Аляксандр Якіменка адзначыў 30-гадовы юбілей сваёй творчасці

11:07 / 13.03.2019
Аднойчы Аляксандр Якіменка пазнаёміўся з музыкай – і ўжо не змог з ёй расстацца. Яго захапіў незвычайны свет гукаў, з якіх можна было ствараць чароўныя мелодыі. Музыка прымушала яго вучыцца, удасканальвацца, ставіць мэту – і дасягаць яе. Так, крок за крокам, яны поруч ідуць не адно дзесяцігоддзе. 

IMG_0520.jpg

Павіншаваць Аляксандра Ар­ка­дзь­­е­­віча з такой знакавай падзеяй прый­шлі яго блізкія, сябры, аднадумцы, былыя вучні і проста гледачы, нераўнадушныя да яго творчасці. Да шчырых пажаданняў далучылася і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук.

– Усіх нас, хто сабраўся сёння ў гэтай зале, аб’ядноўвае захапленне творчасцю таленавітага кампазітара і добрага чалавека Аляксандра Якіменкі, – адзначыла Ірына Эдуардаўна. – Музыка і песні, якія вы пішаце, – душэўныя, лірычныя, добразычлівыя і блізкія людзям. Іх любяць і цэняць не толькі на Астравеччыне, але і па-за яе межамі. Ад імя раённых органаў улады дзякую за вашу плённую творчасць і жадаю, каб ніколі не пакінула натхненне і вы не пераставалі радаваць нас новымі творамі. 

IMG_0533.jpg

Пад шчырыя апладысменты Ірына Эдуардаўна ўручыла юбіляру Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў.
Акрамя гэтага, Аляксандр Ар­кадзье­віч атрымаў Падзячны ліст ад цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама шчырыя вінша­ванні і падарункі ад сяброў.

А затым надышоў час для музыкі і песень. Лірычныя ўверцюра і элегія ў цудоўным выкананні ансамбля народных інструментаў «Скарбніца», «Гімн дубу» ад Алега Уласіка і народнага хора ветэранаў, жартаўлівая песня «Папаўся», якую праспяваў Віктар Рудзінскі, лірычнае «Рас­станне» ў майстэрскім выкананні Наталлі Вянгроўскай, «Нацкая полька» ў суправаджэнні харэаграфічнага калектыву «Чаромушкі», трывожны і пранікнёны «Паветраны таран» на словы Аляксандра Марозава ў выкананні Сяргея Шэіна, міла­гучная «Матчына хата» на верш Міхася Пазнякова і многія іншыя музычныя нумары, аўтарам якіх з’яў­ляецца Аляксандр Якіменка, гучалі ў той дзень.

IMG_0505.jpg

IMG_0515.jpg

Аднак самая прыемная падзея адбылася напрыканцы канцэрта. Павіншаваць юбіляра, з якім супрацоўнічае і сяб­руе ўжо шмат гадоў, на сцэну падняўся старшыня Мін­с­кага гарадскога ад­дзялення Саюза пісьмен­нікаў Беларусі Міхась Пазнякоў.

– Астраўчанам пашанцавала, што ў іх ёсць Аляксандр Якіменка, – адзначыў напачатку свайго выступлення Міхась Паўлавіч. – Бо ўсё на зямлі трымаецца на такіх таленавітых самародках, якія не толькі ведаюць сваю справу, але і шчыра, сама­аддана любяць яе. І калі ў кожным куточку Беларусі будуць гучаць такія музыка і песні, прысвечаныя роднаму краю, простым, шчырым, працавітым людзям, то наша краіна будзе яшчэ больш прыгожай, шчаслівай і магутнай. Шчыра віншую цябе, дружа Аляксандр! Не спыняйся на дасягнутым: пішы, стварай і радуй усіх сваёй творчасцю яшчэ шмат гадоў.  

З гэтымі словамі пад дружныя апладысменты Міхась Пазня­­коў уручыў астравецкаму кампазітару Аляксандру Які­менку медаль Саюза пісьмен­нікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літа­ратуру». 

IMG_0620 в печать.jpg

Пасля юбілейнага канцэрта Аляксандр Аркадзьевіч даў невялікае інтэрв’ю для раённай газеты.

 – Адкуль у вас з’явілася любоў да музыкі?
– Дзякуючы бацьку, які аднойчы ўручыў мне свой гармонік і спытаў: «Хочаш сыграць?» Я захацеў – і гэта жаданне не знікла ні праз дзень, ні праз два, ні праз тыдзень. Я так «прыліп» да двухрадкі, што бацькі вырашылі запісаць мяне ў музычную школу. Шэсць гадоў адвучыўся па класе баяна. А затым у Лідзе, адкуль я родам, адкрылі музычнае вучылішча – паступіў туды. Акрамя баяна вывучаў дырыжыраванне народнымі інструментамі. Дзяржаўны экзамен здаў на «выдатна». А праз некалькі гадоў паступіў у інстытут культуры. Але, дзе б ні вучыўся, была ў мяне адна асаблівасць: не іграў тое, што было не па душы. Выкладчыкі спрачаліся са мной, угаворвалі, – а я не іграў.

– Памятаеце свой першы твор?
– Першая спроба была яшчэ ў музычнай школе – напісаў невялікі эцюд. Але гэта было па-дзіцячаму, несур’ёзна. А ва ўніверсітэце здаваў дзяржаўны экзамен, дырыжыруючы аркестрам, які выконваў маю кампазіцыю «Усходняя мініяцюра». Цяпер у мяне каля 250 уласных твораў. 

IMG_0527 в печать.jpg

– Як нараджаецца музыка?
– Музыку пісаць лёгка – але для гэтага павінна быць адпаведная аўра. Часам мелодыя нараджаецца нечакана, спантанна, імгненна. Ідзеш па вуліцы і раптам у думках пачынае гучаць мелодыя. У такіх выпадках стараюся хутчэй патрапіць дамоў, каб запісаць ноты. А бывае стараешся – і не тое атрымліваецца. Музыка – гэта не проста набор гукаў, а імгненне, настрой і стан душы.

– Кампазітар, аўтар, выканаўца, музыкант, аранжы­роў­шчык – што з пералічанага вам бліжэй?
– Больш за ўсё падабаецца сачыняць музыку. Дарэчы, вось ужо сем гадоў з’яўляюся членам Беларускага саюза музычных дзеячаў. Яшчэ люб­лю працаваць з дзецьмі, прывіваць ім любоў да музыкі – нядаўна зноў пачала дзейнічаць дзіцячая арт-студыя «Музычная лесвіца». Калісьці яе выхаванцы Анастасія Кузьміцкая, Аксана Юркевіч, Алена Сцефановіч сталі лаўрэатамі вядомых тэлепраектаў «Усе мы родам з дзяцінства» і «Тэлебом».

– Што адчуваеце, калі на сцэне гучыць ваша музыка?
– Параўноўваю з тым, як яна павінна гучаць на самой справе. Калі гэта адбываецца і гледачы ўдзячна апладыруюць – прыемна. Аднак сабой не ганаруся. Музыка – маё жыццё, мы з ёй паяднаны назаўсёды. 

IMG_0566.jpg

– Што можаце параіць пачынаючым кампазі­тарам?
– Пішыце, стварайце, іграйце ад душы і для душы – інакш не атрымаецца. Важна, каб вашы творы не былі «аднадзёнкамі» і падабаліся людзям. 

– На юбілейным канцэрце старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў уручыў вам медаль «За вялікі ўклад у літаратуру». Што адчулі ў гэты момант?
– Шчыра кажучы, баяўся расчу­ліцца да слёз ад свядомасці таго, што заслужыў такую высокую ўзнагароду. 

 – Што лічыце найбольшым дасягненнем у музычнай дзейнасці і асабістым жыцці.
– Лічу, што ў творчасці яшчэ нічога асаблівага не дасягнуў. Першы медаль – толькі пачатак. А ў жыцці лічу галоўнай павагу людзей, якія мяне акружаюць і натхняюць на новыя творы. 

Текст:
Фото: Марина Мацкевич
Видео: Марина Мацкевич