Спасатели продолжают акцию «Каникулы без дыма и огня»

08:01 / 07.08.2019
Прывітанне, сябры! 

Адпачываеце? А я вось працую. І дзе вы думаеце – разам з выратавальнікамі! У іх на лета шмат планаў па акцыі «Канікулы без дыму і агню». Вы ж чулі пра такую?! 

Ведаю, што вам падабаецца, калі да вас у школу ці ў садок прыязджаюць пажарныя машыны, а выратавальнікі дазваляюць пасядзець за рулём ці даюць агонь «патушыць» з пажарнага ствала, ці надзець «баёўку». Мяне гэта захапляе – эмоцыі зашкальваюць! 

А цяпер жа ў нас канікулы – таму я катаўся разам з выратавальнікамі па летніках. Ну і цікава ж мне было! 

Калі нехта думае, што пажарныя – гэта такія строгія дзядзькі, якія прыходзяць і толькі гавораць «так не рабі, гэта не чапай, а тое ўвогуле заўсёды небяспечна», то ён вельмі памыляецца. Да дзяцей супрацоўнікі МНС прыязджаюць з конкурсамі і гульнямі. А самым маленькім яны яшчэ і мульцікі пра бяспеку паказваюць – «Чароўная кніга» называюцца. Бачылі?

1.jpg



Мне было прыемна, калі дзеці правільна адказвалі на пытанні віктарын. Я рады, што яны ведаюць, што ў службу выратавання можна патэлефанаваць па нумарах 101 альбо 112; што агонь для дзіцяці – не цацка; што нельга пакідаць без нагляду ўключаныя электрапрыборы; нельга купацца там, дзе забаронена, а таксама гуляць у вадзе. Напэўна, пра гэта ім і бацькі часта нагадваюць – і гэта правільна, бо хто, як не яны, у першую чаргу павінны вучыць нас усяму, у тым ліку і бяспечным паводзінам. На ўсялякі выпадак нагадаю дарослым: не забывайцеся і самі быць прыкладам – гэта вучыць лепш за словы. 

А  ведаеце, дзе я яшчэ быў з выратавальнікамі? На свяце вёскі ў аграгарадку Рытань. Мы правялі там «Кірмаш бяспекі». Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прапанавалі шмат конкурсаў і забаў, за якія можна было атрымаць падарункі. Напрыклад, дарослыя спаборнічалі ў перацягванні пажаранага рукава – і пераможцы атрымалі кавун. А Воўк з «Чароўнай кнігі», які прыехаў разам з намі, фатаграфаваўся з усімі жадаючымі.

2.jpg

3.jpg


Вось так у мяне праходзіць лета. Вы толькі не падумайце, што я не адпачываю. Хапае мне часу і на гульні з сябрамі, і на паездкі да бабулі з дзядулем – але нідзе і ніколі я не забываюся пра бяспеку, чаго і вам раю.  


З павагай Ягор


Текст: Главный администратор