Репортер выходит в свет: кого считают главным учителем островчане

09:39 / 06.10.2019
У першую нядзелю кастрычніка прафесійнае свята адзначаць педагогі. У астраўчан і гасцей горада наш карэспандэнт  пацікавіўся, каго яны лічаць галоўным настаўнікам у жыцці.

Яўген Валанцэвіч, будаўнік, з сынам Віктарам 

Валанцэвічы.jpg



Яўген:

– Для мяне, як і для большасці людзей, галоўныя настаўнікі ў жыцці – гэта мае бацькі: маці Валянціна і светлай памяці бацька Зянон. Яны навучылі мяне не баяцца працы, жыць па сумленні і цаніць сям’ю.

Я вучыўся ў Гервяцкай сярэдняй школе, і найбольшы ўплыў на мяне аказала наш класны кіраўнік Людміла Лукша. Нягледзячы на строгасць і стрыманасць, яна была вельмі справядлівым педагогам.

Віктар:

– Бацькі мяне выхоўваюць, настаўнікі – вучаць. Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць нашага класнага кіраўніка: Анастасія Іванаўна, вы самая класная класная ў свеце!

Ірына Дрэма, заатэхнік-селекцыянер:

Дрэма.jpg



– Галоўны чалавек у маім жыцці – мама. У яе заўсёды хапала любові і пяшчоты для кожнага з пяцярых дзяцей. 

З педагогаў настаўнікам па жыцці лічу свайго куратара Людмілу Трафімчук з Іль­ян­скага дзяржаўнага аграрнага каледжа. 

Ларыса Пятрэйка, санітарка:

Пятрэйка.jpg



– За веды, урокі дабрыні, чуласць і спагадлівасць я ўдзячна маме Людміле Гутковай. Мінула два гады, як яе няма, але на ўсё жыццё са мной застануцца яе словы: «Дзетка, стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны да цябе адносіліся». І гэтага  наказу я прытрымліваюся.

Я вучылася ў Трокеніцкай школе і найбольш запомніла нашу першую настаўніцу Ірыну Сідарэнку – Педагога і Чалавека з вялікай літары. 

Дзіяна Буднік, у дэкрэтным адпачынку:

Буднік.jpg



– Да дзявятага класа я хадзіла ў школу на станцыі Ашмяны, у старэйшых класах – у Рымдзюнскую школу з беларускай мовай навучання. Выдзеліць кагосьці з настаўнікаў мне складана – яны ўсе прафесіяналы сваёй справы. 

Віншую ўсіх педагогаў, выхавацеляў з Днём настаўніка і жадаю цярпення, удзячных вучняў і, канешне, здароўя. 

Наталля Сівак, аператар машыннага даення:

Сівак.jpg



– Я сама каваль свайго жыцця. Рэдка прыслухоўваюся да парад іншых людзей – стараюся слухаць свой унутраны голас і інтуіцыю. І калі набіваю гузакі – нікога не вінавачу, бо ведаю, што гэта мая памылка.

Родам я з Гомельшчыны, і заўсёды доб­рым словам успамінаю сваіх настаўнікаў. Для нас настаўнік – гэта было святое. А цяпер што робіцца? І бацькі, і дзеці вельмі разумныя. Я працую даяркай, і мне жывёла аддае энергетыку, а педагогі, медыкі, наадварот, дзеляцца ёй. Здароўя, цярпення і сіл усім настаўнікам раёна!

Текст:
Фото: Алёна Ганулич