З якім настроем працуюць на сяўбе механізатары саўгаса “Падольскі”

07:15 / 13.04.2019
Нават у выхадныя на палях Астравеччыны не спыняюцца работы: аруць, культывуюць, сеюць, падкормліваюць азімыя і пашу… Як у веснавы дзень папрацуеш, такі ўраджай і атрымаеш – пра гэта хлебаробы  ведаюць.  Хоць, канешне,  надвор’ем не пакіруеш: летась спёка значна паблытала карты вяскоўцам…

З якім настроем працуюць меха­нізатары РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», з якімі праблемамі сутыкаюцца і як яны вырашаюцца на месцы, даведаўся наш карэспандэнт. 

IMG_2122.jpg

Для галоўнага агранома РУП «Аст­равецкі саўгас «Падольскі» Дзмітрыя Малючака яравая пасяўная кампанія ў гэтай гаспадарцы першая, у працоўнай дзейнасці – трэцяя. На сёлетні ўраджай галоўны тэхнолаг саўгасных палёў ускладвае асаблівыя спадзяванні.

– Мінулы год быў складаным не толькі для нашага прадпрыемства, але і для сельскай гаспадаркі ў цэлым. Збажына дала на круг усяго 17 цэнтнераў, – гаворыць Дзмітрый. – Спадзяюся, што гэты год будзе больш ураджайным для збожжавых. Але галоўнае – нарыхтаваць пад патрэбу кармоў. Сёлета пад кукурузу адвядзём 800 гектараў – на 300 гектараў больш, чым летась. Калі надвор’е не падвядзе – будзем з кармамі. 

IMG_2152.jpg

Галоўны аграном РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Дзмітрый Малючак

Звычайна калі гавораць пра добры ўраджай, то тэхналогія павінна быць вытрымана «ад» і «да». У тым ліку трэба ўнесці пад патрэбу мінеральных угнаенняў. Хоць бытуе меркаванне, што недахоп тукаў  можна кампенсаваць арганікай…

– На пачатак красавіка забяспечанасць азотам складала 58%, каліем – 55%, азотам – усяго 25%, на жаль, ён вельмі дарагі, – працягвае галоўны аграном. – Думаю, на працэнтаў 80 унясём мінеральныя ўгнаенні пад сяўбу яравых. Дзякуй дырэктару Дзянісу Валер’евічу, які не сядзіць на месцы і шукае «хімію»: расліну важна не толькі ў час падкарміць, але і апрацаваць ад шкоднікаў, прапалоць ад пустазелля. 

Структура яравога кліна сёлета ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» ў параўнанні з мінулым годам значна не змянілася: пад яравую пшаніцу адве­дзена 375 гектараў, пад ячмень – 900, пад авёс і зернебабовыя – па 150 гектараў.  

IMG_2155.jpg

Віктар Грыгаровіч у сярэднім за дзень заворвае 30 гектараў

Правільная арганізацыя працоўнага працэсу – а гэта і тэхналогія падрыхтоўкі глебы, і папярэдняя апрацоўка насення эфектыўнымі пратручвальнікамі, і ўнясенне мінеральных угнаенняў у адпаведнасці з картаграмамі забяс­печанасці глебы пажыўнымі рэчы­вамі, і так званы чалавечы фактар  – вызначае тэмпы пасяўной. Праўда, тэхніка падводзіць…

У дзень нашага прыезду ў полі працавалі два пасяўных камбінаваных агрэгаты, праўда, пасля абеду адзін зламаўся. Патрэбную запчастку аператыўна знайшлі – і сеялка выйшла ў поле ўжо на наступны дзень.

Нягледзячы на няпрос­тае фінансавае ста­новішча, саўгас сёлета праз прамагралізінг набыў два новыя трактары «Беларус-1221», адзін з якіх даверы­лі маладому механізатару Яўгену Крывіцкаму. 

IMG_2148.jpg

Араты Яўген Крывіцкі

– На ворыве працую першы год. Вясной і восенню звычайна культывую глебу. Летам перасаджваюся на касілку, а потым – на збожжаўборачны камбайн, – за хвіліну расказаў механізатар амаль пра ўвесь свой працоўны год. 

У сярэднім за дзень у гаспадарцы пад сяўбу падрыхтоўваюць больш за 50 гектараў глебы. На яе культывацыі заняты механізатар амаль з трыццацігадовым стажам Ягор Шостак.

– Гэта вясна хоць і ранняя, але сухая: не хапае вільгаці ў глебе. Самі ж, напэўна, бачылі: трактар едзе –  пыл курыць, – гаворыць мужчына. – За дзень культывую каля 30 гектараў, бывае і больш. У  сем раніцы ў поле выязджаем і працуем, пакуль сонейка свеціць. 

IMG_2132.jpg

Ягор Шостак, культывацыя

…Аднак не сяўбой адзінай. Каб азімыя збожжа і рапс урадзілі, трэба ў час іх падкарміць. У саўгасе завяршаюць першую падкормку азімых збожжавых і рапс, працягваюць падкормліваць сенакосы і пашу. На ўнясенні «міне­рал­кі» тут задзейнічаны адзін самаход­ны распрысквальнік «Раса», два рас­­кід­­вальнікі мінеральных угнаен­няў і дзве «лейкі». 

– Ведаеце, у раслінаводстве ўсё гладка быць не можа, асабліва ў нашым паўночным рэгіёне, – на развітанне гаворыць галоўны аграном Дзмітрый Малючак. – Я люблю тое, чым займаюся,  работа агранома – адна з самых цікавых. Сёння кінуў у глебу зярнятка, падкарміў, прапалоў, а праз тры месяцы яно вырастае вусатым коласам – і адразу бачыш вынік сваёй працы.  

З галоўным аграномам саўгаса складана не пагадзіцца: як у веснавы дзень папрацуеш – такі ўраджай і атрымаеш.

IMG_2160.jpg

Летась механізатар Віталь Трыбоцкі, чый партрэт заносіўся на раённую Дошку гонару, стаў лепшым аратым  у раёне па выніках прафсаюзнага спаборніцтва


■ 
У раённай пасяў­ной па-ранейшаму лідзі­руюць гудагайцы, якія першымі ў раёне скончылі 
сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых і пачалі сеяць цукровыя буракі. 
■ 
Хлебаробы РУП «Аст­равецкі саўгас «Па­дольскі» ў раённым «табелі рангаў» за­ма­цаваліся на апошняй, пятай, пазіцыі ў раёне. 
■ 
Па аператыўных зводках сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, па стане на 10 красавіка, у саўгасе засеяна 33% яравога кліна – 1 009 гектараў. Раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры занялі 64%
ад плана. 

IMG_2161.jpg

У дзень прыезду журналістаў «раёнкі» Вальдэмар Наневіч рамантаваў сеялку


IMG_2135.jpg

Без вадзіцеля Часлава Селікоўскага галоўны аграном як без рук


IMG_2141.jpg

Вадзім Мундуць заняты на ўнясенні мінеральных угнаенняў


Текст:
Фото: Алена Гануліч