Падтрымка і дапамога ад тэрытарыяльнага цэнтра

17:04 / 05.01.2011
2

Адзінокія і пажылыя людзі, ветэраны вайны, шматдзетныя і малазабяспечаныя сем’і, інваліды – ім усім неабходна не толькі  маральная падтрымка, але і канкрэтная дапамога, якую яны могуць знайсці, пастукаўшы ў дзверы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання.


Узнік тэрытарыяльны цэнтр на базе аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. А сёння тут працуюць ужо пяць аддзяленняў, якія вядуць работу па самых розных накірунках.
Самае маладое – гэта аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, дзе ў асаблівых людзей з’яўляецца магчымасць пераадолець комплекс чатырох сцен. Яны тут сустракаюцца, размаўляюць, займаюцца ў розных гуртках – разводзяць кветкі, шыюць, вяжуць, вучацца гатаваць, спяваюць у караоке і глядзяць пазнавальныя перадачы. А ўзначальвае гэтае аддзяленне энтузіястка, кіраўнік валанцёрскага атрада “Прамень”, валанцёр года Ірына Ігараўна Стэх, якая стала для гэтых маладых людзей лепшай сяброўкай і памочніцай.
Аддзяленне адаптацыі і рэабілітацыі ўзначальвае Валянціна Валяр’янаўна Ярмак. Дарэчы, гэтыя два аддзяленні называюць тут ідэалогіяй цэнтра. А працуюць яны па некалькіх накірунках – прапаганда здаровага ладу жыцця, арганізацыя дабрачынных акцый на карысць розных катэгорый грамадзян – гэта пажылыя людзі, інваліды, ветэраны вайны, анкалагічна хворыя дзеткі, дзеці з няўдалых сем’яў, сіроты. Толькі падчас апошняга дабрачыннага канцэрта “Падары надзею”, арганізаванага сумесна з Домам культуры, удалося сабраць 6 241 280 рублёў – усе гэтыя грошы былі перададзены анкалагічна хворым дзецям і  маладым людзям, якія з-за хваробы не могуць рухацца. А зараз стартаваў новы праект “Калі мы разам – мы моцныя”, мэтай якога з’яўляецца ўцягненне інвалідаў у валанцёрскую дзейнасць.





Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму абслугоўвае 575 чалавек. За сімвалічную цану адзінокія пажылыя людзі, інваліды, ветэраны вайны могуць атрымаць цэлы комплекс паслуг: сацыяльныя работнікі прынясуць ваду і дровы, вынесуць смецце, зробяць уборку, расчысцяць двор ад снегу, купяць прадукты, лякарствы, аплацяць камунальныя паслугі. Дарэчы, колькасць паслуг пастаянна павялічваецца. Акрамя тых, што ўваходзяць у пералік, прадастаўляюцца дадатковыя платныя паслугі – памыць і павесіць шторы, прыгатаваць ежу, скласці дровы. Хаця сацыяльны работнік – гэта не проста чалавек, які дапамагае адзінокім старэнькім людзям па гаспадарцы. Гэта яшчэ і той, хто сваёй увагай і клопатам усяляе ў іх душы веру, што яны не адны на гэтым свеце, не пакінутыя і не забытыя. І часта менавіта “апекуны” становяцца самымі  блізкімі людзьмі для адзінокіх. Тэрэса Ціхановіч, Алена Шпак, Уладзіслава Каханоўская, Тэрэса Магадзя, Ала Пашкевіч, Людміла Аўдзей, Ганна Вашкевіч, Ірына Якіменка, Алена Марозік, Галіна Мілаш, Мікалай Сізоў, Таццяна Субач, Аляксандр Чапулкоўскі, Алег Скіруць і многія іншыя сацыяльныя работнікі цэнтра – людзі вялікай душы, якім хапае дабрыні і міласэрнасці не толькі для сваіх родных, але і для тых пажылых людзей, якія па волі лёсу засталіся адны. Аддзяленне ўзначальвае Ірына Аляксандраўна Станкевіч. А за сельскімі Саветамі замацаваны яшчэ чатыры інспектары, якія курыруюць работу на месцах.
Вельмі запатрабаваны паслугі, якія прадастаўляе аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання, дзе працуюць 4 чалавекі на чале з Ірынай Станіславаўнай Пашкевіч. Гэта распілоўка драўніны, насечка дроў, узворванне глебы, пасадка бульбы, сацыяльнае таксі, паслугі сядзелкі і многія іншыя. Ёсць і бясплатныя паслугі – гэта гуманітарная дапамога, а таксама прадастаўленне ў карыстанне сродкаў рэабілітацыі.





– У 2009 годзе мы звярнуліся да старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі з просьбай дапамагчы з тэхнікай, – расказвае дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Іосіфавіч Ждановіч. – І ён аказаў нам гэтую дапамогу, за што мы вельмі яму ўдзячны. У нас ужо ёсць міні-трактары, мотаблок, 2 бензапілы, газонакасілка. Зараз рыхтуецца рашэнне аб перадачы трактара МТЗ-80. 
Яшчэ адно не менш важнае аддзяленне – пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання на чале з Наталляй Мечыславаўнай Юшчук. Тут створаны банк дадзеных усіх неабароненых катэгорый грамадзян нашага раёна, які налічвае больш за 7000 тысяч чалавек. Акрамя таго, аддзяленне займаецца  назначэннем і афармленнем дакументаў на атрыманне бясплатнага харчавання дзяцей да 2 гадоў.
– Гэты год быў нялёгкім, але мы не знізілі тую планку, якую паставілі перад сабой, – расказвае Віктар Іосіфавіч Ждановіч, – за што хацелася б падзякаваць усім работнікам тэрытарыяльнага цэнтра. Самае галоўнае для нас —  каб усе паслугі былі даступнымі і дайшлі да кожнага чалавека, які мае ў іх патрэбу. А ў планах – пашырэнне паслуг па надомнаму абслугоўванню, а таксама стварэнне пунктаў сацыяльнага абслугоўвання на тэрыторыі раёна. Пятнаццатага снежня ў Гервятах быў адкрыты першы такі сацыяльны пункт, у 2011 годзе плануецца адкрыць яшчэ некалькі.


Вольга ШОЎКУН.