Скульптура на белькишском кольце: нужна ли и какая?

10:38 / 11.06.2019

Пасля таго, як падчас красавіцкага суботніка добраўпарадкавалі аўтамабільную кальцавую развязку з боку Бялькішак, узнікла ідэя: у цэнтры яе ўстанавіць скульптурную кампазіцыю. Якую? – гэтае пытанне пакуль застаецца адкрытым.

Рэпарцёр «раёнкі» выйшаў у свет, каб распытаць пра гэта астраўчан. Тэму вырашылі прадоўжыць на сайце газеты, прапанаваўшы яго наведвальнікам выбраць адзін з магчымых варыянтаў адказу на гэтае пытанне.

Больш як за два тыдні доўжылася апытанне – і вось якія вынікі атрымаліся.

Як вы лічыце, што лепш устанавіць на кальцавой развязцы з боку Бялькішак?

Пасадзіць дуб – сімвал горада

10 галасоў

12,6 % апытаных

Устанавіць сімвалічную ажурную скульптуру дуба

8

10,1 %

Знак мірнага атама

17

22 %

Высокую стэлу з гербам Астраўца

10

12,6 %

Скульптуру Маці Божай

14

18 %

Нічога там устанаўліваць не трэба

18

22,7 %

Ёсць спецыялісты – няхай яны і вырашаюць

2

2,5 %

Калі па шчырасці, то крыху крыўдна, што так няшмат галасоў набралі прапановы ўстанавіць сімвал горада. Скептычныя адносіны землякоў да ідэі з пасадкай дуба зразумець можна: усё ж дуб ні за пяць, ні нават за дзесяць гадоў у магутнае дрэва не вырасце – а хочацца, каб развязка мела закончаны выгляд трохі хутчэй, чым праз сто гадоў.

І ажурная кампазіцыя таксама не вельмі ўражвае: калі яна будзе невысокай, то «страціцца», а калі, наадварот, грандыёзнай, то, якімі б ажурнымі ні зрабілі ствол, галіны і лісце дуба – яны будуць закрываць агляд, а на аўтамабільнай развязцы бяспека – асноўная ўмова, якая нашмат важней прыгажосці.

А вось высокая стэла з гербам горада ўяўлялася цалкам прымальным варыянтам. На жаль, маё меркаванне падзяліла толькі 10 чалавек.

Доўгі час у апытанні лідзіраваў варыянт «Фігура Маці Божай»: 14 чалавек пагадзіліся, што яе апека патрэбна гораду і яго жыхарам. Падобная скульптура ўстаноўлена на ўездзе ў Маладзечна з боку Мінска – прыгожа, сімвалічна, з сэнсам. 

Вось толькі ці варта нам паўтарацца? Хацелася б, каб у Астраўцы быў свой непаўторны сімвал…

…Такім сімвалам большасць апытаных, якія станоўча ацэньваюць магчымасць устаноўкі падобнай скульптурнай кампазіцыі, лічаць знак мірнага атама. Ідэя, вядома ж, таксама не самая арыгінальная. Але, думаецца, калі аб’яднаць яе з іншай прапановай – стэлай з выявай герба – у адну кампазіцыю, то была б і адметнасць, і арыгінальнасць, тут прысутнічала б і даніна павагі старому гораду, і вітанне новага, які будуецца дзякуючы мірнаму атаму.

Магчыма, спецыялісты маглі б сказаць з гэтай нагоды сваё важкае слова – хоць толькі двое з тых, хто прыняў удзел у апытанні, надаюць іх меркаванню асаблівае значэнне. А дарэмна…

Засмуціла і тое, што найбольш апытаных лічаць, што на бялькішскім кальцы нічога ўстанаўліваць не трэба – і так добра!

А яшчэ больш – тое, што ў апытанні, прысвечаным будучаму выгляду нашага горада, дзе большасць з нас плануе пражыць асноўную частку свайго жыцця, прыняло ўдзел так мала зацікаўленых – усяго 79 чалавек! Ніхто ж не прымушаў падпісвацца, аргументаваць свой выбар – дастаткова было проста сказаць, што, на вашу думку, лепш – тое ці гэтае. Не захацелася…

Вось калі ўстановяць нешта – што б там ні было! – упэўнена: адразу знойдзецца мноства дамарошчаных крытыкаў, якія раскажуць, што гэта вельмі дрэнна, і патлумачаць, чаму, і раскажуць, што там павінна было быць, і як гэта можна было зрабіць. А падказаць тады, калі пытаюць – навошта? Не мая справа… Начальству лепш бачна…

То чаму ж любая справа становіцца сваёй, калі «бойка» ўжо завершана і застаецца толькі махаць кулакамі. Ці не таму, што крытыкаваць чужую работу заўсёды прасцей, чым нешта зрабіць самому?


 

Текст: Нина Рыбик