Чаму Святлана Раманоўская не стала трактарыстам, а Кацярына Шаблавінская – міліцыянерам

23:17 / 17.05.2019
1213

Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі фізічнай культуры і спорту. Сёння мы раскажам пра дзвюх жанчын, якія з мноства цікавых прафесій выбралі шлях да Яго Вялікасці Спорту, – намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці Астравецкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Святлану Браніславаўну Раманоўскую і настаўніцу фізічнай культуры сярэдняй школы № 2 Кацярыну Францаўну Шаблавінскую.

IMG_4321.jpg

Святлана Раманоўская


IMG_4307.jpg

Кацярына Шаблавінская

– Як завязалася сяброўства са спортам?

Святлана Браніславаўна: Для мяне з пачатковых класаў урок фізкультуры займаў першае месца сярод астатніх. Я ўдзельнічала ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы: кідала дыск і ядро. Пасля мяне заўважылі трэнеры спартыўнай школы і прапанавалі заняцца ручным мячом (гандболам) – у Ашмянах, адкуль я родам, гэты від спорту заўсёды быў папулярны. Стала хадзіць на трэніроўкі, едзіць на спаборніцтвы – мне спадабалася. А пасля 9 класа пайшла вучыцца ў рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву. І я зразумела, што спорт – гэта маё.

Кацярына Францаўна: Старэйшая сястра захаплялася баскетболам – паціху і мяне “падсадзіла” на яго. Я наведвала секцыю па спартыўнай хадзьбе, удзельнічала ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, гуляла ў валейбол, але больш за ўсё падабаўся баскетбол. Дзякуючы яму, я і пасябравала са спортам.

– Калі зразумелі, што хочаце звязаць са спортам будучыню?

Святлана Браніславаўна: Калі ў 9 класе прыйшло пісьмо, што мяне запрашаюць на вучобу ў рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерва, бацькі пасадзілі мяне і спыталі: “Ты сапраўды гэтага хочаш?” Я была старэйшая з чацвярых дзяцей. Маці і бацьку было няпроста мяне адпусціць, але яны дазволілі зрабіць самой. Ніколі не забуду, як мама тады сказала: “Доча, вырашай сама, але памятай: сабіраеш сумку, выходзіш за парог – назад дарогі не будзе”. Канешне ж, я паехала вучыцца – мне так хацелася вырвацца з-пад бацькоўскай апекі і адчуць сябе самастойнай. Ох гэтая юнацкая самаўпэўненасць! У вучылішчы спачатку было цяжка: некалькі трэніровак на дзень плюс вучоба. Таму ўжо на першым тыдні я кожны дзень тэлефанавала дадому і плакала ў трубку: “Мамачка, забяры мяне адсюль. Я буду рабіць усё, што скажаш, толькі забяры!” А мама ў адказ: “Мы папярэджвалі. Выйшла за парог – вучыся!” Толькі пасля бацькі прызналіся, што самі плакалі пасля кожнага майго званка. Зараз разумею, чаго гэта ім каштавала, і я бясконца ўдзячна бацькам, што яны тады не дазволілі зламацца ні мне, ні сабе. Дзякуючы іх падтрымцы, я выбрала правільны шлях у жыцці.

Кацярына Францаўна: Што хачу быць настаўнікам фізкультуры, я вырашыла ў 10 класе. У такім выбары значную ролю адыгралі Уладзімір Мечыслававіч Чарнушэвіч і Марыя Іосіфаўна Сінкевіч. Яны праводзілі цікавыя ўрокі ў гульнявой форме, адначасова загартоўваючы нас і прывіваючы любоў да здаровага ладу жыцця. Мне таксама хацелася развіваць у дзецях спартыўны дух, таму пасля заканчэння СШ №1 паступіла на завочнае аддзяленне Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе атрымала спецыяльнасць “выкладчык фізічнай культуры, менеджар турызму і спорту”.

– Чаго хацелася больш: прафесійна займацца спортам ці вучыць гэтаму дзяцей?

