Да сустрэчы, Su Lietuva

09:23 / 08.07.2019

Кожны адпачывае па-свойму: хтосьці едзе да бабулі і дзядулі, хтосьці бавіць час на рэчцы, хтосьці падарожнічае з роднымі, а некаторыя (і я ў тым ліку!) карыстаюцца магчымасцю атрымаць станоўчыя эмоцыі і завесці новыя знаёмствы ў летніку.

Летнікаў, дзе можна правесці час, у нашым раёне хапае. На канікулах я вырашыла адпачыць у летніку Su Lietuva, які месціцца ў Рымдзюнскай СШ з літоўскай мовай навучання. І адразу скажу, што не памылілася ў сваім выбары! Атмасфера, якая тут панавала на працягу 9 дзён, дала станоўчы зарад энергіі на ўсё лета.

11.jpg

Кожны дзень пачынаўся і заканчваўся музыкай. А які ж падлетак яе не любіць! А затым заняткі па душы: можна было вывучаць літоўскую мову, займацца сучаснымі танцамі альбо працаваць з псіхолагам. Я паспрабавала ўсё.

У летніку была магчымасць праявіць свае таленты, і гэтым я таксама скарысталася. Падчас конкурсу талентаў я чытала верш і заняла І месца.

А яшчэ мы падарожнічалі па раёне і за яго межамі: вайсковая часць у Варнянах, Мірскі замак – было цікава.

2.jpg

Увогуле ўсе мерапрыемствы, якія праходзілі ў летніку, пакінулі толькі станоўчыя эмоцыі. А яшчэ (і лічу гэта самым каштоўным!) я набыла новых сяброў.

На жаль, час бяжыць хутка, і дзевяць дзён летніка прайшлі як адзін – прыйшла пара ад’язджаць дадому. Не хацелася раставацца з сябрамі і з выхавальнікамі. Асаблівую падзяку хачу выказаць начальніку летніка Аліцыі, выхавальніцы Ірыне Мікалаеўне і кіраўнікам па танцах Антону Анатольевічу і Таццяне Алегаўне.

Я не развітваюся з летнікам Su Lietuva, а гавару да новых сустрэч!

Паліна ЯРМАК,
вучаніца Міхалішкаўскай сярэдняй школы

Текст: Главный администратор