Гервяцкае жніво: лідарамі не нараджаюцца – імі становяцца

11:43 / 24.07.2019

З першых дзён масавай уборкі гервяцкія камбайнеры, вадзіцелі і аператары зернесушыльных установак трывала замацаваліся ў лідарах раённага жніва, і, па ўсім бачна, не збіраюцца здаваць пазіцый і саступаць першынства хлебаробам іншых гаспадарак. Ды і па тэмпах жніва КСУП “Гервяты” ў раёне наперадзе: па стане на 23 ліпеня тут абмалочана27% жніўных плошчаў пры сярэднераённых 18%.

IMG_3415.jpg

Летась першымі ў раёне жаданую тысячу тон збожжа намалацілі бацька і сын Андрэй і Мікіта Вінцкусі. 


Напрыканцы мінулага тыдня наш журналіст пабываў на гервяцкіх нівах, пагутарыў з хлебаробамі і паспрабаваў высветліць вытокі спрыту і працавітасці гервяцкіх механізатараў.

Плошча збожжавых і зернебабовых культур у КСУП “Гервяты” – 4 153 гектары, на абмалоце якіх працуе 16 камбайнаў, адзін з якіх – навюсенькі КЗС-2-1218. Сёлета на ім працуе сямейная пара Янкавічаў. Калі для Дзмітрыя сёлетняе жніво ў якасці камбайнера другое, то для яго жонкі Веранікі – першае.

– У КСУП “Гервяты” працую бухгалтарам. Вырашыла дапамагчы мужу на ўборцы – і на гэты час узяла адпачынак. Цяжка? – усміхаючыся, перапытвае маладая жанчына. – Ды не… Наадварот: рамантыка!

Падчас уборкі камбайны ў КСУП “Гервяты” будуць разбіты на чатыры звяны. У дзень майго прыезду восем жалі яравы ячмень, шэсць – заканчвалі ўборку рапсу.

– Сёлета крыжакветкавы сыплецца лепш, чым у мінулым годзе: даў пад 30 цэнтнераў на круг. Усяго ў гаспадарцы пад гэтую культуру сёлета адвялі 650 гектараў, – каментуе галоўны аграном КСУП “Гервяты” Аляксандр Кавалька. – Ужо выканалі дзяржзаказ на пастаўку насення рапсу: 500 тон здалі на Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў.

IMG_3350.jpg

Галоўны аграном КСУП “Гервяты” Аляксандр Кавалька


Рапс у сэнсе ўборкі наогул складаная культура – яго сцябліна не высыхае да канца, таму чысціць камбайн трэба некалькі разоў за дзень, каб зерне не прасыпалася на зямлю, а трапляла ў бункеры аўтамабіляў.

– Думаю, што і збожжа сёлета павінна лепш урадзіць, чым у мінулым годзе, – працягвае галоўны тэхнолаг гервяцкіх палёў. – З восені пасеялі на 350 гектараў больш азімых – у апошнія гады яны лепш родзяць за яравыя. Ячмень нядрэнна выглядае, а вось яравая пшаніца дзе-нідзе падгарэла – адчуваецца недахоп вільгаці ў час налівання коласу.

Нягледзячы на прагрэсіўныя тэхналогіі ў раслінаводстве, нябесная канцылярыя ўсё ж уносіць свае карэктывы ў планы аграрыяў.

– Калі патрэбен быў дождж – няшчадна паліла сонца. Надышла пара ўбіраць – ліюць дажджы. І што гэта ў свеце робіцца? – дзівуючыся, паціскае плячыма вадзіцель Уладзімір Бараноўскі. – У гаспадарцы працую з 1982 года. І за гэты час такога надвор’я не прыпомню.

IMG_3336.jpg

Пасля загрузкі збожжа вадзіцель Уладзімір Бараноўскі старанна закрывае яго брэзентам, каб па дарозе на сушылку не страціць ніводнага зярнятка

На адвозе збожжа ў КСУП “Гервяты” задзейнічана 14 адзінак тэхнікі. Нават пры далёкай ад рэкорднай ураджайнасці на гервяцкія зернесушыльныя ўстаноўкі штодзень трапляе каля 800 тон збожжа новага ўраджаю.

– У першыя дні ўборкі вільготнасць збожжа вагалася ў межах 15-16%, рапсу –13-14%, – расказвае Аляксандр Кавалька. – Раз прагналі на сушылцы – і ў засекі. Вось і надалей сонечна было б. А то пойдуць дажджы – збожжа трэба будзе доўга даводзіць да кандыцыі.

Новы ўраджай у КСУП “Гервяты” ўбіраюць добра вядомыя ў раёне экіпажы. Бацька і сын Андрэй і Мікіта Вінцкусі летась першымі ў раёне намалацілі тысячу тон збожжа. Цікаўлюся ў камбайнераў, ці плануюць сёлета паўтарыць мінулагодні вынік.

– Як карта ляжа, але ва ўсялякім выпадку будзем старацца, – з усмешкай на вуснах гаворыць Андрэй. – Канешне, прыемна быць першым у раёне, але варта разумець, што гэта вынік не толькі нашай работы, яшчэ інжынернай, агранамічнай служб і многіх іншых працаўнікоў.

– Будзем імкнуцца не падвесці нашу гаспадарку, – сціпла падтрымаў бацьку Мікіта.

З розніцай у некалькі тон апярэдзіў Вінцкусяў экіпаж у складзе камбайнера Валерыя Васільчыка і яго памочніка Вадзіма Лукойця. Пытаюся ў хлебаробаў, што будуць рабіць, каб утрымаць лідарства – у спіну дыхаюць не толькі калегі са сваёй гаспадаркі, але і з іншых.

IMG_3376.jpg

Камбайнер Валерый Васільчык шплінтуе транспарцёр


IMG_3370.jpg

Вадзім Лукойць упершыню дапамагае на жніве камбайнеру

– Што рабіць? Уцякаць! Толькі наперад, – жартуючы, адказаў Валерый. – Летась крыху не пашанцавала: разам з напарнікам мы другія ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў намалацілі тысячу тон збожжа. Можа, сёлета пашчасціць?! Дамовіліся з Вадзімам па чарзе абедаць, каб камбайн не прастойваў.

...Што ж, няма чаго дзівіцца, што ў лідарах раённага жніва скрозь мільгаюць прозвішчы гервяцкіх хлебаробаў: спрытнасць рук – і ніякага ашуканства.

IMG_3333.jpg

За дзень Віктар Бабойць на прэс-падбошчыку “Тарнада” накручвае каля 200 рулонаў саломы


У тэму

Па стане на 23 жніўня ў КСУП “Гервяты” абмалацілі 1 120 гектараў ніў. Валавы намалот склаў 3 716 тон збожжа ўраджайнасцю 33,2 цэнтнера з гектара.

IMG_3311.jpg

Летась падчас раённых “Дажынак” Валерый Кірпа быў прызнаны пераможцам жніўнага спаборніцтва сярод вадзіцеляў. На аўтамабілі ГАЗ-САЗ-3507 мужчына перавёз 3 484 умоўныя тоны зерня


IMG_3325.jpg

Камбайнер Валянцін Гайдуль і яго памочнік Уладзімір Бурко не першы сезон працуюць у пары


Текст:
Фото: Алена Ганулич