Маладыя педагогі Астравеччыны сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага фестывалю

09:27 / 17.05.2019

Восем маладых настаўнікаў з нашага раёна сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага фестывалю педагагічных ідэй  “Прызванне – педагог”.

Такое мерапрыемства для таленавітых, крэатыўных і актыўных маладых спецыялістаў ужо ў шосты раз арганізоўвае Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. На гэты раз яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі ўсіх раёнаў Гродзеншчыны, а таксама педагагічныя работнікі з Мінска, Віцебска, Брэста і Магілёва.

На працягу двух дзён настаўнікі і выхавальнікі ўдзельнічалі ў майстар-класах, квэст-гульнях па педагогіцы і дэманстравалі свае творчыя здольнасці і напрацоўкі ў педагагічнай візітоўцы.

0.jpg

Сёлета абараняць гонар Астравеччыны ў Гродна накіравалася каманда ў складзе настаўнікаў СШ № 2 Аксаны Кіндзер, Спондаўскага НПК Вадзіма Мароза, Рымдзюнскай сярэдняй школы з беларускай мовай навучання Дзмітрыя Федасевіча, гімназіі № 1 Ганны Алёксы і Святланы Герасім, дзіцячага садка №1 Вікторыі Алексеявец, дзіцячага садка № 3 Філіпа Харчанкі і Валерыі Сянцовай.

00.jpg

 – Нашы педагогі годна прадставілі Астравеччыну на рэспубліканскім фестывалі, – расказала метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Апановіч. – Іх выступленне складалася з дзвюх частак. Першую частку ўдзельнікі прысвяцілі Году малой радзімы, у другой – распавялі пра сваё прызванне і любоў да абранай прафесіі.

Таксама маладыя педагогі змаглі паўдзельнічаць у майстар-класах, якія правялі члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, і прадэманстраваць веды па педагогіцы у квэст-гульні.

У выніку каманда астравецкіх настаўнікаў трапіла ў пяцёрку лепшых, заваяваўшы чацвёртае месца.

Текст: