Фестиваль спортивных семей позвал на старт

12:20 / 21.06.2019

У час, калі ўся краіна жыве ІІ Еўрапейскімі гульнямі, у Астраўцы вырашылі не адставаць ад агульнага спартыўнага настрою і напярэдадні іх адкрыцця правялі раённы спартыўны фестываль “Тата, мама, я – здаровая сям’я”. Арганізатарам яго выступіў фізкультурна-спартыўны клуб і непасрэдна Вадзім Лебядзевіч, які быў на гэтым свяце адзіным ў многіх іпастасях: арганізатарам, суддзёй і ўдзельнікам: разам з сынам і дачкой яны таксама ўдзельнічалі ў спаборніцтвах – праўда, па-за залікам.

1.jpg

Трэба сказаць, што час для правядзення падобнага фестывалю – калі, вядома, не браць у разлік іх прысвячэнне галоўнай спартыўнай падзеі – быў абраны не самы ўдалы: летнія канікулы, дзеці адпачываюць у летніках ці ў бабуль. Магчыма, таму да ўзроўню фестывалю ён, па праўдзе кажучы, не дацягваў.

Тым не менш, хоць і ў аслабленым складзе, але заўсёднікі ўсіх сямейных стартаў – сем’і Буднікаў, Парамонавых, Мекіных – без ваганняў адгукнуліся на прапанову весела, цікава і карысна правесці вольны вечар. Дапоўнілі склад удзельнікаў, акрамя ўжо ўзгаданых Лебядзевічаў, Юркевічы і госці з Мастоў Гурыновічы, якія прыехалі ў Астравец ўсёй сям’ёй, уключаючы двухгадовую Ангеліну. Малышка ў спаборніцтвах пакуль не ўдзельнічае – але, як з усмешкай расказала мама Вікторыя, талісманам каманды – таму і агульную перамогу – скажам, забягаючы наперад – прымала як цалкам заслужаную.

– На рэспубліканскіх сямейных спаборніцтвах мы пазнаёміліся з Вадзімам Лебядзевічам, які і запрасіў нас на гэты фестываль, – расказаў Ігар Гурыновіч. – А мы на пад’ём лёгкія. Да таго ж ніколі не былі ў вашым горадзе – чаму б і не прыехаць? Адпрасіліся з работы, тры гадзіны дарогі ў адзін бок… Затое які драйв!

3.jpg

Гурыновічы і сапраўды адчувалі і выпраменьвалі драйв ад удзелу ў кожным з відаў спаборніцтваў: ці яны збіралі пазлы, ці кідалі дроцікі ў дартсе і мячы ў баскетбольнае кальцо, ці скакалі з месца ў даўжыню, ці білі мячом па варотах, удзельнічалі ў эстафеце і ў спартландыі – усё ў іх атрымлівалася незалежна ад поспеху весела і з усмешкай.


Не адставалі ад гасцей і гаспадары. Адна толькі Арыядна Парамонава здольная была выклікаць замілаванне ў любога, хто назіраў, з якім імпэтам чатырохгадовая дзяўчынка імкнулася забіць мяч у вароты ці скокнуць як мага далей. Дастойная падтрымка і змена расце тытулаванай матулі, вядомай спартсменцы Марыі Парамонавай!

А васьмігадовы Ягор Буднік зрабіў, па меркаванні яго бацькоў, самы вялікі ўнёсак у агульную перамогу: хлопчык прынёс найбольш ачкоў у сямейную капілку ў некалькіх відах спаборніцтваў.

2.jpg

– Мы стараемся прымаць удзел ва ўсіх сямейных мерапрыемствах, што праводзяцца ў раёне – спартыўных, інтэлектуальных, культурных, -- сказаў у перапынку паміж спаборніцтвамі Васіль Буднік. – І няважна, якое месца зоймем – галоўнае, што мы – разам.


Дружна змагаліся за перамогу Аляксандр, Зоя і Арцём Мекіны – у хлопчыка нават быў свой чароўны каменьчык, які дапамагаў сям’і у самыя цяжкія моманты. Потым талісман, на жаль, страціўся, але кубак і салодкі прыз сям’я ўсё ж атрымала – зрэшты, як і ўсе іншыя.

– Нас на гэты фестываль сын прывёў, -- гаворыць Аляксандр Мекін. – Яму вельмі хацелася атрымаць кубак – і мы з мамай пастараліся дапамагчы сыну.

5.jpg

У гэтым фестывалі не было пераможцаў і пераможаных. Незалежна ад таго, у якой катэгорыі на якую прыступку п’едэсталу паднялася тая ці іншая сям’я – агульную і самую галоўную перамогу ў той вечар атрымалі здаровы лад жыцця і сямейныя каштоўнасці, калі “мы разам – і ўсё цудоўна!”

6.jpg

– Мне здаецца, усім удзельнікам ідэя падобнага фестывалю спадабалася. І таму хочацца зрабіць яго традыцыйным і абласным, – падзяліўся планамі на будучыню ініцыятар і арганізатар фестывалю Вадзім Лебядзевіч. – У наступным годзе пастараемся пазбегнуць промахаў, якія здарыліся сёлета – і спадзяемся, што ўдзельнікаў будзе больш.

…Ну што ж, магчыма, першая ластаўка, якая завітала да нас у чэрвені, і зробіць у будучым астравецкую сямейную спартыўную вясну. Было б здорава!

7.jpg

4.jpg

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик
Видео: Нина Рыбик