У першую нядзелю чэрвеня меліяратары адзначаюць прафесійнае свята

09:03 / 02.06.2019
527

З нагоды прафесійнага свята меліяратараў мы задалі пяць пытанняў аб галоўным дырэктару Астравецкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, дэпутату раённага Савета дэпутатаў Вадзіму  Вянгроўскаму. 

Вянгроўскі.jpg

1. Як вы думаеце, у меліярацыі лягчэй працаваць у савецкія часы ці цяпер?

– У савецкія часы я яшчэ не ўзначальваў Астравецкае ПМС. (Усміхаецца). Напачатку маёй прафесійнай дзейнасці  мне працавалася прасцей, напэўна, таму, што малады быў, больш ідэалістычна глядзеў на многія рэчы. Але з гадамі прыходзіць вопыт – ён лепшы дарадца ў многіх справах. У кожны перыяд работы былі свае нюансы, хоць, напэўна, у савецкія часы прадпрыемства атрымлівала добрыя датацыі ад дзяржавы.

2. Сёлетні год асабіста для вас юбілейны – 15 гадоў вы ўзначальваеце прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Якім яно было, калі пачыналі працаваць, якое зараз?

– Напачку 2000-х пачыналася ста­наўленне ПМС. Да гэтага меліярацыя знаходзілася ў ценю. Прарыўнымі сталі 2004-2005 гады: з боку дзяржавы мелія­рацыйнай галіне надавалася вялікая ўвага – грунтоўна абнавіўся машынна-трактарны парк. 

Цяпер у нас 9 экскаватараў, з якіх 2 – калёсныя, 5 бульдозераў, 8 трактароў і 6 аўтамабіляў для падвозу работнікаў на аб’екты. Тэхніка, канешне, не новая – але рамантуем, набываем запчасткі. Выплачваем лізінг за машыны, якія набылі ў 2012-2013 гадах. У наступным годзе плануем закупіць некалькі экскаватараў і бульдозераў – яны асноўная сіла меліярацыі.  Сёлета набылі УАЗ для падвозу работнікаў, купім яшчэ адзін у гэтым годзе. 

3. Меліяратары – галоўныя памочнікі аграрыяў, у якіх, згодна з народнай муд­расцю, восенню – работ восем, а то і больш. Ці падыходзіць гэта выслоўе да вашай работы, і калі ў меліяратараў  самая напружаная пара?

– Раней зімой мы звычайна раман­тавалі тэхніку – яна была састарэлай, патрабавала шмат укладанняў. Апошнія некалькі гадоў сезон пачынаем у студзені-лютым: працуем на рэканструкцыі аб’ектаў, праводзім карчоўку кустоўя, чысцім каналы. Вясной і летам, канешне, больш работы ў параўнанні з зімой. 

У свой час асноўным клопатам меліяратараў было будаўніцтва мелія­рацыйных сістэм. Цяпер мы займаемся іх рэканструкцыяй і доглядам за меліярацыйнымі каналамі.

Увогуле нашы работнікі літаральна круглы год працуюць, што называецца ў палявых умовах, таму працоўны дзень летам даўжэйшы, чым зімой. 

4. Чыю работу можаце адзначыць?

– На прадпрыемстве працуе 62 чала­векі. Касцяк калектыву – людзі, якія прысвяцілі раённай меліярацыі не адзін год свайго жыцця. Пяць працаўнікоў у 2011 годзе атрымалі званне «Ганаровы меліяратар».  

Хачу адзначыць экскаватаршчыкаў  Валерыя Кацінеля, Алега Мельнічука, Валерыя Якеля, Генадзя Веську; буль­дазе­рыстаў Паўла Расамацкага, Дзяніса Скарульскага, Віталя Вянгроў­скага і Лявона Ражко, дарэчы, ён працуе на прадпрыемстве ажно 43 гады. Добра сябе зарэкамендавалі трактарыс­ты Пётр Урлік, Валерый Каспяровіч, Іван Шпак, Міхаіл Лемяшэўскі, намеснік дырэктара па механізацыі  Віктар Ла­зоў­скі, інжынер па ахове працы Лідзія Сухажэўская, галоўны бухгалтар Яніна Грынчук, бухгалтар Валянціна Шэміс, вадзіцелі Віктар Мілешка, Анатоль Яскулоўскі і Генадзь Якель… 

Ведаеце, можна агучыць прозвішчы ўсіх нашых работнікаў – усе ведаюць і разумеюць спецыфіку работы меліяратара і верай і праўдай шмат гадоў працуюць у раённай меліярацыі, але не хопіць старонкі. (Усміхаецца).

5. Што пажадаеце сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?

– У першую чаргу – здароўя. Калі чалавек сябе добра адчувае, тады і работа спорыцца, і дома – лад і парадак. Няхай некалі абраная вамі справа прыносіць задавальненне, а побач заўсёды будуць блізкія і любімыя людзі. Шчасця і пабольш радасных сонечных дзён!

– Дзякуй, Вадзім Станіслававіч, за гутарку – і з надыходзячым святам!


ЛІЧБА

14 000 гектараў меліярыраваных зямель – на Астравеччыне.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений