Артур Свило держит руку на пульсе всей энергосистемы района

13:02 / 22.12.2018
1233
Адным з тых, каму кіраўніцтва Астравецкага РЭС можа даверыць самую важную і складаную работу,  з’яўляецца начальнік дыспетчарскай групы Артур Свіла. 

IMG_5841.jpg



Кароткая даведка
Скончыў Мінскі энергакаледж, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт  па спецыяльнасці «Электрычныя сеткі і сістэмы». 
Агульны стаж работы ў энергетыцы – 12 гадоў.
У Астравецкім РЭС працуе з 2010 года, начальнікам дыспетчарскай групы – 4 гады.


 У  родны Астравецкі раён Артур вяр­нуўся з Карэліч, куды яго накіравалі пасля заканчэння каледжа.

– Чаму папрасіўся ў Астравец? – пера­пытвае мужчына. – Хацеў быць бліжэй да дому. Ні аб якіх перспектывах уладкавацца на «атамку» – мог бы  і туды накіраваць рэзюмэ, спецыяльнасць дазваляла – і размовы не было, ды і пра яе будаўніцтва ў нашым раёне тады толькі чуткі хадзілі. Я хацеў працаваць менавіта ў РЭСе – і ні разу не думаў змяніць гэтую арганізацыю на іншую. 
Першыя чатыры гады працы ў Астравецкім раёне электрычных сетак Артур Свіла працаваў майстрам лінейнага ўчастка ў Падольцах: раман­таваў лініі электраперадачы, мяняў састарэлыя комплексныя трансфарматарныя падстанцыі на больш надзейныя, сучасныя…

– Работа майстра адрозні­ваецца ад дыспетчарскай, – расказвае Артур. – Галоўная задача дыспетчарскай службы – бесперабойнае забеспячэнне аб’ек­таў раёна электраэнергіяй, а мая –  арга­нізацыя самай на­дзейнай для гэтага схемы, яе кантроль. 

На вялізным, ад столі да падлогі, мнемашчыце, які займае ў дыспетчарскай дзве сцяны, змешчана структурная схема электрасеткі напружаннем у 10 000 вольт. З яго дапамогай можна кантраляваць правядзенне рамонтных работ без адключэння вялікай колькасці электраспажыўцоў. 

У падначаленні Артура Свілы 14 чалавек: дыспетчары, якія займаюцца ўпраўленнем  работы электрасетак, тэлефоннымі перамовамі, аператыўным пераключэннем і кантролем работ на выездзе, і аператыўна-выязныя брыгады, якія выконваюць пераключэнні і адключэнні энергіі. Усе работнікі аператыўнай дыспетчарскай службы раз у два гады праходзяць спецыяльныя псіхалагічныя тэсты, па выніках якіх вызначаецца іх прафесійная прыгоднасць. Працуе аператыўная служба ў дзве змены без выхадных. 

12.jpg

– Розныя званкі ў нашу службу бываюць, – расказвае начальнік службы. – Часцей, канешне, тэлефануюць з пытаннем, чаму прапала святло або з паведамленнем аб гэтым. У першым выпадку стараемся разабрацца, што здарылася, ці тлумачым прычыну адключэння. У другім – дзякуем за званок, таму што мы не можам убачыць адключэння кожнага аўтаматычнага выключальніка на асобна ўзятай вуліцы і даведваемся пра гэта менавіта ад людзей. Пра планавае адключэнне электраэнергіі можам паведаміць праз СМС.

Быць дыспетчарам – справа не з лёгкіх. Акрамя ўмення адказваць на тэлефонныя званкі і ведаць інструкцыі, ён павінен разумець тэхнічную частку работы манцёра. Таму амаль усе дыспетчары Астравецкага РЭС прыйшлі на сваё месца з добрым практычным вопытам. 

Сакрэты прафесіі

* Ніякую работу на электрычных лініях немагчыма весці пад напружаннем, таму, як гэта ні парадаксальна, каб у дамах людзей заўсёды было святло, яго час ад часу неабходна адключаць «на рамонт».
* Каб планава адключыць электра­энергію, трэба пацікавіцца прагнозам надвор’я: у моцныя маразы нават запланаваныя работы пераносяцца.
* У мароз да мінус дзесяці градусаў адключэння электрычнасці на адну-дзве гадзіны баяцца  не варта: за гэты час катлы не паспеюць «размарозіцца», а халадзільнікі – «паплыць».
* Пры аварыйным адключэнні большая частка спажыўцоў будзе падключана да рэзервовай крыніцы сілкавання.
* Каб «пусціць» па правадах электраэнергію, недастаткова на­ціснуць кнопку выключальніка – трэба выехаць на месца адключэння, раззямліць лінію, па-новаму скласці схему – і толькі потым падаць напружанне.

– Я, як і ўсё кіраўніцтва РЭСа, заў­сёды «на сувязі», – гаворыць начальнік аператыўнай дыспетчарскай службы. – Калі здараецца непрадбачаная сітуацыя, без уздыхаў і скрыгатання зубамі ў выхадны дзень іду на работу – праблему пры любым раскла­дзе трэба вырашаць як мага хутчэй. Набліжаюцца навагоднія святы – спадзяюся, што яны пройдуць без форс-мажорных абставін. А калі не дай бог што, то наша служба заўсёды трымае руку на тэлефоне.


Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений