Люцыя Лях: старшыня – справа… жаночая?!

13:21 / 08.03.2019
Люцыя Лях, старшыня Гервяцкага сельвыканкама

IMG_0684.jpg

 Яна ўся да мозгу касцей жанчына: заўсёды з густам апранутая, з прычоскай, манікюрам, у добрым сэнсе гэтага слова «зацыкленая» на сваёй сям’і, на дзецях і ўнуках. Ды што там – Люцыя Лях нават нарадзілася ў жаночы дзень, 8 сакавіка!
І пры гэтым атрымала мужчынскую прафесію інжынера-будаўніка – куды ўжо ж больш брутальна! І практычна ўсё жыццё займалася мужчынскімі справамі.
Чаму так?
– Ды я і сама не ведаю, – паціскае плячыма Люцыя Іванаўна. – Відаць, лёс так вёў…
У будаўнікі яна ісці не збіралася – угаварыў тагачасны старшыня калгаса «Радзіма» Вячаслаў Адахоўскі. Хоць першапачаткова размова ішла пра тое, што калгасу патрэбен свой архітэктар – у кіраўніка былі вялікія планы на добраўпарадкаванне Гервят. Але неяк ніхто не паглядзеў, што ў Брэсцкім будаўнічым інстытуце, куды калгас накіраваў Люцыю, архітэктараў не рыхтуюць. Ну не забіраць жа дакументы?! Падала на факультэт сельскага будаўніцтва.
 На другім курсе пасля арміі ў іх групу прыйшоў прыгожы, сціплы, ураўнаважаны Саша Лях. І – усё, прапала дзеўка: іншыя хлопцы, што да таго роем віліся вакол шустрай, вясёлай пявунні Люсі, зніклі, бы іх карова языком злізала – на ўсё жыццё застаўся толькі ён, адзіны і каханы… 
 Яны пажаніліся. Ім далі пакойчык у сямейным інтэрнаце. Неўзабаве нарадзіўся першынец, якога з трохмесячнага ўзросту гадавала свякроўка. А дзяржаўныя экзамены Люцыя здавала ўжо цяжарнай другім. Так што па спецыяльнасці, прарабам у калгасе «Радзіма», працавала толькі тры месяцы – да выхаду ў другі дэкрэтны.
Здавалася б, вось яно, жаданае жаночае шчасце: мілы – побач, дом, які яны пабудавалі ў Гервятах, дагледжаны, у братоў Жэнькі і Вадзіма  з‘явілася малодшая сястрычка Даша…
Ды ў час асабліва вострага кадравага голаду тагачасны старшыня райвыканкама  Адам Кавалька ўспомніў, што  Люцыя Лях – будаўнік па спецыяльнасці.
– Што забылася – успомніш, чаго не ведаеш – вывучыш, а адказнасці табе не пазычаць, – з такім наказам накіравалі яе ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, які яна неўзабаве і ўзначаліла. І з цягам часу зразумела, што ёй гэта падабаецца – бачыць, як, дзякуючы ў тым ліку і яе працы, пераўтвараецца горад, становіцца прыгожым, сучасным, маладым, нягледзячы на сваю шматвекавую гісторыю.
Ды неўзабаве новы рэзкі паварот лёсу – і новая пасада: старшыня Гервяцкага сельвыканкама.
– Я не разумею: вы мяне на павышэнне адпраўляеце ці з пасады здымаеце? – толькі і спытала яна ў кіраўнікоў раёна, якія прыехалі яе «сватаць».
Люцыя Лях – адзіная ў раёне жанчына, якая ўзначальвае сельвыканкам. І, хоць і прызнаецца, што любіць сваю работу – асабліва калі ўдаецца зрабіць нешта карыснае для лю­дзей, пераканана, што гэта – не жаночая справа. З ранку да вечара яна за рулём сваёй любіміцы і памочніцы «Нівы»: развезці рабочых па добраўпарадкаванні па ўчастках, «нарэзаць» ім «фронт работ», забяспечыць інвентаром і матэрыялам, пракантраляваць, вечарам развезці па хатах; сустрэцца з жыхарамі сельсавета; у складзе аглядавых камісій аб’ехаць усе вёскі і кожны дом; паўдзельнічаць у шматлікіх нарадах у раёне; дамовіцца, купіць, падпісаць, угаварыць, запатрабаваць. І так – да бясконцасці…
– Жанчына павінна займацца домам, сям’ёй. Я больш за ўсё на свеце люблю сваіх дзяцей, унукаў – іх у мяне ўжо двое, мужа, свой дом. А большасць часу правожу на рабоце, займаючыся зусім нежаночымі справамі. Не паверыце: я нават вясну, якую так люблю, зараз не заўважаю: гляджу не на кветкі, а на тое, дзе смецце ляжыць, плот пахіліўся, траву касіць трэба. Але ж не магу інакш: калі мне гэтая справа даручана – значыць, трэба яе выконваць, як належыць.
У гэтым, напэўна, і хаваецца сакрэт таго, што жанчына здольная справіцца з любой мужчынскай работай, бо пачуццё адказнасці ў яе, мне здаецца, як інстынкт мацярынства, закладзены на генным узроўні…
Текст: Нина Рыбик