Запрашаем на сустрэчу з Карнэліем Консэкам

12:39 / 16.03.2011

У чацвер, у 13 гадзін, адбудзецца закрыццё фотавыставы Карнэлія Консэка “Крыніца жыцця і любові – сям’я”, якая працавала ў дзіцячай школе мастацтваў.


За час, што дзейнічала выстава, з ёю пазнаёміліся многія жыхары Астравеччыны. У некаторых з’явіліся нават любімыя работы, на якія хочацца глядзець бясконца. Пры ўсёй сваёй уяўнай прастаце яны наводзяць на глыбокі філасофскі роздум пра сям’ю, вытокі яе шчасця і няшчасцяў – гэта адна з асаблівасцей стылю Карнэлія Консэка.
А заўтра выстава, якая пабывала ўжо не ў адным горадзе нашай краіны, пакіне Астравец, каб прадоўжыць сваё падарожжа, несучы людзям ідэі любові і дабра. У дзень закрыцця выставы можна будзе не толькі яшчэ раз паглядзець на работы, якія закранулі душу, але і пагутарыць з іх аўтарам, задаць пытанні, даведацца пра думкі і светаадчуванне таленавітага фотамастака брата Карнэлія Консэка, які будзе прысутнічаць на цырымоніі закрыцця выставы.
Запрашаем усіх на сустрэчу!