Навагоднія падарункі ад...

08:54 / 06.01.2011
…Ад культуры

Новы год варнянская моладзь нарэшце сустрэла ў сваім Доме культуры.


Уласна кажучы, будынак былога вучэбна-вытворчага камбіната быў перададзены на баланс раённага аддзела культуры яшчэ ў 2006 годзе, і туды перасяліліся сельскі Дом культуры, школа мастацтваў, бібліятэка. А вось давесці да ладу дыска-залу – у гэтым памяшканні засталіся практычна толькі сцены — усё не хапала сродкаў, і моладзь Варнян шукала месца для адпачынку ў іншых вёсках.
У мінулым годзе, дзякуючы таму, што з вобласці нашаму раёну былі выдзелены два мільярды рублёў на завяршэнне рамонтаў аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння і частка гэтых сродкаў дасталася аддзелу культуры, нарэшце Варнянскі Дом культуры быў адрамантаваны. Літаральна 30 снежня яго пакінулі будаўнікі, а 31-га, напярэдадні Новага года, гэтую ўстанову культуры асвяціў ксёндз Здзіслаў Пікула. А затым моладзь і дарослых – на адкрыццё Дома культуры сабралася больш як 200 чалавек — Дзед Мароз і Снягурка запрасілі на гульнёва-забаўляльную праграму.
Але гэты навагодні падарунак для варнянскай моладзі быў не адзіны — яшчэ адным стаў новы камплект гукаўзмацняльнай апаратуры, набыты аддзелам культуры для Варнянскага СДК. Такі ж перад святам атрымаў і Варонскі Дом культуры. А раённы Дом культуры – новы ноутбук, які дапаможа забяспечваць усе культурныя мерапрыемствы.
Але не толькі аддзел культуры дарыў перад Новым годам падарункі – ён і сам атрымаў важкі “прэзент” ад абласнога упраўлення культуры: аўтамашыну “Газель”, абсталяваную для работы перасоўнай бібліятэкі на колах, таксама папулярна паслуга изготовление тентов на газель.



…Ад фізкультурна-спартыўнага клуба

Напярэдадні Новага года ў Маладзечанскай друкарні “Перамога” пабачыў свет буклет “Астравеччына турыстычная”, які выдаў сектар турызму Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба.


Невялікі па памеру, зручнага фармату і насычаны карыснай для турыстаў і краязнаўцаў інфармацыяй буклет зацікавіць як жыхароў Астравеччыны, так і гасцей нашага раёна. У ім маляўніча і змястоўна пададзены звесткі аб асноўных турыстычных аб’ектах раёна: Астраўцы, Варнянах, Міхалішках, Гервятах, Сарачанскіх азёрах. А таксама аб малавядомых шырокаму колу турыстаў мястэчку Гудагай, вёсцы Малі, святой крыніцы ў Дубку, вёсках Барані, Быстрыца, Трокенікі, Рымдзюны.
Удала дапаўняе буклет турыстычная крата раёна, дзе паказны ўсе аб’екты турыстычнай інфраструктуры, якія ёсць на Астравеччыне.



…ад Ганны Чакур

Пастаянным чытачам нашай газеты добра вядома імя Шмуэля Керэна-Кроля, уся сям’я якога ў гады вайны была расстраляна каля Кямелішак – помнік, што ўстаноўлены каля гэтай вёскі ахвярам Халакосту, зроблены за сродкі Шмуэля.


Неаднойчы мы пісалі і пра поўнае пакут жыццё Шмуэля Керэна-Кроля, які цяпер жыве ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Там у яго ў свой час выйшла аўтабіяграфічная кніжка на англійскай мове “Мулік-Жулік” – расповед пра пакутніцкі шлях яўрэйскага хлопчыка і яго напоўненае прыгодамі дарослае жыццё.
А перад Новым годам гэтая кніга пабачыла свет і ў Беларусі – яна была выдадзенна ў Мінску ў выдавецтве Логвінава. Пераклад з англійскай мовы на беларускую зрабілі супрацоўніца нашай газеты Ганна Чакур, а таксама былая супрацоўніца рэдакцыі Наталля Мяшкова. Аўтар здымкаў, выкарыстаных для афармлення вокладкі, Алесь Юркойць.
Так што цяпер і землякі могуць даведацца пра жыццё і пакуты яўрэяў нашай мясцовасці.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.