Снежны палон: маніторынг вуліц Астраўца

14:26 / 14.01.2011

Зіма сёлета выдалася  самая сапраўдная. Амаль з першага дня свайго гаспадарання яна дыхнула марозам і сыпанула снегам. Ды так, што і зараз дарожнікі і работнікі камунальных службаў не паспяваюць чысціць і вызваляць дарогі ад снежнага покрыва. І нават цяперашняя адліга асабліва не змяніла сітуацыю, а, наадварот, дадала яшчэ і галалёдзіцу…


Менавіта снег, а не, як звычайна, смецце, у чарговы раз прымусіў сабрацца супрацоўнікаў розных службаў для правядзення сумеснага рэйду, ці, як цяпер ён называецца, маніторынгу па вуліцах Астраўца. Справа ў тым, што ў санітарных правілах ёсць адзін важны пункт: у зімовы перыяд кожная асоба, як фізічная, так і юрыдычная, нясе адказнасць за тую тэрыторыю, дзе пражывае, і абавязана ачышчаць яе ад снегу, а ў выпадку галалёдзіцы – яшчэ і пасыпаць тратуар. У выпадку парушэння арганізацыі, установе або фізічнай асобе, за якімі замацаваны адпаведны ўчастак, будзе выдадзена прадпісанне. Для таго, каб паглядзець, як гэта выконваецца на самой справе, і быў арганізаваны рэйд, у склад якога ўвайшлі загадчыца аддзела гігіены райЦГЭ Дзіяна Лось, галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Віталій Белцік і ўрач-гігіеніст Анастасія Камінская.
Пачынаем сваё падарожжа з мікрараёна Валадарскага. І ў першым жа двары – сумная карціна. Роўненька ў радочак стаяць прыпаркаваныя самыя розныя аўтамабілі, наверсе амаль кожнага ўжо ўтварылася сапраўдная гурба. Здаецца, што машыны стогнуць пад гэтым цяжарам. Аднак гэта яшчэ паўбяды. Бо стаіць транспарт таксама ў снезе, побач нешта спрабуе зрабіць супрацоўнік камунальнай службы, ды амаль безвынікова –  нават вельмі дужы мужчына не ў сіле адзін скрануць з месца заснежаны аўтамабіль. І разам з тым парадокс – на дзвярах пад’ездаў развешаны аб’яўкі, у якіх  жыхароў просяць тэрмінова адагнаць свой транспарт на стаянку аўтапарка №4 для таго, каб можна было ўсюды нармальна пачысціць снег. Як было бачна, на той час адрэагавалі  толькі адзінкі.
Едзем далей. Сітуацыя не вельмі змяняецца. Амаль ля кожнага дома стаіць парачка-другая невядома калі выязджаўшых з двара аўтамабіляў. Яшчэ метраў праз сто сустракаем тэхніку ЖКГ – вялізнымі каўшамі яна чэрпае перамешаны з пяском снег. Працягваецца зацяжны бой тэхнікі з прыродай.
–Ну а зараз давайце праедзем па прыватных сектарах, – прапаноўвае вадзіцелю далейшы маршрут Дзіяна Іосіфаўна.
І мы зварочваем на вуліцу Школьную, пасля – на Камсамольскую, Ушакевіча, Партызанскую… Акуратна пачышчаныя сцежкі і дарожкі, пасыпаныя прыступкі і ўпрыгожаныя навагоднімі атрыбутамі панадворкі – словам, прычапіцца няма да чаго. Гаспадары цудоўна разумеюць, што чысціня, зручнасць і прыгажосць падвор’яў залежыць толькі ад іх саміх.
Па дарозе заязджаем на тэрыторыю гаражнага кааператыва па вуліцы Ушакевіча. Тут таксама ў большасці пануе снежнае царства. На зваротным шляху бачым, як прыватныя прадпрымальнікі самі расчышчаюць снег ля сваіх магазінаў.
–Вось гэта правільна. Бо калі яны не расчысцяць паркоўку – ніхто не пад’едзе да іх магазіна і нічога не купіць, – разважае наш вадзіцель. І з ім цяжка не пагадзіцца.
Наперадзе нас чакае большая палова зімы. І, мяркуючы па  першай палове, яна яшчэ “парадуе” і траскучым марозам, і злоснымі завірухамі, і моцным снегападам. Дык, можа, варта змагацца з прыроднымі катаклізмамі ўсім разам? 


Марына МАЦКЕВІЧ.