У Камаях адзначылі дзень нараджэння Казіміра Сваяка

11:43 / 05.03.2019
1349

У пачатку 19 стагоддзя жыў на Беларусі святар Канстанцін Стаповіч, які быў вядомы яшчэ і як паэт, філосаф, мысліцель і асветнік Казімір Сваяк. Хоць нарадзіўся ён на Астравечыне, але вельмі шануюць яго на Пастаўшыне, у Камаях, бо пачынаў ён сваю святарскую дзейнасць у 1915 г. у Камайскім касцёле.

DSC_2942.JPG

І напрыканцы лютага ў чатырнаццаты раз у дзень нараджэння святара і паэта сабраліся тут парафіі-пабрацімы, творчыя людзі, святары, землякі, каб ушанаваць памяць Казіміра Сваяка – за гэта асаблівая ўдзячнасць арганізатарам, найперш – ксяндзам Яцэку і Анатолю.

…Многа таленавітых людзей жыве побач з намі. Адна з такіх – Генавефа Дубіловіч, нязменная памочніца ксяндза Яцэка ў арганізацыі сваякоўскіх сустрэч, якая да таго ж выступае з цікавымі паведамленнямі пра Казіміра Сваяка і нават напісала ў яго гонар верш.

...пісаў для свайго народа,

Хацеў, каб былі сваякамі.

Хай прыйдзе да ўсіх свабода,

Што недзе гублялась вякамі.

Настаўніца роднай мовы і літаратуры Яна Лашук не так даўно прыехала ў Камаі – і адразу ж уключылася ў працэс адраджэння і захавання гісторыі краю. Яна і распачала свята расповедам пра Казіміра Сваяка, пра духоўнасць, нашу мову і нацыянальную ідэю.

З года ў год таленавітая арганістка Камайскага касцёла Алена Даўжук аздабляе свята сваімі анёльскімі спевамі. Песня на словы яшчэ аднаго слаўнага сына Астравеччыны Станіслава Валодзькі, прысвечаная Казіміру Сваяку, “Вёсачка Барані за барамі” стала ўжо своеасаблівым гімнам гэтых сустрэч. Але кожны раз, калі чуеш пранікнёныя, поўныя любові да роднай зямелькі словы, чуеш пяшчотны голас выканаўцы, душа ўзмывае ў нябёсы і лунае недзе над тымі барамі і засыпанай снегам вёсачкай, дзе нарадзіўся некалі Кастусь Стаповіч.

Камайцы даўно хацелі пазнаёміцца з аўтарам слоў гэтай песні Станіславам Валодзькам, ды ўсё не атрымліваецца. Вось і сёлета сам аўтар словаў, які жыве ў латвійскім Даўгаўпілсе, на свята прыехаць не змог, але прывітанне ад яго прывезлі ў Камаі госці – Яніна Юзэфовіч, кіраўнік ансамбля «Спадчына», і Галіна Мацулевіч, удзельніца гэтага вакальнага калектыву, якіх прывёз сын Станіслава Валодзькі Алег, таксама сябар тамтэйшага беларускага таварыства "Уздым".

DSC_2976.JPG

Упершыню прыняў удзел у імпрэзе, прысвечанай Казіміру Сваяку, паэт-бард з Мінску Валерый Пазнякевіч, добра вядомы на Астравеччыне. Затаіўшы дыханне слухалі госці вершы паэта. А калі аўтар чытаў баладу “Святар”, многія не хавалі слёз. Такое ж моцнае і незабыўнае ўражанне аказала сустрэча сваякоў у Камаях і на самога Валерыя Пазнякевіча. Прыемна, што да нашага “хаўрусу” далучыўся яшчэ адзін таленавіты і ўлюбёны ў родны край і родную мову чалавек

Цёпла віталі прысутныя і даўняга сябра “сваякоўскіх сустрэч” Людмілу Кухарэвіч. Яна ад імя астраўчан перадала паклоны і глыбокую ўдзячнасць найперш ксяндзу Яцэку.

– Добра, калі заслужаных людзей ўспамінаюць у юбілей – але калі гэта робяць штогод, ды не толькі словамі, але і справамі, як у Камаях, то гэта надта важна для нашай нацыянальнай памяці і свядомасці, – з гэтымі словамі Людмілы Іванаўны нельга не пагадзіцца.

Людміла Кухарэвіч прачытала свае вершы: “Жыцця таямніцы”, Усё ад Бога” , “Ля храма”, праспявала песні і рамансы, у тым ліку і на словы Казіміра Сваяка “Не чаруй”.

Галіна Паўлава, стрыечная сястра паэта Станіслава Валадзькі і унучка сябра “Хаўруса сваякоў” Іосіфа Лаўрыновіча, дзеда Юзука, як яго ўспамінае паэт у сваім вершы “Хаўрусу сваякоў.”, прыехала на сустрэчу з Мінску. Яна пранікнёна прачытала гэты верш прысутным.

– Не першы раз прысутнічаю на сустрэчы ў Камаях – і кожны раз усё больш цікава і сардэчна праходзяць гэтыя сустрэчы – прызналася Галіна Лёнгінаўна.

Арганіста Алена Даўжук прапанавала ўсім развучыць новую песню на словы светлай памяці Івана Драўніцкага, прысвечаная Сваяку, музыку да якой напісала яна сама. Лёгкая, светлая мелодыя, сардэчныя словы сталі цудоўным фінальным акордам гэтай шчырай сваякоўскай сустрэчы:

У глухое вёсцы над рэчкай Баранкай

Загаманілі з самага ранку

І пра навіну ўся вёска мовіць:

– Радзіўся хлопчык Кастусь Стаповіч!

Гадкі зязюлі яму лічылі

Бацькі й дзядулі яго вучылі

І ў Камаі святару ў помач

Прыйшоў вікары Кастусь Стаповіч.

На роднай мове магутнаму Богу

Вучыў маліцца, у неба дарогу

Вернікаў клікаў смела асвоіць

Паэт беларускі Кастусь Стаповіч.

…У тых касцёлах, дзе ён святарыў,

Дзверы да Бога адкрыці марыў,

Званы і сёння набожна звоняць:

– Блаславёны будзь, Кастусь Стаповіч


Текст: Иоланта Валуевич
Фото: Таццяна Кучэўская
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений