У Міхалішках святкавалі Маcленіцу
У мінулую суботу ў аграгарадку Міхалішкі святкавалі Масленіцу.
Задорыстая музыка і пах блінцоў з начыннем на любы густ, духмянай гарбаты ды наварыстай ушыцы, якая варылася тут жа, на вогнішчы, разносіліся па ўсяму наваколлю, запрашаючы вяскоўцаў праводзіць зіму і адчыніць дзверы вясне.
Галоўная гераіня свята – Масленіца – падрыхтавала для удзельнікаў шмат выпрабаванняў.
Спачатку яна папрасіла зрабіць ёй бусы – але не звычайныя, а з абаранак. Потым прапанавала зрабіць торт – вядома ж, не з бісквітаў ці звыклым кожнаму вафляў, а з бліноў!
Мужчын выпрабоўвала на спрыт у распілоўцы бярвенняў ды шчапанні дроў. Самых адважных запрасіла на спарынг па баях мяшкамі: стоячы на адной назе на калодцы, трэба было “збіць” саперніка. Устроіла Масленіца і незвычайны бег навыперадкі, удзельнікі якога павінны былі абуць рукі ў валёнкі і на карачках узяць “дыстанцыю”.
Не абмінулі дзеці і дарослыя і, бадай што самага любімага, выпрабавання амаль кожнага свята – перацягвання каната. Памерыцца сілай на чале з яшчэ аднымі галоўнымі героямі свята Бабай з Дзедам выйшлі ўсе ўдзельнікі свята – і не перамога тут была галоўнай, а супольная справа і вясёлы настрой.
Аматары песень і танцаў спаборнічалі ў конкурсе прыпевак, вадзілі карагоды, далучыліся да флэшмобу, а тыя, хто верыць у цуды, мелі магчымасць прайсці пад чароўнай аркай – і загадаць жаданне. Дарэчы, многія рабілі гэта не па аднаму разу – жаданняў шмат не бывае.
Прываблівалі сваімі адзінкавымі, зробленымі з душою вырабамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці народныя майстры – вяскоўцы маглі не толькі палюбавацца творчымі выставамі, але і набыць для сябе штосьці.
Завіталі да нас на свята і супрацоўнікі РАНС – не толькі сачыць, каб пудзіла спалілі без здарэнняў, але і правесці бяспечныя конкурсы. На працягу ўсяго свята ад выратавальнікаў не адыходзілася дзетвара, ды і дарослыя таксама. Дэманструючы добрае веданне правілаў бяспекі, вяскоўцы атрымлівалі падарункі.
На самы галоўны момант свята – развітанне з Зімой (яго, дарэчы, упрыгожвалі тут жа, на месцы) – усе ўдзельнікі сталі ў карагод, і, пакуль гарэла пудзіла, у думках спальвалі разам з ім свае праблемы, непрыемнасці і жадалі адзін аднаму дабрыні і дабрабыту.
Вось так гучна, весела і смачна мы сустрэлі вясну!
Ірына ЯХІМОВІЧ, аг. Міхалішкі.