Валянціне Мадэкша і Тарэсе Валанцэвіч уручаны ордэны Маці

15:25 / 18.01.2011

“Падумаеш, геройства – дзіця нарадзіць!”, — магчыма хмыкне скептык.
Нарадзіць, вядома, яшчэ не геройства. А вось выгадаваць, выхаваць дастойным чалавекам – гэта вялікая і цяжкая праца. Якую ведаюць толькі  тыя, хто прайшоў праз гэта – недаспаныя ночы, трывогі, хваляванні  і радасці.
А калі дзіця не адно, а пяць — і ўсё гэта трэба памножыць шматразова? Хто, якім прыборам можа вымераць велічыню і значнасць мацярынскага подзвігу?
Вядома, лепшая ўзнагарода для кожнай маці – яе дзеці: іх шчасце, здароўе, іх поспехі.
Але і грамадства цэніць,  паважае і дастойна адзначае подзвіг мацярынства. Лепшыя  жанчыны-маці, якія прысвяцілі сваё жыццё дзецям, адзначаюцца дзяржаўнымі ўзнагародамі – ордэнам Маці. У нашым раёне дваццаць жанчын адзначаны гэтай высокай узнагародай.



Днямі да іх далучыліся яшчэ дзве. У мінулы панядзелак ва ўрачыстай абстаноўцы ордэны Маці і належную пры гэтым матэрыяльную дапамогу старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька ўручыў Тарэсе Альбінаўне Валанцэвіч, рабочай фабрыкі “Альхоўка”, жыхарцы вёскі Міхалішкі, і астраўчанцы Валянціне Станіславаўне Мадэкша, якая працуе ў магазіне Ашмянскага мясакамбіната “Пачастунак”.
Абедзве жанчыны нарадзілі па пяцёра дзяцей. Толькі Валянціна Станіславаўна разам з мужам Юрыем Антонавічам ўжо, можна сказаць, вырасцілі сваіх: Інга, Дзмітрый, Марта і Ілля працуюць, а Максім служыць у арміі. А ў Тарэсы Альбінаўны і Андрэя Іванавіча Валанцэвічаў яны яшчэ пакуль малышы: толькі старэйшая Ліка – школьніца, яна вучыцца ў чацвёртым класе Міхалішкаўскай школы, а Эла, Артур, Дзіма і Дзяніс – пакуль  дашкольнікі.
У той дзень жанчыны пачулі шмат віншаванняў і цёплых пажаданняў: ад старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, яго намесніка Віктара Збігневіча Свілы, кіраўніцтва працоўных калектываў: з кветкамі і падарункамі прыехалі павіншаваць сваіх супрацоўніц з уручэннем дзяржаўнай узнагароды прадстаўнікі кардоннай фабрыкі “Альхоўка” і Ашмянскага мясакамбіната.


Ніна РЫБІК.