Аб чым марыць пажарны Аляксандр Букель

12:29 / 30.06.2019
1207
Памятаеце астравецкую хакейную каманду школьнікаў, якая неаднойчы граміла зборныя іншых раёнаў вобласці? А як нашыя юныя хакеісты занялі трэцяе месца ў рэспубліцы? Дык вось адзін з тых хакеістаў – старшы пажарны пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Аляксандр Букель.

YHruvSc8VL0.jpg

– Уражанні ад той нашай перамогі незабыўныя, – гаворыць малады чалавек. – А ў хакей мяне прывёў тата: калі мне было гадоў 6-7, ён узяў мяне на трэніроўку. Мне спадабалася гульня! Памятаю, як упершыню ўзяў татаву клюшку, якая мне здавалася вялікай! Тады ж мяне заўважыў трэнер і запрасіў прыходзіць на заняткі. 
Ад такой прапановы маленькі Аляксандр не адмовіўся. Жаданне сына падтрымаў і бацька. 
Спачатку хлопец стаяў на варотах, потым яму дазволілі выйсці ў поле. Так пачалося яго самае вялікае захапленне, якім ён жыве і зараз: гуляе ў зборнай камандзе па хакеі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС.
Са спортам малады чалавек увогуле на «ты»: у дзяцінстве ўсё лета з сябрамі праводзіў на гарадскім стадыёне, гуляючы ў футбол, а зімой амаль не выходзіў за межы хакейнай каробкі. Займаўся Аляксандр скачкамі ў вышыню і даўжыню, цяпер цікавіцца настольным тэнісам. 
Спорт дапамог яму падрыхтавацца да пра­фе­сіі выратавальніка – у МНС ён працуе ўжо чатыры гады.
– Ніколі не думаў аб тым, каб з’ехаць у нейкі другі горад, – дзеліцца малады чалавек. – Мне падабаецца Астравец. Добра, што ён расце і прыгажэе. Тут у мяне работа, якую я люб­лю, хоць яна і небяспечная. Прызнаюся: на пажары мы робім усё на аўтамаце, таму ўсведамленне сітуацыі прыходзіць толькі праз некалькіх гадзін. Я ўжо выратаваў некалькі чалавек – і гэтым ганаруся. Як і тады, калі каманда 15-гадовых астравецкіх хакеістаў стала трэцяй у рэспубліцы.
Адкрыты, актыўны, шчыры, цікавы, з доб­рым пачуццём гумару і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу – вось такі Аляксандр Букель. А яшчэ ён, бачна, рамантык – прызнаўся, што марыць скокнуць з парашутам.
Текст: Светлана Фёдорова
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений