З Караганды ў Беларусь: лёс Алены Чарняўскай

07:30 / 21.12.2018
1153
Нездарма кажуць, што шляхі гасподнія неспавядальныя: не ўгадаеш, куды, у якую кропку планеты, цябе закіне свавольнік-лёс. 

Гэта цяпер Алена Мацею­саўна Чарняўская працуе даяркай на малочна-таварным комплексе «Рытань» – а ка­лісь­ці жанчына была адным з лепшых кандытараў у Карагандзе: жыла ў цэнтры горада, а з жывёлы ў яе была толькі кошка.

4.jpg

– На Астравеччыну нас «перацягнула» свякроўка. Родам яна з Астравеччыны, з Вялікага Сяла, але ўсё жыццё пражыла ў Казахстане, толькі пад старасць на радзіму вярнулася, – расказвае жанчына. – Пачалася перабудова, сталі закрывацца прадпрыемствы. Мужа скарацілі, штат кандытарскага цэха, дзе я працавала, таксама пачалі «рэзаць». Адчувала: дзень, два, тыдзень – і я застануся без работы. 
За магчымасць пераехаць у Беларусь яны з мужам ухапіліся, як за выратавальную саломінку…
Чарняўскія за капейкі пра­далі кватэру ў цэнтры Ка­ра­ганды, распрадалі маёмасць… Усё нажытае за гады сумеснага жыцця змясцілася ў адну торбачку.

– Ці было страшна? – перапытвае жанчына. – Канешне! У Карагандзе наладжаны быт, родныя, блізкія. А я ехала ў чужую краіну. Не ведала, дзе заўтра буду спаць і што есці – гэта палохала.

Беларусь сустрэла Чарняў­скіх бязмежнымі збожжавымі палямі, густымі лясамі і блакітам азёраў і рэк.
– Прырода ў Карагандзе вельмі адрозніваецца ад беларускай: суцэльны стэп, горы, а ноччу холадна, – працягвае жанчына. – У Беларусі я ўпершыню ў жыцці ўбачыла расу – думала, што гэта дождж прайшоў. 

IMG_8899.jpg

Наперадзе Алену Мацею­саўну чакала яшчэ шмат адкрыццяў…
Сядзець на шыі ў свекрыві жанчыне не дазваляла сумленне і яна, гараджанка, якая бачыла кароў ды авечак толькі на малюнках, пайшла працаваць у калгас.

– Сама здзіўляюся, як дала ўсяму рады. Навучылася і кароў даіць, і ацёлы прымаць, – гаворыць жанчына. 
Калісьці ў калгасе 50-годдзя ВЛКСМ адным з накірункаў работы была авечкагадоўля. Напачатку 2000-х тагачасны старшыня СВК «Страча» Валерый Руновіч вырашыў аднавіць старую добрую справу. У Ляхавіцкім раёне закупілі шэсць авечак, якіх разам з мужам у Вя­лікім Сяле  даглядала Алена Мацеюсаўна. 

– Потым мы перабраліся ў Рытань – тут нам выдзелі жыллё. У саўгасе муж працуе ў будаўнічай брыгадзе, я – даяркай на комплексе, – расказвае жанчына. 

У групу да Алены Ма­цею­саўны трапляюць хворыя і новацельныя каровы – іх на комплексе дояць асобна ад асноўнага малочнага статка.
– Хворую жывёлу можна па вачах пазнаць: стаіць сумная, нібы галаву ў ваду апусціўшы, – гаворыць даярка. – Масцітныя брыкаюцца – саскі баляць. 
Алена Чарняўская, хоць нарадзілася і вырасла ў горадзе, лічыць сябе вясковай – яна не ўяўляе свайго жыцця без агароду, любіміцы каровы Іскры і росных ранкаў. 
А неабсяжны стэп жанчыне толькі сніцца…

Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений