Не па загаду – па сумленню пражыў жыццё Васіль Волкаў

12:47 / 11.05.2019
Усё далей у мінулае адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Усё менш застаецца ў жывых сведкаў той трагедыі. І ўсё менш часу застаецца ў нас, каб распытаць,  як яны жылі, занатаваць, зберагчы для нашчадкаў  не толькі імёны герояў, але  і расказаць пра іх лёсы.

Пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Кузьміча Волкава, ураджэнца Віцебшчыны, які шмат гадоў жыў і працаваў на Астравеччыне, расказала яго нявестка, ветэран педагагічнай працы Таццяна Нікіфараўна Волкава.

Васіль Волкаў 1944 год.jpg

Васіль Волкаў, 1944 год

З шаўцоў – у партыйныя работнікі 

Васіль Кузьміч Волкаў нарадзіўся ў 1908 го­дзе ў сялянскай сям’і  ў вёсцы Кузьмянцы Багушэўскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў школу-сямігодку, навучыўся ў аднавяскоўца шыць абутак – і восем гадоў зарабляў гэтай справай сабе на хлеб. 

З 1927 па 1930 гады зай­маўся грамадскай работай: узначальваў мясцовы камітэт беднаты. А ў 1930 годзе Васіля Волкава прызвалі ў Чырвоную армію: служыў малодшым камандзірам сапёрнай роты Вялікалукскай вобласці (Расія).

Пасля дэмабілізацыі ў 1932 годзе Васіль Кузьміч вярнуўся на радзіму – і адразу ж уступіў у бальшавіцкую партыю. 

У 24 гады Волкаў ужо ўзначальваў кузьмянцоўскі калгас «Чырвоны бераг». Маладога і ініцыятыўнага старшыню заўважыла кіраўніцтва райкама партыі – і ў 30-гадовым узросце Васіля прызначылі інструктарам райкама партыі,  затым – упаўна­важаным камітэта нарыхтовак, дырэктарам раймаслапрама Багушэўскага раёна.

– Наш татка быў дабрэйшай душы чалавекам – але вельмі прынцыповым, умеў пераконваць, – успамінае свайго свёкра – бацькоў мужа яна заўсёды называла таткам і мамкай, а яны яе – дачушкай – Таццяна Нікіфараўна Волкава. – А мамка якая добрая была, клапатлівая! 

– У 1940 годзе Васіля Кузьміча накі­равалі памочнікам сакратара і прапагандыстам райкама партыі ў Дзісненскі раён Маладзечанскай вобласці. Там ён і сустрэў вайну. 

«Забр­а­ніра­ваны»

– У нашага таткі была браня: ён не падлягаў прызыву з-за язвы страўніка, – тлумачыць Таццяна Волкава. – Аднак усё адно пайшоў  на фронт  – дабраахвотнікам. 

– Пакінуў у хаце жонку і двое сыноў – не мог інакш. Да 44-га родныя пра яго нічога не ведалі… Трэці сын нарадзіўся ў Волкавых ужо пасля вайны, – працягвае жанчына.

Васіль Волкаў з жонкай сынам нявесткай унукамі.jpg

Васіль Волкаў з жонкай, сынам, нявесткай, унукамі


У ліпені 1941 года дабра­ах­вотнік Васіль Волкаў апынуўся на Заходнім фронце – у раёне Ярцава, Дарагабужа, Смаленска. Спачатку быў радавым, потым – намеснікам палітрука, палітруком кулямётнай роты… 

У жніўні пад Смаленскам Васіль Кузьміч атрымаў першае раненне – у плячо.

Даведка аб раненні.jpg

Даведка аб раненні



– Татка расказваў, як параненых у санчасць сплаўлялі па рацэ на плытах. Цэлыя караваны плытоў ішлі – адзін чаплялі за другі – плылі па рацэ. Часам параненых суправаджалі разведчыкі, але часцей плыты «ішлі» самі. Хто даплываў да шпіталя, хто – не, – узгадвае ўспаміны свёкра  Таццяна Волкава. 

Пасля першага ранення, «пад­ла­таў­шыся» крыху ў шпіталі, Волкаў ізноў вярнуўся ў строй. 

– Тата ўдзельнічаў у баях пры абароне Смаленска і Арла, – расказвае Таццяна Нікіфараўна. –   Пад Арлом павёў салдат у атаку – камандзір быў паранены. Тады яны адбілі  ў немцаў высотку. 

У 1943 годзе Васіль Кузьміч ізноў атрымаў цяжкае раненне,  на гэты раз – у жывот. Год праляжаў у шпіталі і на фронт ужо не вярнуўся – яго камісавалі. 

За гэты час Беларусь вызвалілі ад немцаў. І Волкаў  з заміраннем сэрца адправіўся ў родныя Кузьмянцы, дзе жылі яго жонка з дзецьмі. Пасля ўзгадваў, што вырашыў скараціць шлях да вёскі і пайшоў праз поле – і ніяк не мог зразумець, чаму яму здалёк махала хусткай незнаёмая жанчына. Толькі калі прайшоў праз усё поле, даведаўся:  яна хацела папярэдзіць, што поле замініравана... 

Васіль Волкаў пасляваенны час.jpg



Але яго «браня» і ў гэты раз яго ўратавала!


З УСПАМІНАЎ

«Баявыя сто грам перад атакай давалі ўсім. Хто выпіваў, хто – не…»

«У 41-м галадалі вельмі – цяжка было з правіянтам. Добра, што ў калгасах запасы зерня былі – на палявой кухні пяклі ляпёшкі».

«Часта з атакі вярталася менш паловы байцоў…»

«У Смаленску вельмі жорсткія баі былі – ваявалі з немцам твар у твар, так блізка, што  ў вочы яго глядзеў».

«Спачатку, калі страляў – за­плюшч­ваў вочы. А потым нянавісць да ворага страх перамагла». 

«Хавалі сваіх таварышаў прама на месцы бою: выкапаеш яму каля ног – і кладзеш цела. Па магчымасці крыжы ставілі – каб бачна было, што на гэтым месцы – магіла». 

На Астравеччыне 

– Татка не мог сядзець склаўшы рукі і чакаць перамогі і поўнага выздараўлення ў той час, калі аднапалчане гналі ворага на захад, – гаворыць Таццяна Нікіфараўна. – Ён стаў прасіцца, каб яго накіравалі на адказны ўчастак – і дапрасіўся: адправілі на аднаўленне мірнага жыцця ў толькі што вызваленых ад ворага раёнах Беларусі.

Спачатку Васіля Кузьміча прызначылі загадчыкам аддзела па кадрах Віцебскага аблвыканкама. А ў снежні 1944-га накіравалі ў Астравец, дзе ён працаваў  да 1957 года другім сакратаром партарганізацыі па зоне МТС (механізаванай трактарнай станцыі), загадчыкам аргаддзела райкама, інжынерам па дарожнаму будаўніцтву, трэцім сакратаром райкама. 

Комсомольская конференция.jpg

Камсамольская канферэнцыя



– Гэта быў складаны ўчастак работы: у раёне тады дзейнічалі банды, якія намагаліся перашкодзіць устанаўленню тут савецкай улады, – узгадвае ўспаміны свёкра Таццяна Волкава. 
  
Васіль Кузьміч дапамагаў праводзіць калектывізацыю, арганізоўваць выкананне народнагаспадарчых планаў. У адной з вёсак, дзе Волкаў разам з  першым сакратаром райкама Максімам Язычэнкам праводзілі сход і агітавалі за калектывізацыю, яму ўваткнулі нож пад лапатку – неабачліва стаў падчас выступлення ля акна. Але і тут «браня» ўратавала: Васіль ацалеў – і працягваў даручаную дзяржавай і партыяй справу.

Ля будынка Астравецкага райкама партыі.jpg

Ля будынка Астравецкага райкама партыі



– У тыя неспакойныя часы ўсім партработнікам выдавалі пісталеты,  – расказвае Таццяна Нікіфараўна. – Наш тата свой толькі ў 1958-м здаў.

…Ішлі гады, адраджалася краіна, наладжвалася жыццё ў раёне – лёс больш не выпрабоўваў свайго байца на трываласць… А вайна яго не адпускала: баявыя раны нагадвалі пра сябе – загаіць іх Васілю Кузьмічу дапамагалі медыкі, а вось душу падлячыць не мог нават час – па начах старшы лейтэнант Волкаў «ішоў» у атакі, кагосьці клікаў, аддаваў загады… 

Васіль Волкаў мог пражыць больш спакойна – але ён увесь час выбіраў барацьбу: адпраўляўся на абарону Радзімы, устанаўліваў савецкую ўладу ў пасляваенныя гады. Неаднойчы глядзеў у твар смерці – і ішоў у бой з несправядлівасцю.

І яго «браня» захавала яго, не, не ад выпрабаванняў – але ад смерці.

Васіль Кузьміч пражыў 82 ці­кавыя і насычаныя гады. І ніколі ні аб чым не шкадаваў. Бо жыў не па загаду – па сумленню.

Пасведчанне аб узнагароджанні орэнам ВАв І ступені.jpg

Пасведчанне аб узнагароджанні ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені


Текст:
Фото: з сямейнага архіва Т. Волкавай