Чаму закрылі пост "хуткай дапамогі" ў Міхалішкаўскай бальніцы?

16:52 / 25.01.2011
На гэтае пытанне адказвае галоўны ўрач Астравецкай ЦРБ В. І. Тачоны:

— Пост “хуткай дапамогі” ў Міхалішках ніхто не закрываў і закрываць не збіраецца. Гаворка ідзе аб аптымізацыі службы хуткай медыцынскай дапамогі раёна. Патлумачу на канкрэтным прыкладзе. Па памяці нумар тэлефона паста “хуткай дапамогі” ў Міхалішкаўскай участковай бальніцы ведалі адзінкі. Таму пры патрэбе людзі прывычна набіралі нумар 103 і траплялі да дыспетчара “хуткай дапамогі” ў Астраўцы. Калі выклік знаходзіўся ў тэрытарыяльнай блізкасці ад Міхалішкаўскай бальніцы, дыспетчар звязваўся з дыспетчарам у Міхалішках, а ўжо той адрасаваў выклік дзяжурнай брыгадзе. У выніку з-за дадатковага звяна  губляўся каштоўны час. Гэтае звяно – дыспетчарскую службу ў Міхалішкаўскай бальніцы – мы і ліквідавалі. Аднак ніяк не сам пост. Ён захаваўся ў ранейшым складзе. Усё змяненне толькі ў тым, што цяпер дыспетчар хуткай дапамогі ў Астраўцы адрасуе выклік непасрэдна дзяжурнай брыгадзе “хуткай дапамогі”  ў Міхалішках.


Эдуард СВІРЫД.