З экспазіцыі школьнага музея: астравецкая «Беларуская хатка»

09:23 / 24.08.2019
667
Астравеччына пакуль не можа пахваліцца раённым музеем, затое ў  школах створаны, плённа працуюць і пашыраюцца невялікія музеі краязнаўчай і  гісторыка-этнаграфічнай накі­ра­ванасці – усяго іх 11. 

Пра кожны з іх мы пастараемся расказаць у праекце «Астравецкай праўды» – «З экс­­пазіцыі школьнага музея». 

Этнаграфічны музей «Беларуская хатка»

Заходзіш у  калідор, які вядзе да музея сярэдняй школы №1 –  і сэрца напаўняецца замілаванасцю. Блакітнае неба, старажытны дуб,  поле з кветкамі – менавіта так адлюстраваў любоў да роднага краю астравецкі мастак Дзяніс Ходас.

1.jpg



Гэта сёння школьны музей размяшчаецца ў асобных памяшканнях, мае немалую колькасць экспанатаў.  А пачыналася ўсё 23 гады таму, калі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ядвіга Шаблінская стварыла этнаграфічны куток: у кабінеце роднай мовы ўсталявалі невялікія палічкі, дзе расклалі розныя старадаўнія прадметы, прынесеныя дзецьмі  і настаўнікамі. 

2.jpg



– Ядвіга Каятанаўна заахвочвала дзяцей, упэўнівала іх, што аднойчы страчанае ўжо немагчыма аднавіць, таму вельмі важна сабраць спадчыну нашага краю ў адным месцы, каб будучыя пакаленні маглі вывучаць нашу гісторыю і культуру, – расказвае намеснік дырэктара школы Вольга Нікалайкава.

На працягу некалькіх гадоў у сваіх  бабуль і дзядуль, знаёмых і суседзяў, падчас вучобы і летняй практыкі дзеці збіралі старыя  рэчы і прыносілі іх у школу. Шмат экспанатаў адшукала і сама Ядвіга Каятанаўна – яна ездзіла па вёсках, прасіла ў людзей аддаць рэчы для музея, нешта купляла. З часам экспанатам «стала цесна»  і было прынята рашэнне выдзеліць пад музейную экспазіцыю асобную аўдыторыю  – у ёй і арганізавалі «Беларускую хатку».

– Пакой напоўніўся мэбляй і прадметамі хатняга ўжытку. Часам здавалася, што заходзіш у родны дом, дзе жыве душа нашых бабуль і дзядуль, – расказвае Вольга Рамуальдаўна. – Не раз пра гэта гаварыла  і Ядвіга Каятанаўна. Музейны пакой яна атаясамляла з  роднай  вясковай  хатай. Так і было на самой справе, бо  многія рэчы,  прадстаўленыя тут,  былі прывезены з бацькоўскага дому Ядвігі Шаблінскай.

Фотаздымак у рамцы, вышытая крыжыкам карціна, гадзіннік з зязюляй, саматканы дыван і стары дзедаўскі куфар – што можа быць даражэй рэчаў, якія напоўнены цеплынёй матуліных рук і дзіцячымі успамінамі?!

…У 2011 годзе  музейны пакой атрымаў новае жыццё: была аформлена  неабходная дакументацыя – і ў  школе з’явіўся этнаграфічны музей «Беларуская хатка».

Пасля Ядвігі Шаблінскай  музеем кіравала Ірына Змітровіч, а потым яе справу прадоўжыла  Вольга Нікалайкава, якая ў свой час арганізавала ў Мальскай школе музейную экспазіцыю. З   прыходам у сярэднюю школу №1 ёй і перадалі музей.

Менавіта тады  – было гэта дзесьці ў  2014 годзе – музей змяніў «кватэру». З навучальнага корпуса  пераехаў у аднапавярховы будынак на тэрыторыі школы. 

– За пазабюджэтныя сродкі работнікі школы зрабілі ў ім рамонт: абшылі дрэвам сцены і столю, паклалі падлогу – надалі пакоям выгляд старой  вясковай хаты, – расказвае Вольга Рамуальдаўна. – Тады ж адно вялікае  памяшканне разбілі на два пакоі. У адным размясцілася экспазіцыя «Беларуская хатка», другі   аддалі пад гісторыю школы.

Музей адкрывалі ў адпаведнасці з беларускімі традыцыямі.

– Мы зрабілі ўваходзіны па старадаўнім беларускім абрадзе. Каб рэчам у гэтай хатцы было камфортна і каб захаваць усю гэтую мінуўшчыну, распрацавалі разам з Інесай Багдзевіч цікавы сцэнарый. Для гэтага дня яна напісала казку «Гаспадарлівы Бульбаш». Усім, хто прыйшоў на нашу ўрачыстасць, было цікава, – узгадвае Вольга Нікалайкава.

4.jpg

3.jpg



Хоць этнаграфічны музей сярэдняй школы №1  носіць першапачатковую назву «Беларуская хатка», у другім яго пакоі размясцілася экспазіцыя, прысвечаная гісторыі школы. І асноўнае месца ў ёй адведзена  выпускніку школы, навукоўцу і  краязнаўцу прафесару  Адаму Мальдзісу.

5.jpg



– З  Адамам Восіпавічам у школе праходзіла мноства сустрэч – і заўсёды ён прасіў арганізаваць у нашым музеі экспазіцыю, якая б датычылася знакамітых выпускнікоў сярэдняй школы №1. Менавіта ў гэтым накірунку мы і працуем. Вялікую работу правяла былая настаўніца школы, ветэран працы Ларыса Мартынава. У мінулым годзе да юбілею горада  пры падтрымцы райвыканкама была  выдадзена  кніга «Гісторыя Астравецкай сярэдняй школы №1». У школе ёсць стэнд, дзе змешчаны фота нашых выпускнікоў, якімі мы ганарымся. Але наперадзе яшчэ шмат працы па збору звестак і іх афармленні.

Яшчэ адна экспазіцыя прысвечана  Вялікай Айчыннай вайне. Тут утрымліваюцца звесткі пра аднаго з дырэктараў школы, ветэрана вайны Уладзіміра Буракова.

– Нам пашанцавала  некалькі гадоў таму сустрэцца  з ветэранам  Вялікай Айчыннай вайны Францам Дамброўскім-Дубіцкім, пачуць з першых  вуснаў гісторыю вайны – на памяць аб той сустрэчы ветэран падарыў нам сваё франтавое пісьмо да бацькоў, – расказвае Вольга Нікалайкава.

6.jpg



Захоўваецца ў  музеі і некалькі карцін, якія падарыла былая вучаніца,  настаўніца, загадчыца вучэбным метадычным кабінетам Ларыса Кетрыс. Карціны належалі яе брату, знакамітаму навукоўцу Уладзіміру  Клюні, які таксама вучыўся ў першай  школе.

7.jpg



Асобны куток у музеі прысвечаны конкурсным работам вучняў і настаўнікаў школы.

З калекцыі музея

– Самыя каштоўныя экспанаты нашага музея, размешчаны ў экспазіцыі  «Беларуская хатка», – лічыць Вольга Нікалайкава. – Гэта, канешне ж,  абразы – святыня, якая аздабляе чырвоны кут у хаце.

8.jpg



– Хацелася б звярнуць увагу і  на люльку  – сімвал нараджэння дзіцяці, якое ў сваю чаргу з’яўляецца сімвалам будучыні. Мы выхоўваем дзяцей, і люлька ў нашым пакоі займае асаблівае месца, – працягвае Вольга Рамуальдаўна.

9.jpg

Ёсць у музеі і частка слуцкага пояса, праўда, вытканага ўжо ў наш час, –  яго ў падарунак музею прывезла дэлегацыя настаўнікаў са Слуцкага раёна.

Для Вольгі Рамуальдаўны  асабліва каштоўнымі з’яўляюцца  дываны, вытканыя рукамі яе  бабулі Уладзіславы Субаткевіч – жанчыны няма ў жывых, а памяць пра яе жыве – і гэтым нельга не ганарыцца.

Штогод у музей прыходзіць шмат гасцей. З іх самыя ганаровыя, на думку Вольгі Нікалайкавай – былы вучань, вядомы ва ўсім свеце прафесар Адам Мальдзіс, а таксама былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ядвіга Шаблінская, якая стаяла ля вытокаў стварэння музея.

На прастор…

Сёння музей жыве вірлівым жыццём. За час яго  працы не раз змяняліся кіраўнікі і  экскурсаводы, аднак кожны з іх зрабіў пэўны ўнёсак у развіццё школьнай скарбніцы і  яе  праслаўлення не толькі ў раёне, але і ў вобласці і рэспубліцы: у музея і яго членаў ёсць некалькі важных узнагарод рознага ўзроўню.

– Кіраўнікі музея вядуць неабходную дакументацыю, кожны прадмет мае свой інвентарны нумар, складзены інвентарныя акты па кожным экспанаце – захоўваецца інфармацыя пра людзей, якія перадалі сюды свае рэчы, – расказвае Вольга Рамуальдаўна. 

– У нас шмат наведвальнікаў. Гэта і дзеці,  і дарослыя. Менавіта таму для  кожнага ўзросту распрацаваны асобныя экскурсіі, – паказвае Вольга Нікалайкава даволі тоўстыя папкі з распрацоўкамі. – Да кожнай сустрэчы мы старанна рыхтуемся, для малышоў праводзім гульні – маленькім дзецям не вельмі цікава слухаць няхай і важную, але сухую гістарычную  інфармацыю.

10.jpg



Калі ў школах  раёна сталі арганізоўваць музеі і музейныя экспазіцыі, іх кіраўнікі ездзілі на сустрэчы і семінары, сустракаліся з музейнымі работнікамі – даводзілася нямала вучыцца. 

– Мы вучыліся адзін у аднаго – і гэта вельмі дапамагала потым на практыцы, – расказвае Вольга Рамуальдаўна. – Дзякуючы  былой настаўніцы Гудагайскай сярэдняй школы Марыі Васілёнак, якая стаяла ля вытокаў стварэння школьнага музея  гэтай установы, мы  спазналі шмат сакрэтаў вядзення музейных спраў і афармлення дакументацыі. Яна падказала нам ідэю распрацоўкі  экскурсій для розных узростаў.

Апошнія гады музеем загадвала педагог-арганізатар школы Марыя Свістун. З пачаткам новага навучальнага года яго ўзначаліць іншы чалавек, які, трэба спадзявацца, таксама пакіне свой след у захаванні сабранай спадчыны.   


Лічба

Каля 300 экспанатаў асноўнага фонду і столькі ж дапаможнага захоўваюцца ў школьным этнаграфічным музеі.
Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений