Не прапусціце! Чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях стартуе 24 студзеня

16:11 / 21.01.2011
У наступны панядзелак, 24 студзеня, у памяшканні Дома культуры (“Галактыка”) у 17.30 адбудзецца першая гульня раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях.

Як паказаў снежаньскі раённы турнір па інтэлектуальных гульнях і ўдзел астравецкіх каманд у Ашмянскім турніры, у нашым раёне даволі шмат людзей, якія б хацелі займацца інтэлектуальнымі гульнямі: гэта цікава, захапляюча, развіваюча.
Але, як паказалі гэтыя ж, ды і іншыя інтэлектуальныя спаборніцтвы, нашым “знатакам” – усім без выключэння – не хапае вопыту. А яго, як вядома, лежачы на канапе і нават пачытваючы пры гэтым разумныя кніжкі, не набудзеш: навучыцца гуляць у інтэлектуальныя гульні, як і ў любыя іншыя, можна, толькі гуляючы ў іх.
Таму вырашана сёлета ажыццявіць мінулагоднюю ідэю і арганізаваць рэгулярны раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях. Першы этап яго адбудзецца ў бліжэйшы панядзелак у будынку раённага Дома культуры “Галактыка”. Пачатак – у 17.30. Плануецца такія этапы раённага чэмпіянату праводзіць штомесяц, а па выніках усіх у канцы года будуць падведзены вынікі.
Так што ўсіх, хто цікавіцца інтэлектуальнымі гульнямі, запрашаем прыняць удзел у раённым чэмпіянаце – і тыя каманды, што ўжо гулялі ў падобных турнірах, і тыя, хто пакуль не асмеліўся зрабіць першы крок, баючыся прайграць. Апошнім хочацца сказаць: у кожнай каманды бываюць удалыя і не вельмі гульні, але вынік тут – нішто ў параўнанні з асалодай ад самой гульні.
Кожны зацікаўлены можа сфарміраваць сваю каманду з шасці чалавек (можна і менш, але гуляць цяжэй) – месца працы ці жыхарства і нейкія іншыя знешнія фактары значэння не маюць. Адзіная ўмова: каманда павінна быць дарослай, г.зн. яе ўдзельнікі не павінны быць маладзей 18 гадоў. Асноўная ўмова – цікавасць да інтэлектуальных гульняў і жаданне “варушыць звілінамі”.
Так што прыходзьце, удзельнічайце – не пашкадуеце!