З экспазіцыі школьнага музея: Міхалішкаўская спадчына

10:47 / 29.04.2019
Астравеччына пакуль не можа пахваліцца раённым музеем, затое ў  школах створаны, плённа працуюць і пашыраюцца невялікія музеі краязнаўчай і  гісторыка-этнаграфічнай накі­ра­ванасці – усяго іх 11. 

Пра кожны з іх мы пастараемся расказаць у праекце «Астравецкай праўды»  –  «З экс­­пазіцыі школьнага музея». 

Краязнаўчы музей Міхалішкаўскай сярэдняй школы «Спадчына»

Музей Міхаліш­каў­скай сярэдняй школы адкрыўся  7 мая 2005 года. Размясціўся ён у асобным памяшканні і быў прысвечаны гісторыка-краязнаўчай тэматыцы. Нядаўна быў перайменаваны ў краязнаўчы музей «Спадчына».


Паміж небам і зямлёй

Збіраць экспанаты, якія сёння размяшчаюцца ў  школьным музеі, пачынаў былы намеснік дырэктара школы, гісторык Міхаіл Андрэевіч Кляцоўскі, якога, на жаль, ужо няма сярод жывых. Першапачаткова ўсе сабраныя рэчы захоўваліся ў школьным інтэрнаце – напэўна, ужо тады там існавала музейная экспазіцыя.

клецовский.jpg

М. А. Кляцоўскі


Міхаіл Андрэевіч, які ў гады вайны ваяваў у партызанскім атрадзе, жыва цікавіўся ваеннай тэматыкай. Менавіта ён стаў адным з ініцыятараў сустрэчы ў 70-я гады ў  Міхалішках былых партызанаў 16-й Смаленскай партызанскай брыгады, якая вызваляла сённяшні аграгарадок ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта ў той час у школе і з’явіліся фотаздымкі і некаторыя рэчы партызанаў гэтай брыгады.

Пазней – у другой палове 90-х – Міхаіл Андрэевіч звярнуўся ў школу з прапановай адшукаць хоць якія звесткі пра лётчыкаў, курсантаў Пастаўскай ваеннай авіяцыйнай школы пілотаў, якая перад вайной базіравалася пад Міхалішкамі.

– На прапанову Міхаіла Ан­д­рэевіча адгук­нуўся настаўнік гісторыі Ігар Рыго­равіч Усці­менка. Яшчэ жылі людзі, якія помнілі падзеі 22 чэрвеня 1941 года і змаглі расказаць пра бамбардзіроўку аэрадрома, – гаворыць загадчыца школьнага музея Святлана Іванаўна Мацкевіч. – Старажылы ўспаміналі, што тады некалькі самалётаў падняліся ў неба, але былі збітыя. Лётчыкі, якія засталіся на аэрадроме, вымушаны былі адступаць. Адны з іх загінулі, другія  трапілі ў палон, а трэція  змаглі выратавацца, прайшлі дарогамі вайны і некаторыя нават сталі героямі Савецкага Саюза.

IMG_2575.jpg



Ігар Рыгоравіч разгарнуў шырокую  пошукавую дзейнасць, вёў перапіску з архівам у Чкалаве. Да пошукаў далучыўся і былы дырэктар школы Эдуард Іванавіч Свірыд. Вынікам той работы стала не толькі адкрыццё  школьнага музея, але і памятнага знака курсантам, лётчыкам і тэхнікам Пастаўскай авіяцыйнай школы,  устаноўленага пры падтрымцы раённай улады.

Ішоў час –  стэнды, зробленыя рукамі настаўнікаў і школьнікаў, страцілі прывабнасць. З’явілася думка абнавіць экспазіцыі музея, але яго канцэпцыю вырашылі пакінуць без змяненняў. 

 – Гэтую ідэю падтрымаў сён­няшні дырэктар школы, інфар­матык па адукацыі,  Віктар Казімі­равіч Казак. Абнавіліся стэнды, музей стаў больш сучасным і папулярным, – расказвае Святлана Іванаўна.

Жыццё на дзве «5»

Дарэчы,  дырэктарам школы, настаўнікам, што тут працавалі, і вучням, якія некалі сядзелі за школьнымі партамі міхалішкаўскай школы, у музеі таксама адведзена пэўнае месца.

– Сёлета ў раёне адзначаецца некалькі юбілейных дат. Сярод іх ёсць і наша: восенню школа адзначыць 55-годдзе з дня  адкрыцця, – з гордасцю гаворыць Святлана Іванаўна.

Увогуле, школа ў Міхалішках стала працаваць адразу ж пасля вызвалення вёскі – ужо восенню 1944-га. У новы прыгожы будынак, узведзены па ініцыятыве тагачаснага загадчыка раённага аддзела народнай адукацыі Расціслава  Арсенцьевіча Герта, школьнікі  і настаўнікі пераехалі ў 1964 годзе.
Цікава, што дырэктарамі новай школы былі толькі мужчыны: Якаў Дзям’янавіч Чыркоў, Ігар Рыгоравіч Усціменка, Іван Уладзіміравіч Свірыд, Эдуард Іванавіч Свірыд і Віктар Казіміравіч Казак.

IMG_2568 в печать.jpg



І гэта, на думку Святланы Іванаўны Мацкевіч, вельмі добра: у мужчын погляд на ўсё гаспадарскі.

Заўтра Пакровы…  у Міхалішках кірмаш 

Зрэшты, на погляд кіраўніка школьнага музея, у Міхалішках заўсёды жылі дбайныя гаспадары, сярод якіх  было нямала яўрэяў.

Да вайны Міхалішкі лічыліся досыць вялікім мястэчкам, на цэнтральнай вуліцы якога жылі яўрэі. На першых паверхах іх дамоў размяшчаліся гандлёвыя лаўкі, на другіх – жылыя пакоі.

– Мне імпануюць радкі з п’есы Янкі Купалы  «Паўлінка»: «Заўтра Пакровы…  у Міха­лішках  кірмаш». Я ўпэўнена, што менавіта аб нашай вёсцы ўздыхае Паўлінка. Размешчаная на  перасячэнні Віленска-Полацкага тракту і Віліі, яна і праводзімыя ў ёй кірмашы былі вядомы далёка за межамі мястэчка, – гаворыць загадчыца школьнага музея. – Такую папулярнасць Міхалішкі мелі ў тым ліку і дзякуючы міхалішкаўскім яўрэям – добрым гаспадарам і гандлярам, многія з якіх, на жаль, загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У ваенныя часы ў вёсцы размяшчалася яўрэйскае гета – і менавіта яно стала яшчэ адной тэмай для пошукавай работы, якой таксама займаўся Ігар Рыгоравіч Усціменка. І яму ўдалося знайсці некалькі нашчадкаў міхалішкаўскіх яў­рэяў, якія выратаваліся і пасля вайны выехалі за мяжу. Адзін з іх нават даслаў у школу  схему размяшчэння яўрэйскага гета, якая захоўваецца ў музеі. 

Вахта памяці

 –  У памяць пра сумныя падзеі ваенных гадоў на яўрэйскіх могілках устаноўлены яшчэ адзін памятны знак – ён прысвечаны расстраляным у гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэям, – расказвае Святлана Іванаўна. – І ўвогуле наш аграгарадок, як ні адзін іншы, багаты на помнікі. Трэці з іх прысвечаны загінуўшым землякам.

Патрыятычнаму выхаванню ў Міха­ліш­каўскай школе надаецца вялікая ўвага. Напярэдадні 9 Мая  школьнікі і настаўнікі абавязкова ўскладаюць гірлянды і кветкі да ўсіх трох помнікаў.

IMG_2607 в печать.jpg



Аднойчы Святлана Іванаўна стала сведкай размовы хлопчыкаў-падлеткаў, якія разважалі  пра тое, наколькі хвалююча ісці ў калоне, удзельнічаць у мітынгу і стаяць у ганаровай варце каля помніка. 

– Гэта тэма мне вельмі блізкая. Я шмат гадоў працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, арганізоўвала мітынгі да 9 Мая і Дня Незалежнасці, – расказвае Святлана Іванаўна. – Мы строіліся ў калону і побач з ветэранамі – іх тады было шмат – ішлі праз Міхалішкі. Людзі глядзелі нам услед  і плакалі.  Я  ганаруся тымі хлопчыкамі, сведкай размовы якіх стала,  – значыць, мы правільна выхоўваем маладое пакаленне.

Музейныя каштоўнасці

У кожным музеі ёсць асаблівыя рэчы. Часта яны амаль нічога не  каштуюць, затое дарагія як памяць. З такіх – школьны сшытак узору 1907 года.
– Ён належаў Івану Бразевічу – пра гэта сведчыць надпіс на  вокладцы. У нашым музеі ён з часоў Міхаіла Андрэевіча, – гартае пажаўцелыя старонкі школьнага сшытка Святлана Іванаўна. – Напэўна, такі цяпер наўрад дзе  адшукаеш. З такіх жа экспанатаў – кніга загадаў па Міхалішкаўскай сямігадовай школе 1951 года. Першы  загад аб прызначэнні дырэктара школы падпісаны  Асмалоўскім. 

IMG_2580 в печать.jpg



Школьны партфель, зроблены з дрэва, нумізматычны збор, аўсвайсы з фота­здымкамі, якія цудоўна захаваліся, стары патэфон, на якім і сёння можна слухаць пласцінкі,  – Святлана Іванаўна дэманструе міхалішкаўскую спадчыну, і вочы яе свецяцца замілаваннем да роднай старонкі і людзей, якія ўсё гэта збераглі і захавалі.

IMG_2561.jpg


У радах ветэранаў

Апошнім у школьным музеі  з’явіўся стэнд, прысвечаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, адзін з якіх – Алег Захаравіч Булавіцкі – на той час яшчэ жыў.  Цяпер на тэрыторыі Міхалішкаўскага сельсавета ветэранаў не засталося, але памяць пра іх захоўваецца ў школьным музеі.

– Двое з ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны працавалі ў школе: Міхаіл Андрэевіч Кляцоўскі і Аляксандр Аляк­сеевіч Корань, – расказвае загадчыца музея. – Дарэчы, не так даўно нам удалося адшукаць унука Кораня  – ён прывёз у школу медалі свайго дзеда. І сёння яны для нас таксама рэліквія. 

У школьным музеі таксама захоўваюцца звесткі пра паселішча Міхалішкі і навакольныя вёскі, ёсць інфармацыя пра гісторыю ўзвядзення  старажытнага мясцовага касцёла, якому ў мінулым годзе споўнілася 365 гадоў. Школьныя экскурсаводы распавядуць вам пра настаўніцкія дынастыі і знакамітых людзей, якіх лёс звязаў з міхалішкаўскай зямлёй, адкрыюць таямніцы спадчыны, якую шануюць і беражліва захоўваюць.

IMG_2594 в печать.jpg


Текст:
Фото: Елена Ярошевич