Акцыя “Наш жывёлавод” распачалася з “Міхалішак”

14:04 / 03.01.2019
904

Штогод падчас зімне-стойлавага перыяду райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць акцыю “Наш жывёлавод”, падчас якой лепшыя даяркі, даглядчыкі, цялятніцы атрымліваюць падарункі за старанную працу.

Сёлета ўшанаванне лепшых жывёлаводаў распачалося з КСУП “Міхалішкі”.

– Асноўная задача акцыі – не толькі адзначыць работу лепшых працаўнікоў жывёлагадоўлі, але і сустрэцца з калектывамі, паглядзець, у якіх умовах яны працуюць, ці забяспечаны спецадзеннем, – расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула. – У межах акцыі плануем наведаць большасць малочна-таварных комплексаў і ферм раёна.

IMG_9878.jpg

***

Больш за 10 гадоў на ферме “Міхалішкі” працуе Уладзімір Бародка.

– Даглядаю 150 цялят, – расказвае мужчына. – Маленькіх два разы на дзень выпойваю цёплым пастэрызаваным малаком, большым раскладваю сена, сянаж. Цяляткі добра растуць і набіраюць вагу, калі накормленыя і ў клетках суха.

Бародка.jpg

***

Жывёлавод МТФ “Супраненты” Фёдар Алексеявец – з прыезджых. Мужчына нарадзіўся і доўгі час жыў на Украіне. Ездзіў на заробкі ў Расію, Беларусь.

– Калі працаваў на Астравеччыне, пазнаёміўся з Валяй, распісаліся і сталі жыць. Цялушак даглядаем разам, – расказвае мужчына. – У залежнасці ад узросту яны разбіты на групы. Усяго на ферме ўтрымліваецца 187 цялушак.

Алексеявец.jpg

***

На МТФ “Страча” была адзначана работа аднаго з самых “узроставых” – па стажы работніка – аператара даільнай устаноўкі Станіслава Сялевіча.

– У гаспадарцы працую з 1992 года, – расказвае мужчына. – Спачатку быў у працоўнай брыгадзе, а потым перайшоў на ферму. Малакаправод на ферме не новы, таму яго часта даводзіцца рамантаваць. Нічога – спраўляюся!

На ферме “Страча” ў наш прыезд было чыста, але холадна: бытавое памяшканне, дзе даяркі і іншыя работнікі фермы могуць адпачыць, не ацяпляецца. Юрый Аляксандравіч Адула паабяцаў вырашыць гэта пытанне.

***

Падзячныя лісты і падарункі атрымалі таксама Марына Чайкоўская з фермы “Ласі” і Леакадзія Боўша з комплекса “Маркуны”.



Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений