Пра службу ў арміі ўспамінаюць воіны-інтэрнацыяналісты

11:37 / 16.02.2019

Сёння на пяць пытанняў аб галоўным адказваюць воіны-інтэрнацыяналісты Астравецкага раёна.

1.jpg

1. Як пачалася і дзе скончылася ваша служба ў Афганістане?

2. Што было самым складаным за час службы?

3. Чаму навучыла вас армія?

4. Наколькі праўдзіва паказваюць вайну ў Афганістане ў кіна­філь­­мах? І ці здолеў адрэзак у 30 га­доў сцерці ўспаміны таго часу?

5. Цяпер некаторыя хлопцы лічаць, што служыць цяпер – «не модна». Што вы можаце ім сказаць?

Пяць звычайных пытанняў…

Але чаму ўстры­во­жана б’ецца сэрца? 

Тры розныя субяседнікі… Але чаму так аднолькава цяжка глядзець ім у вочы?

Тры простыя ўспаміны пра армію… Але чаму па-здрадніцку пачынае дрыжэць голас?

Тры невялікія аповеды… І за кожным – параненая душа.


Вацлаў Францавіч Шаткевіч

Пагранічныя войскі, 1987-1989 гады

шаткевич.jpg

1. Родам я з Ашмянскага раёна. Служба пачалася звычайна: скончыў школу, споўнілася 18 гадоў – пайшоў у армію. Гэта быў май 1987 года. У Гродне, куды нас прывезлі, маладое папаўненне ўжо чакаў пагранічнік – сказаў, што паедзем на іранскую мяжу. Калі пад’ехалі бліжэй да месца назначэння, мяжа аказалася афганскай – не хацелі нас, навабранцаў, спачатку палохаць. Тры месяцы вучэбкі ў Сярэднеазіяцкай пагранічнай акрузе ў пасёлку Тахтабазар – нас перакінулі ў Афганістан. Пагранічныя войскі, у якіх я служыў, прыкрывалі мяжу Афганістана з Туркменіяй, Узбекістанам і Таджыкістанам. Я трапіў у мотаманеўраную групу ў раёне Кайазар правінцыі Фар’яб. Быў наводчыкам кулямёта на БТР-70. Там і праслужыў да 15 лютага 1989 года – да вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

2. Самым складаным была адаптацыя да прыродных умоў, да іх клімату. У «вучэбцы» былі праблемы з вадой – піць яе было немагчыма. А як вытрываць, калі спёка больш як за 50 градусаў? Заварвалі гарбату з вярблюжай калючкай – аказваецца, яна знішчае ўсе мікробы. Так і выратоўваліся. А ўжо калі трапілі ў Афганістан, там была свая свідравіна з крынічнай вадой.

Што тычыцца баявых дзеянняў – мы былі маладыя і нічога не баяліся. (Усміхаецца) Свіст куль, выбухі, стрэлы – усё гэта хутка стала звыклым. Мы проста хацелі нармальна адслужыць і вярнуцца дадому.

3. Служба ў Афганістане паказала, што такое згуртаванасць, баявы калектыў і надзейнае плячо таварыша. На сябра, які прыкрываў мяне, я мог разлічваць, як на самога сябе – і нават больш. Мы былі сям’ёй… Цяпер такога няма.

4. Цяпер пра Афганістан расказваюць праз успаміны воінаў-інтэрнацыяналістаў, таму ў большасці паказваюць рэальнасць. А ўспаміны непадуладныя часу – такое не забываецца. Хлопцы, якія там загінулі, і зараз стаяць перад вачыма.

На жаль, пасля распаду Савецкага Саюза, многія аднапалчане «патраціліся». Думаю з дапамогай інтэрнэту аднавіць іх пошукі – цікава было б знайсціся праз столькі гадоў.

5. Я заўсёды хацеў служыць – нават думкі такой не ўзнікала, што можна не пайсці ў армію. Калі дазваляе здароўе, юнакам проста неабходна прайсці армейскую школу. Цяпер нават за межы Беларусі не пасылаюць, а пашанцуе – дык і наогул, лічы, побач з домам можна служыць. Мы вось у Афганістане свой армейскі доўг выконвалі без водпуску і звальненняў – і нічога.


Васіль Марыянавіч Сячынскі

Інжынерныя войскі, 1982-1984 гады

сечинский.jpg

1. Служыць я адправіўся, лічы, ужо «старым» – дваццаць гадоў было. (Усміхаецца) Павестку атрымаў з Магілёўскага гарадскога ваенкамата ў 1982 годзе. Я нарадзіўся і вырас у Гервятах, дзе і цяпер жыву. А пасля вучылішча мяне размеркавалі ў Магілёў – працаваў электраманцёрам кантактнай сеткі. Прыйшоў час – абуў боты і пайшоў служыць.

Першым горадам дыслакацыі стаў эстонскі Тапа – там праходзіла вучэбка. Далей – Туркестанская ваенная акруга, перасылка ў Тэрмезе і афганскі Кундуз.