Святлана Браніславаўна: У вучылішчы я сур’ёзна займалася гандболам: мы выступалі на розных спаборніцтвах і аб’ездзілі ўсю Беларусь. Дзякуючы гэтаму, у мяне ёсць сябры амаль у кожным горадзе. (Усміхаецца) Наша каманда выйграла першынства рэспублікі і выступала ў Еўропе, куды я, на жаль, з-за траўмы не трапіла. Пасля вучылішча паступіла на факультэт фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і там таксама гуляла ў гандбол – у складзе каманды “Гараднічанка”. Я была лінейным іграком і перад спаборніцтвамі праходзіла медагляд. Кожны раз урачы казалі: “Дзяўчынка, ты будзеш або вялікай спартсменкай, або добрай мамай”. Я заўсёды любіла дзяцей, на той час у мяне ўжо былі пляменнікі. Таму на 4 курсе вырашыла: хопіць з мяне ўжо спорта, я хачу быць мамай. Ніколі не пашкадавала аб тым рашэнні. Не ўсім заваёўваць медалі – некаму трэба рыхтаваць і будучых алімпійскіх чэмпіёнаў. А нерэалізаваны ў спорце пацэнцыял я ўкладваю ў сваіх вучняў.

Кацярына Францаўна: Прафесійна займацца мне хацелася толькі баскетболам, але ў Астраўцы не было такой магчымасці. Акрамя гэтага, па сямейных абставінах я паступіла на завочнае аддзяленне. Падчас сесій выкладчыкі, бачучы мае здольнасці, неаднаразова прапаноўвалі перавесціся на стацыянар і пачаць сур’ёзна трэніравацца. Але я вырашыла, што хачу быць настаўнікам і вучыць дзяцей. І ніколькі аб гэтым не шкадую. Калі прыйшла працаваць у СШ №1, мне далі класнае кіраўніцтва ў 5-м класе, праз паўтара года мы перайшлі ў СШ №2. Зараз мае дзеці ўжо вучацца ў 10-м класе. Гэта сапраўды мае дзеці! Яны часам мяне так і завуць – мама класная. У мяне наогул шмат цудоўных таленавітых вучняў, якія, нават скончыўшы школу, падтрымліваюць сувязь, прыходзяць да мяне на стадыён, пастаянна пішуць у сацыяльных сетках. Ніякія перамогі, медалі і спартыўныя званні не каштуюць такіх адносін.

IMG_5468.jpg

– Памятаеце, кім хацелі быць у дзяцінстве?

Святлана Браніславаўна: Мама і зараз успамінае, як у дзяцінстве на пытанне, дзе хочаш працаваць, я упэўнена адказвала: “У сяду”. Гэта я хацела весці фізкультуру ў дзіцячым садку.

Кацярына Францаўна: Я марыла быць супрацоўнікам інспекцыі па справах непаўналетніх. Мой тата Франц Казіміравіч Пяткевіч усё жыццё служыў у міліцыі, таму нічога дзіўнага, што я хацела стаць міліцыянерам. Але тата быў катэгарычна супраць – у адрозненне ад мяне, ён цудоўна разумеў, што такое праца ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Мне ж было шкада дзяцей, якія трапілі ў бяду, і хацелася ім дапамагчы. Аднак у школу міліцыі, куды хацела паступаць, быў патрэбен дазвол бацькоў, таму дзіцячая мара засталася марай. Зараз я разумею, што ўсё склалася да лепшага.

– Ці згодны з меркаваннем, што работнік фізічнай культуры – не вельмі жаночая прафесія?

Святлана Браніславаўна: Што жаночае, а што не – спрэчнае пытанне. Мой тата рамантаваў розную тэхніку. І здагадайцеся, хто круціўся ў гэты час побач? Брата не вельмі цягнула да тэхнікі, а вось я не адыходзіла ад бацькі. У яго была хітрая дамова: хто дапамагае – таму дасць пракаціцца. Праехаць на ЗІЛе ці “Газоне” – што ж можа быць лепш?! А калі ўжо тата склаў самаробны трактар – майму шчасцю не было мяжы. Я нават на дачу, нягледзячы на тое, што там даводзілася добра папрацаваць, ехала з задавальненнем, бо ведала – назад руліць буду я. Мама ведала пра гэта, таму загадвала завязваць хусцінку, бо кабіна трактара была без верха. Ды дзе там! Памятаю, еду за рулём, валасы развяваюцца, шыю выцягваю, каб мяне абавязкова ўсе сябры ўбачылі. Гэта ж нерэальна крута – праехаць самой на трактары. Аднойчы нават напалохала бацькоў, што на трактарыста вучыцца пайду. У школе я ніколі не была анёлам, і маме нярэдка даводзілася чырванець перад настаўнікамі за мае паводзіны. У 9 класе, калі прагуляла кантрольную, бацькі сабраліся на сямейную нараду. У Ашмянах ёсць тэхнікум, а ёсць вучылішча, так званая хабза. Пасля маёй выхадкі бацькі вырашылі адправіць мяне туды: мама – на повара, тата – на швачку. Я слухала-слухала іх размову, а пасля выходжу з пакою і заяўляю: “Так, шаноўныя бацькі! Я пайду вучыцца на трактарыста!” Мама як стаяла ля канапы, дык на яе і села. Добра, што хутка прыйшло пісьмо з вучылішча алімпійскага рэзерву аб залічэнні – не лёс мне быў стаць тарактарыстам. (Усміхаецца)

Кацярына Францаўна: Так, бывае часам складана, асабліва з хлопцамі-старшакласнікамі. З іншага боку, дзяўчаты працуюць у пагранічнай службе, міліцыі, будаўніцтве – таксама не жаночы занятак. Таму не ў прафесіі справа, а ў тым, ці прыносіць яна задавальненне.

– Сучасныя дзеці больш часу праводзяць у мабільніку ці за камп’ютарам, чым на стадыёне ці ў спартзале. Як зацікавіць іх спортам і што больш дзейснае – кнут ці пернік?

Святлана Браніславаўна: Пасля ўніверсітэта я паехала працаваць па размеркаванні ў горад Бярозаўку Лідскага раёна. У школе, куды накіравалі, вучылася больш за тысячу чалавек, але па выніках спаборніцтваў яна займала апошняе месца ў раёне. Калі пра гэта даведалася, мне так стала крыўдна за свой прадмет. Хацелася, каб фізкультуру паважалі гэтак жа, як матэматыку ці беларускую мову. Таму з першых урокаў дала зразумець дзецям, што спортам неабходна займацца і ў мяне палёгкі не будзе. Адзінаццацікласнікі, канешне, спачатку крытычна аднесліся да маіх патрабаванняў, але затым як і належыць здавалі ўсе нарматывы. Пры гэтым я асабліва не выкарыстоўвала ні кнута, ні перніка – усё атрымалася само сабой. З дзецьмі мне заўсёды было лёгка і цікава займацца – мы разумеем адзін аднаго. А як прыемна сустракацца з былымі вучнямі – гэта не апісаць словамі! Калі я пераехала ў Астравец і стала працаваць у спартыўнай школе, мне не хапала заняткаў з школьнікамі, таму сёлета зноў набрала групу па лёгкай атлетыцы.

Кацярына Францаўна: У мяне свой метад – гульні. Пасля размінкі я разам з дзецьмі ганяю мяч, бегаю, скачу, падцягваюся – паказваю ўсё на сваім прыкладзе. З малодшымі вучнямі мы прыдумваем свае гульні – і гэта яшчэ больш развівае ў іх цікавасць да спорту. Стараюся знайсці падыход і да старэйшых. Цяжка было, як толькі прыйшла працаваць. Але тады мне вельмі дапамаглі самі вучні, асабліва два Сашы – Лаўрыновіч і Філіповіч, ды і наогул увесь іх клас. Дзякуючы іх падтрымцы, я прайшла баявое хрышчэнне ў школе.

IMG_4300.jpg

– Якім уласным дасягненнем ганарыцеся?

Святлана Браніславаўна: Я ўжо казала, што калі прыйшла працаваць у Бярозаўку, наша школа займала апошняе месца ў раёне. Мне настолькі было крыўдна, што ў пачуццях тады сказала калегам: “Я толькі тады пакіну школу, калі па спартыўных паказчыках яна будзе на першым ці другім месцы”. Праз чатыры гады я пазнаёмілася з будучым мужам і рыхтавалася пераехаць да яго ў Астравец. Але перад гэтым высветліла, якое месца займае наша школа – яна была на другім. Сваё абяцанне я выканала!

Кацярына Францаўна: Больш за ўсё я ганаруся павагай дзяцей і іх поспехамі. Калі яны пішуць, тэлефануюць, прыходзяць у школу і дзякуюць за добрую падрыхтоўку, я разумею, што займаюся сваёй справай.

Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений