Знаёмімся з пераможцамі конкурсу "Астравеччына, край дарагі"

12:33 / 16.03.2011
5
Мы ўжо паведамлялі, што пераможцамі чарговага фотаконкурсу, які дзейнічаў на сайце “Астравецкай праўды” і насіў назву “Астравеччына, край дарагі”, сталі два здымкі: “Успаміны аб леце” Жанны (па выніках галасавання наведвальнікаў сайта) і “Адзінокі дуб” Івана Дзятловіча (па версіі калектыву рэдакцыі). Днямі ў рэдакцыі адбылося ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу і знаёмства з імі, бо да гэтага мы ведалі толькі імёны пераможцаў.

Аўтар некалькіх здымкаў, якія занялі тры першыя месцы па выніках галасавання наведвальнікаў сайта, Жанна, аказалася настаўніцай Гудагайскай школы Жаннай  Леанардаўнай Бернюкевіч – вельмі мілай і прыемнай жанчынай, якая, што нас асабліва парадавала, цудоўна размаўляе на беларускай мове. Жанна Леанардаўна расказала, што фатаграфіяй займаецца не так даўно – гадоў пяць, і то на ўзроўні аматара – пагэтаму каментарыі, якія пакідаў на сайце “Адшэльнік”, як яна прызналася, былі хоць і цікавыя, але малазразумелыя.


 –Вось каб гэты “Адшэльнік”, які ўвесь час падкрэслівае, што ён не прафесіянал, а аматар, і разам з тым робіць вельмі прафесійны аналіз конкурсных фотаздымкаў, правёў з фотааматарамі-пачаткоўцамі своеасаблівы майстар-клас – было б і цікава, і карысна…
Шаноўны “Адшэльнік”, лічыце гэта прапановай не толькі Жанны Бернюкевіч, але і рэдакцыі “Астравецкай праўды”, да якой, думаецца, далучацца многія фотааматары.
Жанна прызналася, што гэта яе першая перамога ў падобным конкурсе – ды, па вялікаму рахунку, і ўдзел у конкурсе, можна сказаць, першы — да гэтага яна прапаноўвала свае фотаздымкі толькі на мінулы рэдакцыйны фотаконкурс “Шчодрая восень”. Першая спроба была не вельмі ўдалай — затое якая пераканаўчая перамога ў зімовым этапе!
—Я вельмі ўдзячная рэдакцыі за тое, што існуюць падобныя конкурсы. Калі яны будуць арганізоўвацца і надалей – абавязкова стану прымаць у іх удзел, гэта вельмі цікава. А калі ўдаецца перамагчы, то і прыемна — сказала на развітанне Жанна.


* * *
У Івана Дзятловіча больш багаты вопыт і ў валоданні фотакамерай, і ва ўдзеле ў фотаконкурсах. Хоць ён таксама не адносіць сябе да прафесіяналаў (зрэшты, вельмі мала ёсць фатографаў, у тым ліку і сярод самых вядомых, якія вучыліся гэтаму ў нейкай спецыяльнай установе і маюць адпаведны дыплом. Гэта, як і любы іншы талент: ён альбо ёсць, альбо няма).


Першы фотаапарат – просценькую “Вілію” Івану, па яго прызнанні, падарыў бацька ў восьмым класе. Першы энтузіязм затым змяніўся пэўным затуханнем  інтарэсу да фотаздымак, які вярнуўся з развіццём лічбавай фатаграфіі – і стаў справай жыцця. Цяпер Іван з фотакамерай не расстаецца. Здымае ўсё, што зачэпіць вока, але, па ўласным прызнанні, найбольш любіць пейзажы, найперш – неба, аблокі, іх недагаворанасць, імклівасць, філасафічнасць…. “Адзінокі дуб”  са здымка-пераможцы даўно зачапіў яго, але праязджаючы раз-пораз каля волата, Іван усё не знаходзіў, не бачыў жаданай аздобы для велічнага дрэва, якая б прымусіла яго «загаварыць»: неба было не тое, аблокі, святло… І вось аднойчы нарэшце – злавіў!
Іван марыць, каб і сын яго, чатырохгадовы Яраслаў, “захварэў” фатаграфіяй. Малыш ужо спрабуе рабіць здымкі – і сёе-тое ў яго нават атрымліваецца, не па веданні – па натхненні.
— Вось прыйдзе лета – і, спадзяюся, мы з сынам паблукаем, узяўшы фотаапарат, па Астраўцы і ваколіцах. Мне б хацелася нават зрабіць выставу дзіцячай фатаграфіі – гэта ж так цікава: дзіцячы погляд на свет цераз аб’ектыў фотаапарата.

Абодва пераможцы конкурсу атрымалі ад рэдакцыі дыпломы пераможцаў і памятныя сувеніры.
А ўсім астатнім нагадваем: на нашым сайце пачаўся новы рэдакцыйны фотаконкурс “Яе Вялікаць Жанчына”. Здымкі для ўдзелу ў ім можна дасылаць на электронны ці паштовы адрас рэдакцыі. Галасаванне на сайце пачнецца ў красавіку. А пераможцаў зноў будзе двое: па выніках галасавання наведвальнікаў сайта і па версіі рэдакцыі.
Удзельнічайце — і перамагайце!


Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя Памецькі  (Жанна Бернюкевіч) і аўтапартрэт Івана Дзятловіча.