Жыццё ў рэжыме 3D

07:00 / 31.03.2019
Пенсіянеры – людзі з гумарам. Спытаеш каторага: «Як жыццё?» –  і пачуеш: «Жыву ў рэжыме 3Д: даношваю, даядаю, дажываю». Сумнаваты жарт. Але праўдзівы.  

   Паспрабую  «разабраць» яго на ўласным прыкладзе. Разумею, што  ён не для кожнага прыдатны: усё ж такі сваю сярэднюю, па беларускіх мерках, пенсію трачу адна – ні дзеці на матэрыяльную дапамогу не спадзяюцца, ні ўнукі на новы смартфон  не вымагаюць. Аднак існаваць на адну пенсію няпроста.

_MG_8120.jpg


Пачнём з першага «Д» – «даношваю».
За  некалькі гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак пастараліся, тады яшчэ разам з мужам, папоўніць гардэроб практычнымі, даўгавечнымі рэчамі: паліто, курткамі, цёп­лым трыкатажом, зімовым і летнім абуткам. І, па магчы­масці, абзавяліся новай бытавой тэхнікай – старая ўжо, як кажуць, дыхала на ладан – халадзільнікам, электраплітой, пыласосам. Але на цэлае жыццё закупіцца немагчыма. Адзенне, у рэшце рэшт, можа патачыць моль, або ты прыкметна прыбавіш у вазе і … Мне неяк пашчасціла: хаця і паху­дзела, перакройваць адзенне, запіхваць  у кут шафы і набываць новае не давялося. А вось гадская моль да лепшага паліто з блакіткай норкай на каўняры такі дабралася… Прыйшлося выкінуць адзежыну, бо перашываць не было чаго. 
Памалу  зношваюцца боты. На гэтую зіму яшчэ хапіла, а на наступную давядзецца нешта з цёплага абутку  прыдбаць, выкройваючы на пакупку колькі месяцаў па дзясятцы рублікаў…  

Сапраўдная катастрофа грымне, калі зламаецца тэлевізар або халадзільнік, пральная машынка, той жа пыласос. Рамонт – штука вельмі нятанная і праблемная, дый  нядоўга праслужыць такая рэч, а пра пакупку новай тэхнікі нават гаварыць не даводзіцца – не па кішэні. Мне могуць запярэчыць: існуюць жа розныя крэдыты, тая ж «Халва». Зноў жа, магазіны часта прадаюць тавары ў  растэрміноў­ку. Але, я лічу, крэдытам можна карыстацца, калі маеш пастаянную працу і добры стабільны даход. Паднатужыўся, разлічыўся хутчэй і – вольны. А для пен­сія­нераў гэта кабала, даўгавая яма, у якую лёгка ўпасці, ды цяжка выбрацца. Растэрміноўка про­дажу тавараў  магазінамі таксама афармляецца  праз банкі, якія свой працэнт не ўпусцяць. Словам, не для пенсіянераў гэтае задаваль­ненне.

878.jpg

Возьмем да ўвагі, што і кватэра перыядычна рамонту патрабуе. Ці раптам кран у ваннай або кухні пацячэ, унітаз замены папросіць… Выкладвай, бабуля, грошыкі. І ашчаджаныя «на чорны дзень» рублікі знікнуць, як вада ў пяску. А зэканоміць можна  хіба што на страўніку …На леках не атрымаецца – іх з кожным годам патрабуецца ўсё больш і самых розных, а цэны ў аптэках ого якія!

 Вось і дабраліся да  другога «Д» – «даядаю». 
Скажу шчыра: у крамы ха­джу радзей, чым некалі. І купіць стараюся што таннейшае – па акцыях, да прыкладу. Але не заўсёды тыя акцыі бываюць на самыя неабходныя прадукты, часцей – на нешта, без чаго можна абысціся. Неяк трапіла на вочы фраза ў інтэрнеце: рыса беднасці – гэта калі адна бабулька кажа другой: "Вось паласавалася сёння тваражком"… Цяпер і я – ласуюся, а сыр ужо становіцца «гасцявым» прадуктам, у сэнсе – для гасцей. На мяса таксама не налягаю – кажуць, шкодзіць яно пажылым людзям. Звычайна купляю кілаграмы са два курыных спінак – набор для булёну, дома  рассякаю напалову і кладу ў асобных пакеціках у маразілку. Потым бяру па адным і вару супы, баршчы, капусту… Часам крылцы курыныя  набываю,  каб запячы ў духоўцы. А звычайныя пакупкі – хлеб, малако, кефір. Хлебчык выбіраю бездражджавы або дыябетычны. Даражэйшыя гэта сарты ці таннейшыя, не прыглядвалася. Галоўнае – мне пажаданыя. Адходаў – скарыначак, сухарыкаў, як правіла, не застаецца.  

212.jpg

Прывабныя для нас, астра­вецкіх пенсіянераў, магазіны  «Санта», «Еўраопт», «Белмаркет» – зніжкамі ды акцыямі актыўна спакушаюць. Хаця, падазраю, ніякія гэта не зніжкі, а проста апусканне празмерна завышанага кошту тавару да яго рэальнай цаны. Але нам так хочацца верыць, што гандляры нас шкадуюць.

Многія ацанілі зручнасць «Е-дастаўкі». Згодна: зручна. На маю думку, найперш лю­дзям сямейным. Гаспадыням патрэбны  разнастайныя прадукты і шмат, і яны ўкладваюцца ў зададзеную суму ці бяруць больш. А адзінокаму пенсіянеру навошта набіраць умоўны «вялікі кошык» і выкладваць кругленькую суму?

Зараз у хрысціян Вялікі пост. Узрастае попыт на рыбу. А ра­зам з ім скачуць уверх і цэны. І атрымліваецца, што адзіныя даступныя морапрадукты для пенсіянера – карысная марская капуста ды  сумніўна карысныя крабавыя палачкі…
Людзі сталага пакалення звык­лыя да працы. Хто асноўны работнік на дачы, у агародзе? Пенсіянеры! З ранняй вясны да позняй восені корпаюцца на  градах, у цяпліцах: сеюць і высаджваюць, паліваюць ды праполваюць. А ў жніўні-верасні збіраюць ураджай і ўтрапёна соляць, марынуюць, закатваюць… Застаўляюць паліцы падвалаў і каморак рознакалібернымі слоікамі з салатамі, варэннем, кампотамі… Зімой усё з’есца! Не ведаю, у каго як, а ў мяне – з’ядаецца. Праўда, і запасы больш сціплыя – для адной жывой душы нарыхтаваныя з невялікага агароду. Але падспор’ем яны  служаць неацэнным.

Здаецца, і з другім «Д» раза­браліся. Паўтаруся: мой прыклад – не ўзор. У кожнай сям’і сталых людзей і ў кожнага асобна ўзятага пенсіянера – свой вопыт і абставіны, свае матэрыяльныя магчымасці. 

І, нарэшце, трэцяе «Д» – «дажываю». 

Усім сэрцам спачуваю лю­дзям, якіх цяжкія хваробы скруцілі, у ложак паклалі. Трэба быць вялікім аптымістам, каб не ўпасці ў беспрасветную скруху. Памажы ім, Госпадзі! А калі ножкі тэпаюць, ручкі працуюць, галоўка «варыць», то чаму – дажываем? Жывём!

Текст: