Для Казіміра Супрановіча галоўнае ў жыцці – сям’я
14:37 / 30.06.2019
Казімір нарадзіўся на Ашмяншчыне ў шматдзетнай сям’і: маці працавала ў калгасе даяркай, бацька – жывёлаводам, а чацвёра дзетак дапамагалі ім абысціся дома па гаспадарцы і ўправіцца з работай на ферме.
– З дзяцінства прывык да жывёлы, – гаворыць Казімір. – Працы ніколі не баяўся. На комплексе работа для мяне звыклая: дапамагаю на дойку падганяць жывёлу, потым уключаю даільную ўстаноўку. Цяпер не тое, што раней: камп’ютар сам сочыць за працэсам дойкі, чалавечы фактар тут мінімізаваны.
На малочна-таварны комлекс Казімір прыйшоў пасля заканчэння Ашмянскага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзе, дарэчы, пазнаёміўся з будучай жонкай Алесяй.
– Пра жыццё ў горадзе ніколі не думаў – не маё гэта. Нават падчас вучобы не мог дачакацца выхадных, каб паехаць на вёску да бацькоў: там прастора, работа заўсёды знойдзецца. А чым займацца ў горадзе, калі жывеш у кватэры? Ад суму можна памерці, – усміхаючыся, прызнаецца мужчына.
У свае дваццаць чатыры гады Казімір – шчаслівы муж і бацька траіх дзяцей: Яраслава і двайнят Арсеня і Дар’і.
– Галоўны скарб у маім жыцці – сям’я, – шчыра прызнаецца Казімір. – Калі вяртаюся стомлены дадому, дзеці бягуць навыперадкі са словамі «Татачка прыйшоў!» Крылы за спінай вырастаюць, а стому нібы рукой здымае. Сям’я для мяне – найвялікшае шчасце!
Побач з домам малады муж і бацька разбіў невялікі сад, каб восенню дзеці маглі ласавацца ўласнымі яблыкамі і грушамі.
Прышчэпленая з дзяцінства бацькамі працавітасць не дае Казіміру сядзець без справы – Супрановічы трымаюць вялікую гаспадарку: свіней, індыкоў, курэй.
– Ніколі не разумеў людзей, якія ў пошуках лепшай долі выязджаюць у Мінск ці ў Гродна. Нездарма ж кажуць: добра там, дзе нас няма, – лічыць мужчына. – І на вёсцы можна добра жыць – абы былі рукі і жаданне. У Дайлідках – мая сям’я, мой дом – маё шчасце.