапамагчы памерлым і як Касцёл ставіцца да крэмацыі – пра гэта і многае іншае мы распыталі ў айца-кармеліта Юрыя Находкі з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай.

11.jpg


У кожнага свая дарога да святасці

– Сёння католікі перажываюць урачыстасць Усіх святых, а ўжо заўтра будуць успамінаць усіх памерлых. Такое суседства  выпадковае ці не?

– Канешне, не. У каталіцкім літургічным календары не бывае выпадковасцей. Першага лістапада адзначаецца ўрачыстасць Усіх святых. У гэты дзень мы ўзгадваем людзей, якія знаходзяцца ў небе, – святых. Для нас яны з’яўляюцца прыкладам жыцця і веры. А на наступны дзень мы молімся за ўсіх памерлых вернікаў, многія з якіх яшчэ не дасягнулі збавення і той еднасці з Богам, якую маюць святыя. Кожны з нас пры жыцці павінен імкнуцца да гэтага.

Такое суседства вышэйузгаданых святаў сімвалічнае і мае глыбокі сэнс: у першы дзень мы ўспамінаем святых, якія моляцца ў небе за нас, а ў другі дзень – памерлых блізкіх, якія патрабуюць нашай малітвы.

– Вы сказалі, што кожны павінен імкнуцца да святасці. А як зразумець святасць на сучасным этапе развіцця грамадства? Многія ўспрымаюць святых, як звышасоб, але ж яны таксама некалі былі людзьмі: марылі, любілі, магчыма, і грашылі…

– У кожнага чалавека свой шлях. Універсальных парадаў рабіць тое ці іншае, каб стаць святым, не існуе. Некаторыя думаюць, што дасягнуць святасці можна толькі пасля смерці, але гэта не так. Звярнуўшыся да біяграфіі святых, можна заўважыць адну рэч: у кожнага з іх была свая дарога. Вядомы выпадкі, калі да сонму святых адносілі свецкіх асоб.

Кожны чалавек падуладны граху. Усе мы людзі: можам памыляцца, злавацца, быць не ў настроі – але мы павінны імкнуцца быць лепшымі.  І сродак дасягнення гэтага – малітва, якая застаўляе задумацца над сваімі ўчынкамі, думкамі і намерам нешта зрабіць.

Божая ласка ў шляху да святасці ўмацоўвае. Кожны з нас пакліканы да супрацоўніцтва з Богам праз выкананне дзесяці прыказанняў. І асабісты шлях да святасці акрэслены аб’ектыўнымі нормамі – Божымі запаветамі. Калі мы знаходзімся ў стане канфлікту з гэтымі правіламі, значыць, заблыталіся ці ў нас захварэла душа. Гэтага не трэба баяцца, варта толькі звярнуцца да лекара – Бога, ён заўсёды чуе кожнае сваё дзіця. 

Імкненне да святасці не варта ўспрымаць як пост ці пэўнае адрачэнне. У ёй няма нічога надзвычайнага – такога, чаго б не змог дасягнуць чалавек. Святасць праяўляецца не толькі ў рэлігійным кантэксце, але і ў паўсядзённым жыцці: у служэнні людзям, годным выкананні сваіх што­дзённых абавязкаў. 

Сучасны свет пасылае шмат выклікаў і спакусаў. Нягледзячы на імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій – за некалькі хвілін у інтэрнэце можна адшукаць святое  пісанне, прачытаць пасланні пастыраў ці святога айца, у рэжыме анлайн перажыць рэкалекцыі, але трэба пастарацца, каб не страціць Езуса. Хоць сучаснаму чалавеку трэба ўсё менш часу  на пошукі духоўнай інфармацыі, але больш намаганняў, каб не стаціць веру.  

Спавядайцеся добра і часта

– А хто са святых блізкі асабіста вам?

– Напэўна, святы Рафал Каліноўскі – адзін з нашых патронаў, які аднаўляў на землях Беларусі і Польшчы ордэн кармелітаў. Святы Рафал нарадзіўся на Віленшчыне, вучыўся ў Горацкай аграрнай акадэміі. За ўдзел у паўстанні сасланы ў Сібір. Ён быў вельмі адукаваным чалавекам, лічыўся добрым спаведніком, шмат часу прысвячаў малітве і духоўнай падтрымцы людзей праз споведзь. 

Святы Рафал лічыў, што для таго, каб маліцца, трэба мець чыстае сэрца. Сучаснікі называлі яго хадзячай малітвай. У апошнія гады жыцця, нават дрэнна сябе адчуваючы, святы Рафал служыў людзям – на споведзь да гэтага божага чалавека з самай раніцы выстройвалася вялікая чарга. А ён прасіў «спавядацца добра і часта».

Святы Рафал Каліноўскі лічыцца заступнікам у розных жыццёвых сітуацыях: пошуках веры і Бога, навяртанні, з’яднанні хрысціян. Яго словы актуальныя і цяпер: «Нам нельга сумнявацца ў тым, што Бог у сваёй міласэрнасці кожнаму вызначыў заданне, якое ён павінен выканаць на гэтым свеце. Калі хочаш стаць святым, стаць дасканалым, будзь верным выканаўцам сваіх абавязкаў».

Захаваўся адзіны фотаздымак святога Рафала Калі­ноўскага, гледзячы на які, разумееш, што гэта быў божы чалавек… 

Вучыцеся прабачаць – і будзеце прабачанымі 

– А што важней у гэтыя святыя дні: пайсці на могілкі ці ў храм?

– Напэўна, няма вялікай розніцы, дзе вы памоліцеся за спачылых – у касцёле ці на могілках. Перыяд з 1 па 8 лістапада ў касцёльнай традыцыі называецца актавай успаміну ўсіх памерлых вернікаў. Можна атрымаць адпуст за аднаго памерлага, калі выканаць пэўныя ўмовы: паспавядацца, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца, прыняць святую камунію і абавязкова наведаць могілкі.

IMG_0459.jpg


– Нехта ідзе на могілкі, а нехта ладзіць вечарынкі з нагоды Хэлоўіна. Што гэта – дзіцячыя забаўкі ці вялікая небяспека?

– Хэлоўін бярэ пачатак з язычніцкіх традыцый, калі людзі імкнуліся захаваць сябе ад злых духаў і смерці. Дзеці вучацца на прыкладзе бацькоў. Калі ў сям’і моцныя традыцыі і ўшаноўваецца памяць пра продкаў, няма чаго баяцца. 

Дзецям трэба тлумачыць, што малітва за памерлых неабходная, хоць яны і жывуць у новым, недасягальным для нас вымярэнні. Гэтае разуменне і фарміруе погляд маленькага чалавека на могілкі як на святое месца. 

– Што рабіць, калі чалавек жыве далёка ад месца пахавання сваіх блізкіх ці з-за хваробы не можа схадзіць у храм, на могілкі?

– Зразумела, што кожны стараецца, наколькі дазваляюць сілы і сродкі, каб у гэтыя святыя дні месцы спачыну блізкіх выглядалі годна. Аднак у жыцці здараюцца розныя сітуацыі. Памерлым патрэбна малітва, а не безліч кветак ці свечак. І занядбаная ці недагледжаная магілка – яшчэ не сведчанне таго, што за гэтага чалавека ніхто не моліцца. 

– Ці за ўсіх памерлых вернікаў трэба маліцца? І што рабіць, калі чалавек сам пазбавіў сябе жыцця?

– Трэба маліцца за ўсіх вернікаў. Касцёл нікога не асу­джае на вечнае пакаранне. 

Бог надзяліў чалавека воляй – і чалавек у розных жыццёвых сітуацыях робіць выбар. На жаль, Беларусь знаходзіц­ца ў лідарах па колькасці самагубстваў. У кожным з нас закла­дзена жаданне жыць. Калі яго няма – гэта псіхічная хвароба, і чалавек не нясе поўнай адказнасці за свае дзеянні.

За яго застаецца толькі маліцца. Калі самагубства зроблена як ахвяра злому духу – гэта зусім іншая сітуацыя. 

Ніхто не мае права пазбаўляць сябе і іншых людзей жыцця. Пра гэта нам гаворыць пятая запаведзь: не забівай. 

Здараецца, што чалавек не бачыць выйсця ці не хоча жыць далей – але трэба разумець, што цяжкасці, якія загналі ў такі стан, часовыя. Даверце сваё жыццё Богу – і ўсё ўсталюецца. Нездарма кажуць, што чалавеку пасылаецца толькі той крыж, які ён можа несці. 

– Ці ёсць выпадкі, у якіх ксёндз можа адмовіцца прыйсці на пахаванне?

– Святар гэтае пытанне вырашае для сябе сам – кожная сітуацыя патрабуе асобнага падыходу. На жаль, ёсць абставіны, калі труну з целам чалавека лепш не ўносіць у храм, а памаліцца аб збаўленні на могілках. 

Найбольш распаўсюджаная сітуацыя, калі святар можа адмовіць прыйсці на пахаванне, гэта экскамуніка – адлучэнне чалавека ад Касцёла. Побач са злачынствамі, якія караюцца экскамунікай – гэта зневажанне Найсвяцейшага Сакрамэнту, парушэнне таямніцы споведзі, ерась, – знаходзіцца і аборт. 

– Як касцёл ставіцца да крэмацыі?

– Гэта адна з форм пахавання памерлых. Касцёл верыць ва ўваскрасенне, і гэта ніяк не звязавана з формай пахавання. 

– Блізкія заўсёды стараюцца паставіць помнік на магіле. Што павінна быць на ім напісана?

– Надпіс звычайна адюстроўвае веру чалавека. Нейкіх пэўных правілаў няма. Мне здаецца, што на помніку павінны быць асноўны хрысціянскі сімвал – крыж. Згодна з мясцовымі традыцыямі на помніку змяшчаюць яшчэ імя і прозвішча памерлага, даты нараджэння і смерці, партрэт. 

Вельмі добра, калі на ім будзе малітва, напрыклад, «Вечны адпачынак дай яму, Пане». Чалавек, які прыйдзе на магілу ці будзе прахадзіць міма яе, абавязкова памоліцца за спачылага.

IMG_0446.jpg



– А калі ў чалавека былі няпростыя адносіны з памерлым? Калі ніяк не атрымліваецца дараваць, адпусціць крыўду – што рабіць у гэтай сітуацыі?

– У малітве «Ойча наш» ёсць цудоўныя словы: «Прабач нам, як і мы прабачаем вінаватым нашым…» Няздольнасць прабачыць знішчае нас духоўна.

Памерлыя, якія пакрыўдзілі ці абразілі нас, ужо нічога не могуць змяніць, а мы можам. Варта не канцэнтравацца на негатыве, а імкнуцца ўзгадаць нешта добрае пра гэтага чалавека і быць яму за гэта ўдзячным. 

Бываюць сітуацыі, калі чалавек хоча прабачыць, але не можа. Важна спачатку зрабіць гэта розумам – эмоцыі паступова сціхнуць. Трэба вучыцца прабачаць, каб і нас у свой час прабачылі. 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич