Аб працы ў сацыяльнай абароне ўспамінае Часлава Эдвардаўна Кандратовіч

11:43 / 05.01.2019
1559
5 студзеня 1919 года пастановай Часовага працоўна-сялянскага ўрада Беларусі быў створаны Народны Камісарыят сацыяльнага забеспячэння, якому даручылі работу па сацыяльнай падтрымцы насельніцтва. З гэтага часу ў рэспубліцы пачала дзейнічаць дзяржаўная сістэма сацыяльнай абароны.

Органам сацыяльнай абароны сёння спаўняецца 100 гадоў. За гэты час неаднойчы змяняліся яе назва і струк­тура, але прызначэнне заставалася ранейшым – дапамагаць людзям. 
   Менавіта гэтай справе трыццаць гадоў жыцця прысвя­ціла Часлава Эдвардаўна Кандратовіч.

IMG_1602.jpgУзнагароды
Нагрудны знак «Выдатнік сацыяльнай абароны Рэс­пуб­­­­лікі Беларусь»;

Медалі «65 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»; «60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх  захопнікаў».

Памятны нагрудны знак «За дапамогу і падтрым­ку» Беларускага рэспублі­канскага фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне».

– Як лічыце, што прывяло вас у аддзел сацыяльнай абароны: лёс, выпадковасць ці збег абставін?
– Думаю, лёс. У дзяцінстве я марыла пра зусім іншую прафесію – падабалася медыцына. Але нас у бацькоў было трое, я – самая малодшая. Калі заканчвала школу, старэйшая сястра ўжо вучылася ў Вільнюскім універсітэце. Вучыць дваіх студэнтак бацькам было не пад сілу, ды яшчэ тата хварэў. Таму пасля заканчэння Варнянскай сярэдняй школы я пайшла працаваць машыністкай у райкам камсамола. Пасля мяне перавялі ў райкам партыі, дзе працавала машыністкай, тэхнічным сакратаром, інструктарам аргаддзела. У гэты ж час паступіла на завочнае аддзяленне Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута на філалагічны факультэт. 

А затым лёс вырашыў крута змяніць  маю сцежку жыцця: мяне рэкамендавалі на пасаду загадчыка раённага аддзела сацыяльнага забеспячэння. І затрымалася я на гэтай пасадзе трыццаць гадоў… 

– Не боязна было ўзначальваць цэлы аддзел?
– Канешне, боязна – мне яшчэ і трыццаці не было, а тут такая адказнасць. Больш за ўсё непакоіла, што не было вопыту работы ў гэтай сферы. Прыходзіць чалавек за парадай – а я ні адказаць, ні дапамагчы не магу. Давялося асвойваць работу з нуля. У гэтым мне вельмі дапамагла Рэгіна Іосіфаўна Ляшнеўская, якая працавала інспектарам у нашым аддзеле.  Яе ўжо няма ў жывых, але і сёння я ўдзячна ёй за навуку і маральную падтрымку. Для таго, каб унікнуць ва ўсе нюансы работы, мне давялося самастойна налічыць некалькі пенсій. Затое пасля такого «баявога хрышчэння» працаваць стала значна лягчэй.

– Што ўваходзіла ў вашы абавязкі?
– Трэба было арганізаваць і кантраляваць работу аддзела. Мы працавалі з грашыма, а гэта вельмі адказна. Усе налічэнні і выплаты пенсій рабілі ўручную  – пра камп’ютары ў пачатку 80-х ніхто нават не чуў. Толькі ў 1990 годзе ў нашым аддзеле з’явіўся камп’ютар – першы ў вобласці. Аднак ён прастаяў амаль чатыры гады незапатрабаваным – не было спецыяліста, які б мог на ім працаваць.

Акрамя таго, мы займаліся абследваннем сем’яў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, сем’яў загінуўшых у час вайны воінаў і партызан – тады іх у раёне было каля 800; устанаўлівалі стаж работы людзей – часам для гэтага трэба было падымаць дзясяткі дакументаў з архіваў; адказвалі на звароты, скаргі, заявы – пералічваць абавязкі можна доўга, тым больш, што з гадамі функцыі аддзела пашыраліся.

фото001.jpg

Будынак былога аддзела сацыяльнай абароны па вул. Набярэжнай

– Што было самым складаным, а што – найбольш цікавым? 
– Часцей за ўсё складанае цесна перапляталася з цікавым. (Усміхаецца) Напачатку маёй работы ў аддзеле не было транспарту. Куды было магчыма, дабіраліся на аўтобусах, а куды немагчыма – на конях. І няважна: дождж, мароз ці мяцеліца – садзіліся ў  воз ці ў сані і ехалі. Цяпер здаецца – экстрым, а тады – нармальна.
Асаблівай старонкай была работа з вязнямі канцэнтрацыйных лагераў. Людзі, якіх лічылі ворагамі, здраднікамі і якія доўгі час жылі ў страху, нарэшце змаглі атрымаць надбаўку да пенсіі, кампенсацыю за свае пакуты. Мы падымалі архівы, пасылалі запыты ў розныя інстанцыі, напраўлялі дакументы ў Германію – была зроблена вялізная работа. Калі пасля ў аддзел прыходзілі былыя вязні і мы бачылі іх вочы – тыя эмоцыі, што ў іх свяціліся, немагчыма пераказаць словамі. Гэта была радасць не столькі ад атрыманай кампенсацыі, колькі ад усведамлення, што цяпер можна спакойна жыць.

– Вы амаль трэць стагоддзя ўзначальвалі аддзел сацыяльнай абароны  раёна. У чым сакрэт такой адданасці рабоце?
– Няма ніякага сакрэту – мне гэта падабалася. Канешне, не абыходзілася без цяжкасцей: стамлялася фізічна, а яшчэ больш – псіхалагічна. Аднак у такія моманты надзейнай апорай была сям’я: любоў, цяпло і падтрымка родных вярталі мне сілы. 
А работа падабалася тым, што мы дапамагалі людзям. Прыйдзе да мяне, здаралася, старэйшы чалавек  і расказвае пра сваё цяжкае жыццё: як хадзілі ў плузе замест каня, як галадалі ў пасляваенныя гады, як працавалі ў калгасе за «палачкі» – а пенсію зараз атрымлівае мінімальную. І мы зноў падымалі дакументы, адпраўлялі запыты ў архівы, апытвалі сведкаў – рабілі ўсё, каб правільна налічыць пенсію, нічога не ўпусціць, бо гэтыя грошы чалавека – адзіны даход, на які яму трэба купіць лекі і ўсё неабходнае для жыцця. А часам дастаткова было проста выслухаць, усміхнуцца яму, падтрымаць маральна – і чалавек выходзіў з аддзела зусім у дру­гім настроі. Міласэрнасць, спа­гадлівасць і добрасумленнасць – вось асноўныя якасці работ­ніка сацыяльнай абароны. Побач са мной працавалі менавіта такія людзі – каб пералічыць усе прозвішчы, не хопіць  газетнай старонкі, таму проста яшчэ раз дзякую ім  усім за адказную і добрую працу. 

– Што пажадаеце калегам з нагоды 100-годдзя сацыяльнай абароны?
– Здароўя, дабрабыту, поспе­хаў, добрага настрою, веры, надзеі і любові. І няхай наша родная Беларусь кожную раніцу сустракае ў міры і згодзе. 


Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений