5 студзеня адзначаецца Дзень работнікаў сацыяльнай абароны

16:35 / 05.01.2011

Калі вы трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю – напаткала хвароба, страцілі карміцеля ці перажываеце вялікія матэрыяльныя цяжкасці, засталіся без работы – вы заўсёды можаце звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, дзе вам акажуць кваліфікаваную дапамогу. Работнікі сацыяльнай абароны – прадстаўнікі адной з самых высакародных прафесій, бо яны нясуць людзям дабро і працягваюць руку дапамогі кожнаму, хто не мае сіл пераскочыць з працяглай чорнай палоскі жыцця на белую.





Аб арганізацыі сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва, якая з’яўляецца прыярытэтным накірункам работы мясцовай улады, нам расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Часлава Эдвардаўна Кандратовіч.


 – Як даўно вы ўзначальваеце ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва? Што змянілася за гэтыя гады?
– Я ўзначальваю ўпраўленне з 1982 года. За гэтыя гады шмат чаго змянілася. У работнікаў упраўлення з’явілася значна больш абавязкаў, хаця саміх супрацоўнікаў непабольшала.  Мы сталі займацца і аховай працы, і пытаннямі занятасці насельніцтва. Адбыліся змяненні ў налічэннях пенсіі. Так, сёння ўпраўленне налічвае пенсію за любыя 17 гадоў запар з апошніх 27 гадоў працы.
 З’явілася адрасная дапамога — а гэта значыць, што любы чалавек, які трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, можа прыйсці да нас і атрымаць дапамогу. І калі раней адным з нашых галоўных абавязкаў было забяспечыць годнае жыццё ветэранам вайны, то зараз да гэтай катэгорыі людзей дабавіліся яшчэ і адзінокія, пажылыя, а таксама людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Усе гэтыя сацыяльна неабаронеыя слаі насельніцтва маюць патрэбу ў нашай падтрымцы.
 Значна палепшыліся  ўмовы працы работнікаў. У мінулым годзе  завяршыўся рамонт будынка і сёння мы працуем у сучасным утульным памяшканні, за што хацелася б падзякаваць старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку, які ніколі не пакідаў нас, работнікаў сацыяльнай сферы, без увагі.
– Напярэдадні прафесійнага свята звычайна падводзяць вынікі мінулага года. А якім ён быў для вашай арганізацыі?
– У 2010 годзе галоўным накірункам работы органаў сацыяльнай абароны стала выкананне Указа Прэзідэнта “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе”.  Аднаразовыя і штомесячныя дапамогі атрымалі 651 чалавек на суму 204,1 мільёна рублёў. Акрамя таго, інваліды 3 групы і дзеці да 18 гадоў, якія маюць патрэбу ў сродках рэабілітацыі, упершыню мелі магчымасць атрымаць дапамогу ў выглядзе аплаты гэтых сродкаў (пратэзаў, слыхавых апаратаў, артапедычнага абутку, сродкаў рэабілітацыі хворых на цукровы дыябет і іншых). 50 сродкаў рэабілітацыі на суму 11,3 мільёна рублёў атрымалі 32 чалавекі.
Бясплатнае харчаванне для дзяцей першых двух гадоў прызначана 333 малышам на суму 420 мільёнаў рублёў. Са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны 137 пажылых людзей атрымалі аднаразовую дапамогу на суму 15,5 мільёна рублёў.
Вялікая работа праведзена органамі сацыяльнай абароны да 65-годдзя Перамогі. Комплексна абследавана матэрыяльна-бытавое становішча ветэранаў вайны, адзінокіх пажылых людзей і распрацаваны шэраг мерапрыемстваў для задавальнення іх патрэб. У 2010 годзе па выніках праведзеных абследаванняў умоў жыцця ветэранам вайны аказана матэрыяльная дапамога на суму 25,9 мільёна рублёў.





Вельмі добра папрацавала ў гэтым годзе служба занятасці. На пастаянную работу працаўладкаваны 600 чалавек. У якасці альтэрнатывы пастаяннай работы служба занятасці прапаноўвае паўдзельнічаць у аплачваемых грамадскіх работах, як правіла, сельскагаспадарчых. У 2010 годзе ў грамадскіх работах прынялі ўдзел 400 чалавек. Акрамя таго, арганізавана прафесіянальнае навучанне беспрацоўных грамадзян. Так, у адышоўшым годзе 75 чалавек былі накіраваны на навучанне і атрымалі прафесіі, запатрабаваныя на рынку працы. А 7 беспрацоўных атрымалі бязвыплатную субсідыю ў памеры 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва для адкрыцця прадпрымальніцкай дзейнасці.  
– А ўвогуле з якімі праблемамі да вас можна звярнуцца?
– Наша ўпраўленне ў раёне з’яўляецца каардынатарам рэалізацыі шэрагу дзяржаўных праграм: па праблемах пажылых і адзінокіх людзей, інваліднасці, занятасці насельніцтва, безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ахове працы. Увогуле органам сацыяльнай абароны даводзіцца займацца самымі рознымі праблемамі чалавека ад яго нараджэння і да смерці – гэта дапамога пры нараджэнні дзіцяці і па догляду яго, бясплатнае харчаванне для дзяцей 1-2 гадоў, адрасная дапамога тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, працаўладкаванне, пенсіённае забеспячэнне, выплата дапамог на набыццё сродкаў рэабілітацыі, на пахаванне пенсіянераў і непрацуючых грамадзян.
Прыярытэтным накірункам работы з’яўляецца пенсіённае забеспячэнне — ім ахоплена трэцяя частка насельніцтва раёна. Штогод на заслужаны адпачынак выходзяць каля 400 чалавек. Усе пенсіі выплачваюцца своечасова, а іх памеры залежаць ад укладу кожнага чалавека ў працоўнае жыццё. Работнікі сацыяльнай абароны вельмі ўважліва падыходзяць да збору дакументаў для налічэння пенсій, бо разумеюць, што для пажылога чалавека дарагая кожная капеечка.  За апошнія пяць гадоў праведзена 11 буйных пераразлікаў пенсій, у тым ліку два пераразлікі за 2010 год. Сёння яе сярэдні памер у раёне складае 542,7 тысячы рублёў.  Безумоўна, сума гэтая невялікая, але выплачваецца яна своечасова  і не адзін пенсіянер не застаіцца без сродкаў. Да таго ж, сярод краін СНД у нас самы нізкі пенсіённы ўзрост, і ў бліжэйшы час павялічваць яго не збіраюцца. 
Акрамя таго, да нас звяртаюцца і з такімі пытаннямі, як садзейнічанне ў нарыхтоўцы бульбы на зіму, рамонце печак, у замацаванні сацыяльнага работніка, нарыхтоўцы паліва. А часам людзям проста не хапае добрага слова, увагі —асабліва гэта тычыцца пенсіянераў.
– І якімі якасцямі павінен валодаць работнік сацыяльнай абароны?
– У характары павінны пераважаць такія якасці, як міласэрнасць і ласка. Калі няма ў сэрцы дабра, то ў нас працаваць не будзеш.
– А чаму сацыяльнымі работнікамі працуюць у асноўным жанчыны?
– Канешне, мужчыны могуць выконваць цяжкую фізічную працу, але пажылым людзям усё ж неабходна больш тонкая ўвага, якую можа даць толькі жанчына. Жанчына мяккая, ласкавая, яна стварае ў доме ўтульнасць і цяпло. У рэшце рэшт,  жанчына прыгатуе ежу, памые бялізну, прыбярэцца ў хаце.





– Давайце па традыцыі ўзгадаем лепшых работнікаў?
– Калектыў наш складаецца з 15 чалавек і хацелася б ўсім падзякаваць за самаадданую і шчырую працу. А асабліва хацелася б адзначыць В.І. Карпіцкую, Н.І. Локцеву, С.У. Родзь, І.Я. Урбановіч, Г.К. Мілейша – вопытныя спецыялісты, якія працуюць ва ўпраўленні каля 20 гадоў. Слоў удзячнасці заслугоўваюць і маладыя работнікі, якія беражліва ставяцца да таго вопыту, што назапасілі і перадалі ім настаўнікі – гэта А.С. Дукевіч, І.І. Ляўкоўская, А.У. Пятровіч, В.Р. Шлыковіч.
– Што пажадаеце работнікам арганізацыі з нагоды свята?
– У першую чаргу хачу пажадаць доўгіх гадоў жыцця нашым ветэранам Л.С. Бандарык, З.А. Ражко, Т.С. Тамашэвіч, І.Ю. Іваніцкай, Ю.Э. Праўко і многім іншым. Работнікам арганаў сацыяльнай абароны жадаю міра, дабра, цярплівасці, удачы ва ўсёй нашай нялёгкай працы. А пажылым людзям – здароўя і ніколі не быць абузай для сваіх дзяцей.
– Дзякуй за гутарку!


Вольга ШОЎКУН.