Традыцыі аднаўляюцца: крашчэнскае купанне на рацэ Лоша

16:25 / 21.01.2011

Падобна, што ў нас на вачах нарадзілася новая традыцыя. Хаця, як кажуць, усё новае – гэта добра забытае старое. Сапраўды, традыцыя праваслаўных вернікаў купацца на Крашчэнне ў палонцы – старажытная, як хрысціянства. Вось толькі на Астравеччыне яна не была асабліва актуальнай.


У мінулым годзе чацвёра смелых – Валерый Блахін, Аляксей Маргуж, Іван Бароўка і Юрый Грыневіч – пад акампанемент 16-градуснага марозу зладзілі  крашчэнскае купанне на рацэ Лоша.
Добры прыклад аказаўся заразлівым, і сёлета 19 студзеня ў сем гадзін раніцы ля мастка, што вядзе да бальніцы, было непрывычна шматлюдна – адразу 16 астраўчан выключна мужчынскага полу вырашылі ў гэты дзень змыць з сябе грахі, хваробы і непрыемнасці. Застрэльшчыкамі былі, вядома ж, мінулагоднія купальшчыкі на чале з Валерыем Блахіным – яны правілі баль, гэта значыць, кіравалі ходам аперацыі “Амавенне”.
Мароз, канешне, у гэтым годзе падкачаў, але шаснаццаць мужчын, якія ў цемры спускаліся да заснежанай рэчкі з пагорка ад завода “Радыёдэталь” у адных плаўках, мелі, мякка кажучы, неблагі поспех у выпадковых прахожых, якія рэагавалі на падобнае відовішча некалькі нервова. Але разабраўшыся, у чым справа, некаторыя з іх нават паспрабавалі кіраваць крашчэнскім купаннем проста з мастка. Зрэшты, іх парады ў купальшчыкаў папулярнасці не мелі.
Кажуць, на наступнае Крашчэнне хлопцы збіраюцца запрасіць у сваю кампанію бацюшку – настаяцеля храма Святых апосталаў Пятра і Паўла айца Георгія Савіцкага.


Ганна ЧАКУР.