Гарыць трава – загарыцца і лес

08:15 / 13.03.2019
Калі гараць лясы, у агні гінуць цэлыя экасістэмы, на аднаўленне якіх патрабуюцца дзесяцігоддзі. 

– Сыходзіць снег, усталёўваецца цёплае надвор’е – людзі пачынаюць наводзіць парадак на сваіх падвор­ках, паляць сучча і сухую траву. Такая неабачлівасць часцей за ўсё  прыводзіць да лясных пажараў, у якіх гінуць не толькі лясныя масівы, але цэлыя экасістэмы, – тлумачыць галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Арцём Шчука. – Для жывой прыроды палы – экалагічнае бедства. Меркаванне, што выпальванне сухой травы дапамагае расці новай, – памылковае. У выніку гэтага разбураецца расліннае покрыва, у агні гінуць многія насякомыя і жывёлы. 

65.jpg

У лесе забараняецца распальваць вогнішча. За кожны па­шкоджаны агнём квадратны метр надглебавага покрыва давядзецца заплаціць 3 базавыя велічыні, кампенсаваць нанесеную навакольнаму асяроддзю шкоду і кошт кожнага знішчанага агнём дрэва. 

Для тушэння лясных пажараў у Астравецкім лясгасе і лясніцтвах ёсць усё неабходнае: пажарныя машыны, пераносныя мотапомпы, вогнеахоўнае адзенне, пажарныя рукавы і іншае. У вясенні перыяд дзяржаўная лясная ахова пераходзіць ва ўзмоцнены рэжым работы. Але лепш, калі ўсё гэта не спатрэбіцца: пажар, як і любую бяду, лепш папярэдзіць, чым затым з ёй змагацца.

6.jpg

– На Астравеччыне ўстаноўлены чаты­ры сістэмы відэаназірання, якія ахоп­ліваюць каля 60% ляснога фонду. Сёлета ўстановяць яшчэ тры падобныя сістэмы, а таксама набудуць квадракоптар. Гэта дазволіць кантраляваць сітуацыю ў лясным фондзе падчас пажаранебяспечнага перыяду і сачыць за станам лясных насаджэнняў.  Акрамя гэтага, у месцах масавага адпачынку, у лясах побач з населенымі пунктамі ўстаноўлены камеры фотафіксацыі, з іх дапамогай летась мы выявілі 11 парушальнікаў, –  патлумачыў інжынер па абароне і ахове лесу Андрэй Шыкавец. – Лес – наша агульнае багацце, пра якое павінны клапаціцца не толькі спецыялісты лясгаса. Зрабіць гэта вельмі проста: адмовіцца ад выпальвання сухой травы, выкідвання смецця – і лес вам аддзячыць летам бліскучымі чарніцамі і крамянымі баравікамі. 

26 пратаколаў складзена на пару­шальнікаў ляснога закана­даў­ства ў мінулым годзе.


Текст: