Раённы семінар прысвяцілі зімоўцы жывёлы на комплексах і фермах

11:59 / 19.12.2018

Напрыканцы мінулага тыдня на Астравеччыне прайшоў раённы семінар, падчас якога абмяркоўвалі пытанні зімне-стойлавага ўтрымання жывёлы, якасці малака і невытворчага выбыцця жывёлы.

IMG_6342.jpg

Падобныя семінары для спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны раёна праходзяць рэгулярна. Па запрашэнні ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання ў наш раён не раз прыязджалі спецыялісты Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза, якія дзяліліся са спецыялістамі раённай жывёлагадоўлі нюансамі тэхналогіі вырошчвання цялят, павелічэння надояў. Тым не менш не ва ўсіх гаспадарках прыслухоўваюцца да парад спецыялістаў і выконваюць іх рэкамендацыі.

Так, за 11 месяцаў бягучага года валавы надой склаў крыху больш за 52 тысячы  тон малака – гэта 95,6% да 2017 года. На ўзровень мінулага года не выйшлі дзве гаспадаркі: КСУП “Варняны (77,7%) і КСУП “Міхалішкі” (90,3%).

Па гэтай прычыне семінар было вырашана правесці ў форме ўзаемаправеркі, каб гаспадаркі маглі і сябе паказаць, і ў іншых павучыцца. Да слова, жывёлагадоўчыя аб’ёкты для наведвання выбіраліся па ходу семінара.

– Такое ўражанне, што на вынік працуюць толькі ў КСУП “Гудагай”. Астатнія чакаюць невядома чаго: грошай, саляркі, – напачатку семінара сказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслан Сачко. – Пакуль не навучыцеся лічыць грошы, ніхто вам не дапаможа.

Напрыклад, усё малако на перапрацоўчыя прадпрыемствы КСУП “Міхалішкі” пастаўляе першым гатункам – і на кожнай здадзенай тоне страчвае 132 рублі. Парушэнне тэхналогіі ўтрымання жывёлы і яе кармлення, працэсу дойкі прыводзяць да таго, што пра найбольш прыбытковы гатунак малака – экстра – даводзіцца толькі марыць.

IMG_6356.jpg

Пасля абмеркавання надзённых праблем у жывёлагадоўлі, удзельнікаў семінара чакаў аб’езд жывёлагадоўчых аб’ектаў. Яго пачалі з КСУП “Гудагай”, які некалькі гадоў запар лідзіруе ў раённай вытворчасці малака.

На МТК “Германішкі” ў кароўніках пасыпаны жоўты пясок – гэты метад, асабліва ўлічваючы сёлетні дэфіцыт саломы, параіў узяць на ўзбраенне кіраўнікам іншых гаспадарак Руслан Мікалаевіч. Праўда, з агаворкай на тое, што для навацельных і хворых кароў трэба падсцілаць усё ж салому.

На комплексе сёлета з’явіўся сучасны кормараздатчык Siloking, які дазваляе аптымальна збалансаваць рацыён для любых груп жывёлы. З яго работай і пазнаёміліся прысутныя.

 МТК “Германішкі” бадай што адзін з нямногіх комплексаў раёна, дзе работнікі падрыхтаваліся да калядных і навагодніх святаў і ўпрыгожылі памяшканні і тэрыторыю. Да слова, на гэта яны не патрацілі амаль ні капейкі: усе ўпрыгожанні і дэкарацыі зроблены са спадручных матэрыялаў. Ля ўваходу ў малочны блок варту нясе вясёлы снегавік і баба з дзедам, а ў камп’ютарнай “гарыць” камін. Ну і як тут не сфатаграфавацца на памяць?

IMG_6360.jpg

МТК “Кярняны” КСУП “Варняны” па надоях не выйшаў на ўзровень мінулага года, тым не менш захаванасць цялят тут дасягае 100%. Галоўнае – у першыя хвіліны жыцця выпаіць малога малозівам. Відаць, кярнянскія жывёлаводы з гэтай задачай спраўляюцца добра.

IMG_6373.jpg

Акрамя гэтага, удзельнікі семінара пабывалі на МТК “Беразоўка” КСУП “Варняны”, МТК Рытань”, МТФ “Кямелішкі”, РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”, МТК “Маркуны, МТФ “Міхалішкі” КСУП “Міхалішкі”, МТК “Рымдзюны” і МТФ “Сакалойці” КСУП “Гервяты”.

Падвесці вынікі семінара і падзяліцца ўражаннямі ад яго мы папрасілі першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольгу Віктараўну Умрыхіну:

– Для наведвання жывёлагадоўчыя аб’ёкты выбіраліся спантанна, без папярэджвання, каб працаўнікі не паспелі навесці “глянец”. Прыемна было наведаць МТК “Рытань”: там цалкам закладзены сянажна-сіласныя траншэі. Добра падрыхтаваліся ў КСУП “Гервяты”. На жаль, праблемы з кармленнем і ўтрыманнем па-ранейшаму ёсць у “Міхалішках” і “Варнянах”.

Такія семінары-ўзаемаправеркі плануем праводзіць кожны месяц – прынамсі падчас зімне-стойлавага перыяду. Для праверкі будзем выбіраць дзве-тры гаспадаркі, для таго каб наведаць больш жывёлагадоўчых аб’ёктаў.

   IMG_6359.jpg

IMG_6362.jpg

IMG_6366.jpg



Текст:
Фото: Алена Гануліч