ФАП не закрыюць, “дармаедам” дапамогуць знайсці работу – такія вынікі “Прамой лініі” Ірыны Тальчук
У мінулую суботу “Прамую лінію” правяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. На “Прамую лінію” паступіла восем зваротаў – большасць прыватнага характару.
Так, некалькі грамадзян з розных вёсак Астравеччыны прасілі растлумачыць нормы дзеяння Дэкрэта №3 і дапамагчы ім працаўладкавацца – усе гэтыя пытанні Ірына Эдуардаўна ўзяла на кантроль.
З асабістым пытаннем, якое тычылася прадастаўлення жылля, да старшыні райсавета звярнулася сірата – яе просьба таксама разглядаецца.
Яніна Вайнілка ў сваім тэлефонным звароце падымала дзве праблемы. Першая датычылася работы ФАПа ў вёсцы Завідзіненты. Па словах жанчыны, пасля таго, як яго загадчыца звольнілася, на працу ў фельчарска-акушэрскі пункт прыязджае супрацоўнік Міхалішкаўскай участковай бальніцы. Жыхары непакояцца, што з-за адсутнасці спецыяліста ФАП увогуле закрыюць. Але хвалююцца яны дарма: як паведаміў галоўны ўрач Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Мажэйка, ФАП у Завідзінентах закрывацца не будзе.
Не менш актуальная для жыхароў гэтай вёскі, па словах Яніны Вайнілкі, яшчэ адна праблема. Справа ў тым, што аўтамагазін сюды заязджае толькі ў сераду і пятніцу – жыхарам хацелася б мець магчымасць набываць свежую прадукцыю часцей. Ірына Эдуардаўна паведаміла, што пытанне Яніны Вайнілкі адпраўлена на рэагаванне ў Астравецкі філіял Гродненскага аблспажыўтаварыства. Яго дырэктар абяцаў перагледзець графік работы аўтамагазіна.
Яшчэ адзін зварот паступіў ад Часлава Малышкі. Ад імя жыхароў вуліцы Зорная, што ў Астраўцы, мужчына скардзіўся на адсутнасць у іх мікрараёне асвятлення і прасіў выправіць сітуацыю.
Паступіла на “Прамую лінію” і просьба адрамантаваць воданапорную вежу ў вёсцы Шульнікі.
Усе пытанні, з якімі звярнуліся жыхары раёна да старшыні райсавета дэпутатаў, узяты на кантроль райвыканкама.