Дабрачынная навагодняя ёлка прайшла ў кінаканцэртнай зале "Астравец"

17:20 / 29.12.2010

Ужо стала добрай традыцыяй кожны год арганізоўваць дабрачынную навагоднюю ёлку. 27 снежня кінаканцэртная зала “Астравец” сабрала ў сваіх сценах каля 100 дзетак з Астраўца і раёна, каб падарыць ім незабыўную казку.


Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Астравецкі райвыканкам, Астравецкая раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, аддзел адукацыі, раённая арганізацыя Фонду Міра.
Адкрылі дабрачынную ёлку для дзяцей-інвалідаў і рабят, якія засталіся без апекі бацькоў, намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” В.І. Дземеш, начальнік аддзела адукацыі В.В. Млечка, старшыня раённай арганізацыі Фонду Міра А.С. Сухадольская і загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў І.І. Стэх. Усе госці павіншавалі дзяцей з надыходзячым Новым годам.
А выхаванцы цэнтра пазашкольнай работы падрыхтавалі хлопчыкам і дзяўчынкам цудоўную праграму з песнямі, карагодамі і казкамі. Дзед Мароз са Снягурачкай, якія таксама завіталі на свята, запрасілі малышоў на парад навагодніх касцюмаў, вершаў і песняў. Лісы, ваўкі, дыназаўры, Бэтманы, сняжынкі – якіх касцюмаў толькі не было! Дзеці дэманстравалі свае ўборы і расказвалі навагоднія вершы.


Пасля ранішніка хлопчыкаў і дзяўчынак чакаў салодкі стол, падрыхтаваны раённай арганізацыяй “Белая Русь”. Акрамя таго, усе атрымалі салодкія падарункі, прадастаўленыя аддзелам адукацыі, і сувеніры ад Фонду Міра.
Свята атрымалася! Гарэзлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі вярталіся са свята з радасным настроем!


Вольга ШОЎКУН.