Знаёмцеся: гонар Астравецкага раёна Валянціна Малаховіч

08:41 / 24.01.2019
Заатэхнік-селекцыянер малочна-таварнага комплексу «Рытань» РУП «Астра­вецкі саўгас «Падольскі» Валянціна Іванаўна Малаховіч, партрэт якой занесены на раённую Дошку гонару, не ўяўляе свайго жыцця без работы.

4.jpg

Чалавек мяркуе, а Бог куе. Я не збіралася звязваць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, а ўжо больш за 20 гадоў працую ў жывёлагадоўлі.



Жанчына працуе заатэхнікам-селек­цыя­нерам на МТК «Рытань» шэсць гадоў, да гэтага яна загадвала малочна-таварнай фермай «Талюшаны». 

– Папрасілі на месяц замяніць загадчыцу, каб тая магла схадзіць у адпачынак, – успамінае жанчына. – А так сталася, што гэты месяц расцягнуўся на шаснаццаць гадоў. Спачатку  цяжка было і боязна: рукі і ногі трэсліся ад страху. Бацькі заўсёды трымалі жывёлу, але ацёлаў я не прымала. 

Нездарма кажуць, што самы складаны крок – першы. Валянціна яго зрабіла, а потым неўпрыкмет для сябе ўцягнулася ў работу.

646.jpg

–  З дзяцінства люблю шыць. З ка­валачкаў тканіны лялькам шыла прыгожыя сукенкі – сама прыдумвала крой і мадэлі, – гаворыць жанчына. – У школе лёгка даваліся фізіка і хімія, але больш любіла чарчэнне, таму дакументы падала ў Гродзенскі тэхнікум. Вывучылася на закройшчыцу. Прапаноўвалі работу ў горадзе – у мяне ж чырвоны дыплом быў, але вярнулася дамоў, у Жусіны. Сёстры і браты жывуць у гарадах: Мінску, Гродне, Астраўцы. 
Малаховічы трымаюць вялікую гаспадарку: дзвюх кароў, каня, авечак, свіней.

– Кармы на зіму нарыхтоўваем самі, – расказвае жанчына. – Тата косіць звычайнай касой, не прызнае трымераў, кажа, што сена тады атрымліваецца не такое, як трэба. Буракі кармавыя штогод садзім. 

Зімой спакайней: работы значна менш, таму доўгія зімовыя вечары Валянціна прысвячае чытанню, і ў такія моманты ловіць сябе на думцы:  знайшла сваё месца ў жыцці.

IMG_9922.jpg

– Галоўнае ў вашай рабоце?
– Напэўна, цярпенне. А яшчэ работа заатэхніка-селекцыянера патрабуе ўважлівасці і пільнасці.

– Што найбольш цэніце ў лю­дзях?
– Прыстойнасць, праўдзівасць і дабрыню. А яшчэ пачуццё гумару: у некаторых сітуацыях трэба ўмець пасмяяцца з сябе.

– Што адчулі, калі даведаліся, што ваш партрэт занесены на раённую Дошку гонару?
– Я не публічны чалавек і не люблю празмернай увагі да сябе. А калі даведалася аб занясенні на Дошку гонару, была ў шоку. Чаму я?! За што?! І не такія ў нас ужо паказчыкі добрыя былі. А так, канешне, прыемна, што пра нас помняць і нашу работу заўважаюць. Лічу, што гэта не столькі мая заслуга – а калектыву: ад намаганняў кожнага працаўніка залежыць работа ўсяго комплексу. 
Текст:
Фото: Алена Гануліч