Прыказкі маёй маці

12:19 / 20.10.2019
Вы заўважалі, якія ёмістыя і муд­рыя народныя выказванні – прыказкі, прымаўкі, выслоўі? Часам пачуеш нейкае «смачнае» слоўца ці прыказку – і хочацца занатаваць, каб не страцілася, каб дзеці і ўнукі ведалі, якая яна, сапраўдная народная мова, а не тая, якую сёння выдумляюць «новыя беларусы». 

Вось і надумаліся мы на старонках «Астравецкай праўды» завесці рубрыку «Народная мудрасць», пад якой мяркуем збіраць народныя прыказкі, прымаўкі, прытчы, казкі, легенды, прыкметы – усё тое, што ідзе з народных глыбінь. І вельмі спа­дзяёмся, што і вы, шаноўныя чытачы, падзеліцеся з намі тым, што чулі ад старэйшых людзей, ад сваіх бацькоў, бабуляў-дзядуляў.


Пакуль мама была жывая, а я – маладзейшая, я не часта распытвала яе пра тое, што было калісьці. А тое, што чула, не спяшалася запісаць: тады здавалася, што яшчэ паспею, што ўсё запомню і ўвогуле – зараз не да гэтага.

Цяпер мне ўжо «да гэтага» – але распытаць і паслухаць, на вялікі жаль, няма каго. І таму я – лепш пазней, чым ніколі – завяла спецыяльны нататнік – і запісваю туды усё, што ўспомню з мамі­ных ці чыіх іншых выказванняў. Вось некаторыя з іх…

Для вяскоўца галоўнае – ура­джай. Але, здараецца, і поле ўгноіш, і пасееш у час, а засушыць ці залье – і збіраць няма чаго. 

«Не родзіць поле, а родзіць год», – сумна ўздыхала мама, выбіраючы з баразны дробную бульбачку. 

А на другі год на тым жа полі капала «дранікі», калі з кожнай бульбіны можна было накарміць сям’ю – і рабіла выснову«Год на год не прыходзіцца».

Лайдакам, якія апраўдвалі сваё нежаданне нешта садзіць тым, што праца марная, бо ўсё роўна нічога не вырасце, мама расказвала, як стары чалавек, які ўжо не мог працаваць, пытаў у маладзейшага, ці добры вырас ураджай. 

«Хто вясной пасеяў, тыя, бачыў, з сярпамі ў поле пайшлі. А хто на печы ляжаў, у тых нічога не ўрадзіла», – чуў у адказ. 

Так што, дадавала матуля, «Паміраць збіраешся, а жыта сей»

І з гэтай жа нагоды ўзгадвала прытчу. 

Жылі ў адной хаце ленаватыя бабуля з унучкай. Вясной брыгадзір стукае ў акно, на працу кліча. «Навошта нам, дзіцятка, працаваць? – кажа бабуля. – Я старая, хутка памру, а ты маладая, замуж пойдзеш». 

Мінула лета – бабка не памерла, унучку замуж ніхто не ўзяў. Людзі збожжа малоцяць – стук цапоў разносіцца па наваколлі, а ў іх у засеках пуста. Зіма набліжаецца. Асенні дождж барабаніць у шыбіну. «Унучка, ідзі глянь – мо, брыгадзір на работу кліча?» – абзываецца бабка з печы.

Зрэшты, пра дождж. Увосень часта здараюцца дні, калі з ранку да вечара надвор’е можна змяніцца некалькі разоў: ранкам прымаразак траву пабеліць, удзень сонца засвеціць, а к вечару вецер засвішча ці дождж сыпане. У такія дні мама казала«Восень едзе на рабым кані».


Ад рэдакцыі

Чакаем вашых лістоў і тэлефанаванняў з дыяментамі народнай мудрасці.
Текст: Главный администратор