Служыў я ў інжынерных войсках, быў механікам-вадзіцелем баявой машыны размініравання, затым – яе камандзірам. Ну а чым займаюцца сапёры? Мы пракладвалі і расчышчалі ад мін дарогу і суправаджалі калоны. Канешне, хапала небяспечных сітуацый, але, напэўна, мяне сцярог адзін з анёлаў гервяцкага касцёла – дзякуй Богу, вярнуўся дадому жывым і здаровым.

2. Самым складаным было выжыць першыя два месяцы ў Афганістане і прывыкнуць да той атмасферы, у якой пасля «варыліся» два гады. Моцна дапамагалі стара­служачыя – яны нас абаранялі і засланялі ад куль, першымі ішлі на заданне, а нас адпраўлялі следам. Пасля мы гэтак жа засцерагалі маладых салдатаў. Гэта была кругавая таварыская парука.

3. Армія навучыла сапраўднаму сяброўству. Надзейнае плячо таварыша – для мяне не проста гучны выраз. Аб гэтым цяжка расказаць, бо ніякія словы не змогуць перадаць тых пачуццяў. Мы былі сябрамі, не – братамі.

4. Кіно ёсць кіно: палова праўды, палова – не. У цэлым паказваюць падзеі таго часу досыць рэалістычна, але частка заўсёды застаецца за кадрам. Са сваёй службы стараюся ўспамінаць толькі добрае. Жыццё працягваецца…

5. Я адслужыў у Афганістане – і ні кроплі не шкадую. У мяне два сыны, яны ўжо адслужылі – і таксама не шкадуюць. Як гэта ні пафасна гучыць, але юнакі павінны аддаць свой доўг Радзіме. А калі хлопец не служыў, прабачце, але гэта ўжо нешта не тое, няправільна гэта.


Вячаслаў Лявонцьевіч Краўчук

Танкавы батальён, 1986-1988 гады

кравчук.jpg

1. Павестку ў армію атрымаў у 1986 годзе. Якраз толькі паступіў у Пінскі гідраме­ліяра­цыйны тэхнікум – заканчваць яго давялося ўжо пасля службы. Армія пачалася з вучэбкі, якую праходзіў ў Тэрмезе ва Узбекістане. Там рыхтавалі заражаючых, механікаў-вадзі­це­ляў і наводчыкаў Т-62 – прайшоў гэтую навуку і я. Пасля вучэбкі нас пасадзілі на самалёт і адправілі ў Кабул, адтуль на «вяртушках» даставілі ў правінцыю Газні – да месца службы.

Я служыў у танкавым батальёне 191 асобнага мотастралковага палка. Спачатку быў заражаючым, затым наводчыкам, заканчваў служыць механікам-вадзіцелем Т-62. Нашай задачай было суправаджэнне калоны і баявыя дзеянні. Амаль уся мая служба прайшла ў выездах – у палку мы былі рэдка: два-тры тыдні – і на заданне. У асноўным баявыя дзеянні праходзілі ў правінцыі Газні і горадзе Гардэс. Самай доўгай была аперацыя ў Кандагары – больш за тры месяцы. Наогул, кожны выезд запамінаўся па-свойму – за службу розныя сітуацыі былі. Двойчы наш танк падрываўся на мінах. Мне пашанцавала: атрымаў толькі кантузію.

2. Спачатку было цяжка прывыкнуць да абстаноўкі: мы ж «зялёныя» былі – а там вайна. Але з часам чалавек да ўсяго прывыкае – і я не выключэнне.

Нялёгка было прыстасавацца да клімату, хоць нас падчас вучэбкі і рыхтавалі да гэтага. Было няпроста кіраваць танкам. Душманы пастаянна мініравалі дарогі, таму калона павінна была ехаць каляя ў каляю – некалькі сантыметраў убок маглі каштаваць жыцця. Вось і выходзіла, што ад механіка-вадзіцеля танка залежыла жыццё ўсяго экіпажа.

3. У Афганістане я навучыўся разбірацца ў людзях – бачыць у іх добрае і дрэннае. Зразумеў, што такое сапраўднае сяброўства. З’явіліся новыя каштоўнасці і маральныя прынцыпы. Наогул, з арміі мы вярнуліся іншымі людзьмі.

4. Найбольш праўдзівыя дакументальныя фільмы. Пра вайну ў Афганістане можна доўга спрачацца і ўзважваць усе «за» і «супраць», аднак ніхто не можа сказаць, як было б лепш. Гісторыю не перапішаш. Што тычыцца нас – мы былі толькі салдатамі, якія, прыняўшы прысягу, выконвалі загад. А ўспаміны… Штосьці прызабылася, штосьці – не. Гэта будзе са мной заўсёды.

5. Для мужчыны ва ўсе часы адзін з галоўных абавязкаў – абараняць Радзіму. У арміі загар­тоўваецца характар, фарміруецца свядомасць і адбываецца іншае ўспрыняцце жыццёвых каштоў­насцей. Служба ў войску не можа быць моднай ці не – яна неабходная для кожнага юнака.

Текст: