22 декабря профессиональный праздник отмечают островецкие энергетики

12:25 / 22.12.2018
1426
У астравецкіх энергетыкаў зімовыя святы пачынаюцца раней, чым у нас з вамі, а дакладней – 22 снежня, калі адзначаецца іх прафесійнае свята.

Аб тым, як прайшоў 2018 год у працаўнікоў Астравецкага РЭС і з якім настроем яны падыходзяць да года 2019-га, мы распыталі ў начальніка раёна электрычных сетак Алега Альфрэдавіча Калесніка.

IMG_5837.jpg

– Алег Альфрэдавіч, раскажыце, як у 2018-ым працавалася астравецкім энергетыкам?

– Нягледзячы на тое што ў наша жыццё ўваходзяць новыя віды энергіі, значэнне электрычнай не зніжаецца. Таму працавалі мы ў гэтым годзе, як, зрэшты, і заўсёды, плённа і актыўна. 
Усе рэгламентныя работы, запланаваныя на 2018 год, выканалі  – капітальныя рамонты, тэхнічнае абслугоўванне ліній электраперадачы і падстанцый і іншыя. 

Актыўна працавалі – і будзем працягваць гэту работу – з леснікамі: у лясах замянілі  каля 9 кіламетраў маральна састарэлага электрапровада на сучасны ізаляваны. Гэта павышае надзейнасць электрычных сетак пры ўздзеянні на іх прыроднай стыхіі. 
Для форс-мажорных абставін наш РЭС набыў новы перасоўны дызель-генератар на 250 кВт.  

– Наш Астравец пры­к­метна вырас. Ці пры­бавілася святла на га­радскіх вуліцах?
– У гэтым годзе завершана рэканструкцыя вуліц Каліноўскага, Партызанскай, Заходняй: заменена 5,5 кіламетраў ліній, якія былі пабудаваны там яшчэ ў 70-я гады і даўно патрабавалі рамонту. Там з’явіліся і сучасныя святлодыёдныя лямпы – стала святлей і ўтульней. 
Былі заменены і кабельныя ўчасткі на трох лініях астравецкай падстанцыі. Трэба адзначыць, што ў горадзе працаваць вельмі складана: шмат  інжынер­ных сетак, камунікацый і іх перакрыжаванняў, якія можна пашкодзіць. 

IMG_4392.jpg

На вуліцы Кастрычніцкай  устанавілі сучасную элект­рычную падстанцыю, а замест старых электрычных апор, якія перашкаджалі расшырэнню праезджай часткі, з’явіліся новыя. Гэта частка электрычных ліній з паветраных у хуткім часе будзе пераведзена на кабельныя. Да таго ж новая падстанцыя дазволіла «падсілкаваць» мікрараён вуліц Маркава-Гагарына, што «сядзелі» на тупіковай лініі, якую неабходна было адключаць, каб правесці прафілактычныя работы. Мы закальцавалі кабельнай сеткай гэты раён з новай падстанцыяй, і цяпер пры адключэнні электраэнергіі яго жыхары  не застануцца без святла. У перспектыве заменім і іншыя падстанцыі, якія ўстаноўлены ў гэтым мікрараёне. 

– Ці мае Астравецкі РЭС дачыненне да аб’ек­таў  дзяржаўнай ін­вест­праграмы?
– За 2018 год у цэнтральнай частцы горада было ўзведзена 6 трансфарматарных падстанцый, якія будуць далучаны да нашых сетак; да пабудаваных аб’ектаў пакладзена  15 кіламетраў кабельных ліній на 10 кілавольт – і гэта нямала, ні ў адным раёне вобласці і нават рэспублікі сёння не пракладваецца столькі электрычных сетак.

У 2018 годзе ў раёне адрамантавана каля 114 кіламетраў ліній з напружаннем 10 кілавольт, да 1 000 вольт – 86 кіламетраў, адрамантавана 103 падстанцыі.


IMG_0010.jpg


Рэкамендуем

Падключыце СМС-аб­вес­тку пра планавыя ад­ключэнні электраэнергіі. Каб трапіць у базу на яе атрыманне, трэба патэлефанаваць у РЭС, паведаміць нумар мабільнага тэлефона або праінфармаваць, калі нумар змяніўся.– Як складваецца сі­ту­ацыя з асвятленнем сельскай мясцовасці? 
– Дзякуючы дзяржпраг­раме «Камфортнае жыллё», мы вырашылі «элект­рычнае» пытанне ў Спондах, дзе пабудавалі новую лінію электраперадач і ўстанавілі святлодыёдныя свяцільнікі. Прыйшло «новае» святло і ў цэнтральную частку Гервят. Цяпер каля касцёла Святой Тройцы заўсёды светла. 
У раёне было заменена 25 электрычных скрынь, якія адказваюць за работу вулічных ліхтароў у некаторых  аграгарадках. Цяпер, калі яны патухнуць, туды не трэба адпраўляць рамонтную брыгаду: майстар са свайго рабочага месца можа «запаліць» святло, што эканоміць і час, і сродкі. 

– Галоўны рухавік любой справы – людзі. Што вы можаце сказаць пра сваіх падначаленых?
– Лічу, што энергетыка – гэта прызванне. Выбіраюць гэтую прафесію толькі тыя, хто добра разумее ўсю адказнасць і рызыку і згодны на напружаны рэжым працы круглы год. У нашым калектыве працуе шмат высакакласных спецыялістаў, сярод якіх начальнік дыспетчарскай службы Артур Свіла, майстар Падольскага ўчастка Рубэн Гукасаў, майстар другой гарадской лінейнай брыгады Яўген Радзюш, майстар па абслугоўванню вулічнага асвятлення Сяргей Гаральскі. Напярэдад­ні Дня энергетыка хочацца ўспомніць імёны тых, хто стаяў ля вытокаў станаўлення астравецкага «святла»: Г.С. Лаздоўскі, А.В. Аўдзееў, В.І. Каз­лоў­скі, В.Я. Мікліс, В.І. На­лівайка.  

Віншавальная паштоўка
Паважаныя калегі і ветэраны энергетычнай галіны!

Самае каштоўнае ў на­шым жыцці – гэта здароўе. Беражыце сябе і памятайце, наколькі высокі кошт любой памылкі ў нашай справе.  Жадаю вам бяспечнай і безаварый­най работы, прафесійнага і асабістага росту, ба­дзёрасці духу і доб­рага настрою. Упэўнены, што ўласцівая нашаму калектыву дысцыпліна і высокі ўзровень адказнасці да­зволяць і надалей паспяхова спраўляцца з па­стаў­ленымі задачамі.
Са святам!

А.А. Калеснік, начальнік раёна 
электрычных сетак.




Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович, Антон Мальшевский
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений