Дапамога ад перынатальнага цэнтра

08:54 / 21.02.2011

З 2007 года на базе Гродзенскага абласнога перынатальнага цэнтра функцыянуе паліклініка. У двух аддзяленнях – кансультацыйна-дыягнастычным “Шлюб і сям’я” і медыка-генетычнага кансультавання – жанчыны рэпрадуктыўнага ўзросту, цяжарныя жанчыны, сямейныя пары і маці нованароджаных могуць атрымаць рознабаковую спецыялізаваную амбулаторна-поліклінічную дапамогу.



Якія прычыны і верагоднасць нараджэння дзяцей з прыроджанымі парокамі развіцця?

Рызыка нарадзіць непаўнацэннае дзіця, улічваючы ўздзеянне сучаснага экалагічнага становішча і іншых неспрыяльных фактараў, у абсалютна здаровых людзей складае 5 працэнтаў. Прычынамі нараджэння дзяцей з прыроджанымі парокамі развіцця могуць быць і дрэнная экалогія, і шкодныя ўмовы працы, злоўжыванне алкаголем, курэнне і іншае. Мае значэнне і ўзрост бацькоў, іх стан здароўя на перыяд зачацця. Але ў большасці выпадкаў парок развіцця плода з’яўляецца выпадковасцю, і сям’я не мае павышанай рызыкі нараджэння хворага дзіцяці пры наступнай цяжарнасці.



Ці можна папярэдзіць выпадак нараджэння хворага дзіцяці з прыроджанымі парокамі развіцця ці дыягнаставаць яго з’яўленне на раннім тэрміне цяжарнасці?

Дзякуючы сучаснай медыцыне – можна! Праводзіцца ўльтрагукавое даследаванне плода, а таксама інвазіўныя дыягнастычныя працэдуры.
Адной з такіх працэдур з’яўляецца пункцыя амніятычнай поласці з мэтай атрымання каляплодных вод для наступнага лабараторнага даследавання. Паказаннямі для амніёцэнтэза з’яўляюцца:
- узрост будучай мамы больш за 35 гадоў;
- група рызыкі па выніках ультрагукавога даследавання ў 11-12 тыдняў цяжарнасці;
- наяўнасць ультрагукавых маркераў храмасомных захворванняў;
- цытатаксічная і прамянёвая тэрапіі ў жанчыны;
- наяўнасць у сям’і дзяцей з храмасомнымі захворваннямі;
- храмасомныя перабудовы ў аднаго з бацькоў.
Раней гэтая працэдура праводзілася толькі ў цэнтры “Маці і дзіця” ў Мінску, а з 2008 года праводзіцца і ў Гродзенскім абласным перынатальным цэнтры. 



Ці важна абследаваць абодвух партнёраў пры бясплоднасці?

У палове выпадкаў прычынай з’яўляецца паталогія рэпрадуктыўнай сістэмы аднаго з партнёраў, а ў 40 працэнтах – абодвух, таму важна абследаваць адначасова і мужа, і жонку.
Эндакрынная форма жаночай бясплоднасці дыягнастуецца ў тым выпадку, калі парушаны гарманальны механізм рэгуляцыі функцыі яечнікаў. У перынатальным цэнтры ёсць магчымасць даследаваць гарманальны фон жанчыны ў дынаміцы менструальнага цыклу пад кантролем ультрагукавога даследавання.
Пры непраходнасці матачных труб і спаечным працэсе дыягнастуецца трубная форма бясплоднасці. Пры наяўнасці паказанняў праводзіцца рэнтгеналагічнае даследаванне матачных труб.
У 3-5 працэнтаў сямейных пар з нармальнымі паказчыкамі рэпрадуктыўнай функцыі бясплоднасць можа быць абумоўлена імуналагічнай несумяшчальнасцю, калі ў арганізме жанчыны выпрацоўваюцца антыцелы, якія інактывуюць сперму мужа. На базе перынатальнага цэнтра ёсць унікальная магчымасць даследаваць антыспермальныя антыцелы ў крыві жанчыны і мужчыны.



Урачы якіх спецыяльнасцей  паліклінікі з’яўляюцца адзінымі ва ўстановах аховы здароўя нашай вобласці?

Аддзяленне медыка-генетычнага кансультавання з’яўляецца адзіным у вобласці, дзе аказваецца медыка-генетычная дапамога насельніцтву, праводзяцца прыём урача-генетыка і цытагенетычныя даследаванні.
У аддзяленні “Шлюб і сям’я” вядуць прыём урачы рэдкіх спецыяльнасцей – андролаг і гінеколаг-эндакрынолаг.
Андролаг аказвае дапамогу не толькі пры мужчынскай бясплоднасці, але і пры запаленчых захворваннях, андралагічных парушэннях – сексуальных і эякуляторных праблемах. Праводзіцца даследаванне спермаграмы з вызначэннем здольнасці да зачацця.
Гінеколаг-эндакрынолаг займаецца дыягностыкай і лячэннем парушэнняў менструальнай функцыі, захворванняў, звязаных з паталагічным гарманальным фонам у арганізме жанчыны, праблемамі жанчын у перадменапаўзальным перыядзе.



З якімі праблемамі пацыенткі могуць звярнуцца ў кабінет па невыношванню цяжарнасці?

Урач кабінета вядзе прыём як цяжарных, так і не цяжарных жанчын – тых, хто перанёс страту цяжарнасці. Цяжарным  урач дае кваліфікаваную кансультацыю па далейшым вядзенні цяжарнасці, а з пацыенткамі, што страцілі цяжарнасць, шукаюць прычыны і лечаць выяўленыя паталогіі.



Якія новыя медыцынскія тэхналогіі прымяняюцца для лячэння ў аддзяленні “Шлюб і сям’я”?

У кабінеце ўрача-андролага прымяняецца ўнікальны апаратна-праграмны комплекс “Андра-Гін”, які выкарыстоўваецца ў комплекснай тэрапіі запаленчых захворванняў палавой сферы ў мужчын. Ён стымулюе выпрацоўку андрагенаў і паляпшае паказчыкі спермаграмы.
А ў кабінеце анкапрафілактыкі для лячэння дабраякасных захворванняў шыйкі маткі (эрозіі, дысплазіі) прымяняецца прынцыпова новая медыцынская тэхналогія – радыяхвалявая хірургія з дапамогай апарата “СУРГІТРОН”. Гэта высокаэфектыўная хірургічная тэхніка, асноўнымі перавагамі якой з’яўляецца хуткасць лячэння, практычна бяскроўнае поле, мінімальны пасляаперацыйны боль і хуткае зажыўленне раны.
Для лячэння жаночай бясплоднасці і іншых гінекалагічных захворванняў прымяняецца амбулаторны ці стацыянарны курс процізапаленчай тэрапіі з выкарыстаннем электрафарэзу з граззю Сакскага возера.
Дзякуючы пашырэнню дыягнастычных магчымасцей перынатальнага цэнтра, пацыенты могуць прайсці абследаванне для выяўлення інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам (хламідыёз, мікаплазмоз, урэаплазмоз, вірус простага герпесу), высокаэфектыўным метадам ПЦР.
Пашыраецца спектр даследаванняў для дыягностыкі бясплоднасці ў сямейных пар, у тым ліку імуналагічнай формы бясплоднасці.



Ці абавязкова мець накіраванне ад спецыялістаў з раённых устаноў?

Калі ў жанчыны ці сямейнай пары ёсць медыцынскія паказанні для накіравання на кансультаванне, абследаванне і лячэнне ў наша аддзяленне, неабходна звярнуцца ў жаночую кансультацыю па месцы жыхарства за накіраваннем у наш цэнтр. Урач жаночай кансультацыі назначыць неабходны мінімальны аб’ём абследавання. Затым па тэлефоне ў рэгістратуры паліклінікі перынатальнага цэнтра, пацыентка можа запісацца на прыём да спецыяліста ў зручны для яе час. Але нават калі звярнуцца без запісу, вас заўсёды гатовы прыняць.



Наколькі даступна дапамога спецыялістаў цэнтра для жыхароў раённых цэнтраў і сельскай мясцовасці? Ці ёсць чэргі?

Дапамога спецыялістаў даступна для жыхароў усіх раёнаў вобласці. Вядзецца папярэдні запіс па тэлефоне 43-69-81 на месяц наперад, што зручна для пацыентаў. Акрамя таго, тут адпрацаваны алгарытм звяртання тых, хто папярэдне запісаўся непасрэдна да ўрача-спецыяліста, што дазволіла зняць праблему чэргаў.


С. РАЗІНА, в.а. загадчыка паліклінікі.
Н. ПАЛУДЗЕНЬ, загадчык аддзялення “Шлюб і сям’я”.



22 лютага 2011 года з 10.00 да 14.00 у Астравецкай ЦРБ будуць ажыццяўляць кансультатыўны прыём грамадзян спецыялісты “Гродзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра” па пытаннях аховы рэпрадуктыўнага здароўя. Прыём будуць весці в.а. загадчыка паліклінікай Святлана Анатольеўна Разіна, урач акушэр-гінеколаг па бясплоднасці  аддзялення “Шлюб і сям’я” Таццяна Віктараўна Кунцэвіч, урач акушэр-гінеколаг па невыношванню цяжарнасці аддзялення “Шлюб і сям’я” Марына Браніславаўна Ступакевіч.