«Кемелина»: вернулись – и поют

15:10 / 13.10.2019
Так, я – прадузятая! Я прадузята адношуся да «Кемяліны»: кожнае выступленне гэтага ансамб­ля народнай музыкі для мяне – свята. Як асабістую бяду я ўспрыняла некалькі гадоў таму распад, па маім перакананні, лепшага творчага калектыву раёна. І  з вялікай радасцю даведалася, што «Кемяліна» адрадзілася. А сёлета, карыстаючыся нагодай –  надыходзячым Днём работнікаў культуры, – пасля чарговага канцэрта напрасілася на сустрэчу з калектывам па-за межамі сцэны. 

P0192297.jpg

Дзень, калі я прыйшла ў Астравецкую школу мастацтваў пазнаёміцца са старой новай «Кемялінай», быў для ансамбля асаблівым: яны заказвалі другі камплект касцюмаў, так званы летні варыянт. Традыцыйныя чырвоныя, у якіх мы прывыклі бачыць артыстаў ансамбля, застаюцца –  але яны  ўжо крыху патрапаліся за гады эксплуатацыі, асабліва за той час, калі пасля распаду ансамбля іх насілі ўсе. 

– Шчыра кажучы, сэрца балела, – не хавае сваіх пачуццяў Анастасія Ляховіч. – Мы ж і свае грошы ўкладвалі ў гэтыя касцюмы. Бераглі іх лепш, чым святочныя сукенкі. 

– Калі прынялі рашэнне адра­джаць ансамбль, ледзь пазна­ходзілі свае боты, – дадае з усмешкай Юрый Інаровіч.

– Дык з-за чаго ж распалася «Кемяліна»? – задаю пытанне, якое і мне задавалі не аднойчы.

– З-за канфлікту з тагачасным кіраўніком аддзела культуры, – не ўдаецца ў падрабязнасці нязменны на працягу многіх га­доў кіраўнік ансамбля Сяр­гей Дзям’янчык.

– А што было нагодай для адраджэння?

– Інга Уладзіміраўна, калі стала начальнікам сектара культуры, што называецца, з галавы не злезла, – ківае Сяргей Віктаравіч у бок свайго сённяшняга адначасова кіраўніка і падначаленай – загадчык сектара культуры таксама спявае ў «Кемяліне».

– Калі я ўзначаліла раённую культуру, то перш за ўсё захацела паглядзець, што ж гэта за «Кемяліна», пра якую ўсе гавораць, – расказвае Інга Купрэвіч. – Знайшла ў інтэрнэце запісы – і ахнула: як можна было дапусціць, каб распаўся такі калектыў?! Ну і зрабіла ўсё магчымае, каб ён адрадзіўся. У тым ліку і сама стала спяваць – тым больш, што адукацыя дазваляе.

Дарэчы, музычную адукацыю маюць амаль усе сённяшнія ўдзель­­нікі ансамбля: Алена Ку­­ле­віч, Юрый Інаровіч, Яраслаў Вян­г­­роў­скі, Юрый Жэбіт, Анас­та­сія Ко­зар, Анастасія Ляховіч, Аксана Баршэвіч, Таццяна Сяўко, Тац­цяна Канчанін і іншыя. Гэта вельмі дапамагае ў развучванні новых песень: спяваць можна па нотах, з «ліста». Але веданне нот – не галоўная ўмова для ўдзелу ў ансамблі. Спяваюць тут і работнікі гандлю Людміла Валы­нец, Валерыя Стэх, сані­тар­ка кямелішкаўскай амбулаторыі Алена Бернюкевіч, работнік атам­най станцыі Юрый Палуйка і іншыя ўдзельнікі без музычнай аду­кацыі. Ёсць голас, слых, а галоўнае – жаданне стаць членам сям’і «Кемяліны» – і можна спадзявацца, што ты трапіш пад апеку строгага і патрабавальнага прафесіянала Сяргея Дзям’янчыка, у калектыў, які жы­ве адной сям’ёй.

– І гэта сапраўды так, – гаворыць Анастасія Ляховіч. – Мы разам не толькі на сцэне, але і па жыцці.

А пачыналася ўсё ў далёкім 1992 годзе, калі Сяргей Дзям’янчык, адслужыўшы ў арміі, прыехаў працаваць у Кямелішкаўскі дом культуры акампаніятарам. Знаёмства з творчымі сіламі вёскі выявіла ансамбль «Вілія», які спяваў на два галасы ў мясцовым доме людовым. Адтуль, ад Алены Кулевіч, Людмілы Валынец, якія, акрамя кіраўніка, – бадай што адзіныя з першага складу калектыву, і пайшла «Кемяліна».

Хоць увогуле нараджэннем калектыву можна лічыць 2003 год. Тады раён  рыхтаваўся да 30-годдзя Кямелішкаўскага дома культуры, і ансамбль сур’ёзна змяніўся: дабавіліся мужчыны, з’явілася шматгалоссе.

Тады іх пачула абласное кіраўніцтва – і заявіла: «Чаму не абараняеце званне народнага калектыву? Даўно пара!» Званне яны атрымалі заслужана і без праблем. А потым пайшло-паехала: рэдкі канцэрт у раёне, ды і ў вобласці абыходзіўся без «Кемяліны». Не шкадуючы далоняў, апладзіравалі ім у Расіі, Літве, Польшчы…

На жаль, званне народнага за нядоўгі час свайго распаду «Кемя­ліна» страціла – але, думаецца, гэта часовая з’ява. Тым больш, што ў кіраўніка і ва ўдзельнікаў ансамбля шмат творчых планаў.

…А пасля размовы мяне дапусцілі на рэпетыцыю. «Першыя сапраны, паехалі!» «Альты, схлусілі!» І вышэйшая адзнака маэстра «Ладна, сыйдзе… Пачынаем другі радок». Цяпер я з асаблівым настроем буду чакаць чарговага канцэрта «Кемяліны», каб пачуць «Ой, пойдзем, сястрыца, за ясну зару…» – я была сведкам сакральнага моманту: чула, як нараджалася песня!

Текст: Нина Рыбик